Выбрать главу

Калі Міхась прачытаў гэта прастадушнае, шчырае пісьмо, яго адразу кінула ў жар. Нейкі час ён знаходзіўся нібы ў шокавым стане. А калі апрытомнеў, не стрымаўся і заплакаў наўзрыд.

— Што з табою, Асцёрскі? — пыталі і адначасова супакойвалі яго суседзі па нарах.

Міхась нічога нікому не адказваў, а яшчэ мацней плакаў, што з ім рэдка здаралася. Гаварыць ён не мог, а замест гэтага паказваў на пісьмо. Суседзі па нарах здагадаліся, што там нешта страшнае.

І пасля гэтага яны спрабавалі супакойваць яго, але нічога не маглі зрабіць.

Было гэта вераснёўскім вечарам. Потым усю ноч Міхась не спаў, а толькі плакаў. Назаўтра раніцай ён сказаў сябрам, што захварэў і на работу не пойдзе. У медпункт ён не пайшоў: ведаў, што ад такой хваробы ад работы ніхто вызваляць не будзе, бо ні паносу, ні тэмпературы ў яго не было.

Хутка пасля разводу да яго ў барак прыходзіць нарадчык і пытае, чаму ён не ў дэпо, а ў бараку. Міхась сказаў, што ён хворы.

— А вызваленне ад фельчара ёсць? — спытаў той.

— Няма і не будзе,— адказаў Міхась.

— Я цябе, Асцёрскі, не разумею.

— І не зразумееш.

— Ты растлумач мне па-чалавечы, у чым справа?

— Я ў адзін дзень страціў больш за дзесяць блізкіх мне людзей.

— Дзе, якіх людзей?

І Міхасць расказаў яму ўсё па парадку, як чалавеку. Але той не быў чалавекам. Ён палічыў гэта як прычыну сімуляцыі і сабатажу.

— Гэта не прычына,— сказаў ён.— Паміраюць і гінуць не толькі твае сваякі. Амаль кожны з нас панёс такія страты. Дык што ж у такім выпадку — спыніць усё жыццё ў краіне?

— Я так не думаю. Не скажай маіх слоў і не здзекуйся з майго гора. Жывёла і тая ўжо змагла б зразумець, а да цябе ніяк гэта не даходзіць. Як табе не сорамна!

— Ідзі ў дэпо, да свайго станка, па-добраму прашу,— настойваў на сваім нарадчык.

— Я ж табе сказаў, што не магу — кругом хворы.

— Ну, тады я цябе падлячу. Хадзем са мной! — і ён павёў Міхася прама ў кандзей пры вахце.

Роўна суткі праседзеў Міхась у халодным ізалятары. А раніцай наступнага дня да яго прыйшоў той жа нарадчык і аб’явіў:

— Не хацеў працаваць на станку, дык зноў пойдзеш у кузню да Восіпава. Будзеш зноў гуляць з молатам.

— Да станка пайду, а ў кузню не. У мяне зараз няма сілы — я хворы. Ды зразумей жа ты нарэшце, бяздушнае быдла!

— Што ж, пасядзі тут яшчэ дзянёк, можа, і сілы набярэш у гэтых апартаментах на пайцы хлеба ў трыста грамаў і на святой вадзіцы.

— Усё роўна не пайду! — паўтарыў Міхась.

Яшчэ праз суткі да яго зноў звярнуліся з той жа прапановай. І адказ быў той жа самы.

— Ну, пасядзі, пасядзі, набірайся сілы,— здзекаваўся нарадчык.

А на чацвёртыя суткі да яго прыйшоў узброены ахоўнік і скамандаваў ісці з ім у штрафную зону, дзе ў асноўным былі сабраны ўсе тыя, на каго даўно махнулі рукою — самыя адпетыя жулікі, хто не ўяўляў, што такое сапраўдная свабода,— вечныя лагернікі.

  Двайная кара

Насельнікі гэтай зоны будавалі новы горад, які быў запланаваны прыкладна за тры кіламетры ад старога пасёлка.

Праз пасёлак праходзіла вузкакалейная чыгунка, якая пачыналася ў Дудзінцы і заканчвалася ў Вальку. У цэнтры пасёлка знаходзіўся і так званы вакзал гэтай чыгункі. А непадалёку ад яго віднеліся памяшканні двух дэпо: паравознага і вагоннага з усёю іх гаспадаркай. Трохі воддаль ад гэтых няхітрых збудаванняў працавалі ўжо два металургічныя заводы — Вялікі (ВМЗ) і Малы (ММЗ). Цяпер гэта Нікелевы і Медны. А з другога боку працавалі шахты — вугальныя і рудныя. Яны размяшчаліся ў падножжы дзвюх безыменных гор, адну з якіх у народзе празвалі Шміціхай — па імені яе адкрывальніка. На ўсіх гэтых прадпрыемствах, чыгунцы і ў культурных установах у асноўным працавалі зняволеныя. Іх там былі дзесяткі, а можа, сотні тысяч. Іх ніхто ніколі як след не лічыў. Ды і навошта гэта было рабіць? Адпрацуюць, ад’ішачаць сваё гэтыя рабы, складуць свае косці ў вечную мерзлату, замест іх прышлюць другіх. Бо «вярбоўшчыкі» былі надзейныя. Планы свае яны не толькі выконвалі, але і перавыконвалі, за што мелі шчодрыя ўзнагароды.

Вось як выглядаў тагачасны пасёлак Нарыльск. Калі ў першыя гады свайго існавання ён мог задаволіць патрэбы сваіх гаспадароў, то ў далейшым стаў тормазам вялікіх задум. Таму і было вырашана распачаць будаўніцтва новага горада. Падмурак яго закладвалі штрафнікі. Трэба было капаць катлаваны пад грамадскія памяшканні, навуковыя і навучальныя ўстановы і проста пад звычайныя жылыя дамы.