Выбрать главу

У большасці сваёй там былі людзі пісьменныя, з якіх сёй-той ведаў, што ў Крымінальным кодэксе СССР і Кодэксах саюзных рэспублік такіх артыкулаў, як КРА, КРД, АСА, СВА і іншых, няма і быць не магло. Дык хто ж гэта і навошта іх прыдумаў? Каму патрэбна гэта падробка-фальшыўка? Для чаго гэта ўсё рабілася? Так думаў амаль кожны.

— Во каб даведаўся Сталін! — усклікнуў нехта.— Ён бы паказаў гэтым самаўпраўцам — Яжовым!

— А калі ён ужо даўно ведае пра гэта? — азваўся хтосьці.

— Не можа быць! — не згаджаўся той.

— Можа, усё можа быць,— настойваў на сваім другі.

Зняволеныя, пакуль не ведалі, што іх чакае, спадзяваліся на штосьці лепшае, а цяпер іх пачала яшчэ больш есці туга. Некаторыя з іх нават расплакаліся.

— Хлопцы, давайце хоць як-небудзь паголімся, а то мы тут зараслі, як дзікуны,— прапанаваў Міхась, каб неяк развеяць цяжкі настрой.

Неўзабаве нехта знайшоў сталёвую пласцінку, якую добра навастрылі на бруску, што востраць сякеры, і пачалі па чарзе галіцца. Першы «скінуў» сваю пышную бараду Міхась, за ім брыгадзір Канеўскі, а пасля і ўсе астатнія. Падстрыгліся нажніцамі, якія Міхась прынёс з канторы. Вось так і адбылося ўсё адразу: у адзін дзень даведаліся і пра тэрмін незаслужанага пакарання і прывялі да парадку свой чалавечы выгляд — першы раз за паўгода.

  Трэцяя штрафная

Заканчвалася будаўніцтва зямлянак, а разам з ім і лесанарыхтоўчыя работы брыгады. Наогул жа праца ў лесе па нарыхтоўцы будаўнічага матэрыялу не спынялася. Але гэтай справай займаліся іншыя брыгады, тыя, што будавалі баракі і падсобныя памяшканні калоны нумар адзін. Людзі з брыгады Канеўскага з нецярпеннем чакалі, калі іх перавядуць у зробленыя імі зямлянкі. Толькі начальства чамусьці не спяшалася гэтага рабіць. І вось ужо на пачатку сакавіка прыйшоў у лазню памочнік начальніка па працы са спісам у руцэ, дзе значыліся прозвішчы ўсіх членаў брыгады, прачытаў яго і загадаў рыхтавацца ў дарогу.

— Куды гэта вы збіраецеся адпраўляць нас? — спытаўся Міхась, які быў знаёмы з гэтым начальнікам.— Толькі што пабудавалі сабе жыллё — і раптам у паход?

— На трэцюю штрафную,— адказаў той.

— А ў чым мы правініліся, за што нас караеце?

— А вы самі не здагадваецеся?

— Ды для такой здагадкі няма ніякіх падстаў,— азваўся брыгадзір Мікола Канеўскі.

— Калі вы самі не здагадваецеся, дык я вам падкажу. Вы ўсе тут — за палітыку, контрыкі, а гэта значыць — небяспечныя. Ні адміністрацыйных збудаванняў, ні чыгуначных мастоў узводзіць ніхто вам не дазволіць. Вы будзеце толькі дзёўбаць ламамі ды кіркамі скалы і рыдлёўкамі ды тачкамі адсыпаць насып будучага чыгуначнага палатна. Выемкі і кюветы — таксама ваш клопат. А вось гэтыя работы праводзіць менавіта трэцяя штрафная калона. Да гэтага часу там былі толькі крымінальнікі, якія трапілі туды за розныя ўчынкі. А цяпер і вы будзеце дапамагаць ім.

— У чым дапамагаць? Красці і па галовах хадзіць? — кінуў хтосьці рэпліку.

— На месцы будзе відней, дзе трэба лепш прыкласці рукі. Толькі вы там будзеце выконваць канкрэтныя заданні мясцовага начальства,— закончыў памначальніка па працы.

Восьмага сакавіка, у Дзень міжнароднага жаночага свята, брыгаду Канеўскага пагналі, як статак авечак, за пятнаццаць кіламетраў у кірунку мангольскай граніцы — у зону штрафной калоны нумар 3. На месца дабраліся ў той жа дзень. Іх размясцілі ў падрыхтаваныя баракі-палаткі. З таго дня і перастала існаваць брыгада Канеўскага. Рабацяг гэтай былое брыгады рассовалі па розных іншых брыгадах, якія ўжо да гэтага там існавалі і складаліся выключна з адпетых крымінальнікаў-злачынцаў. Рабілася гэта для таго, каб усе брыгады з «дармаедных» маглі спраўляцца з даведзенымі ім планамі. Карацей кажучы, начальства вырашыла зрабіць так, каб кожны сапраўдны рабацяга — «контрык» — працаваў за сябе і за дармаеда-бытавіка — адпетага бандзюгу. Брыгадзірамі прызначалі таксама толькі крымінальнікаў, а працавалі выключна «ворагі народа».

За няпоўны месяц жыцця і працы ў калоне нумар адзін другога аддзялення Южлага брыгада Канеўскага страціла пяць чалавек. Яны сталі аднымі з першых ахвяраў на новых могілках, якія былі замацаваны за новым лагерным лазарэтам. Але гэта былі яшчэ кветачкі, а ягадкі — наперадзе. Там яшчэ можна было цярпець: працавалі і жылі разам, як кажуць, свае людзі. А вось калі гэтых людзей загналі ў адну клетку з адпетымі зладзеямі, рэцыдывістамі, бандзюгамі ды яшчэ і аддалі пад іх уладу, «контрыкі» паступова адзін за адным пачалі адыходзіць у лепшы свет. Першым аддаў богу душу Сцяпан Фядотаў. Напярэдадні яго да паўсмерці збіў брыгадзір-бандзюга за тое, што ён адмовіўся аддаць яму сваю новую куртку. Цэлую ноч ён стагнаў, а раніцай яго знайшлі нежывога на земляной падлозе пад барачнымі нарамі. Да арышту Фядотаў працаваў старшынёй сельсавета паблізу станцыі Сіверскай Ленінградскай вобласці.