Выбрать главу

Смерць Яшы Зайцава і Міколы Царова змяшаліся ў адно непадзельнае цэлае і ляглі на сэрца Міхася цяжкім каменем у апошнія дні яго зняволення.

  Свабода па-сталінску

Вось і надышоў дзень, якога Міхась так чакаў цэлых восем гадоў. Чакаў і не верыў, што дачакаецца. І вось ён, нарэшце, развітаецца з зонай, абнесенай калючым дротам, з узброенай аховай і яе агідным беззаконнем і гвалтам. Цяпер ён будзе вольным чалавекам і грамадзянінам сваёй Айчыны. Як гэта хораша! Як заманліва! Што можа быць вышэй і даражэй за свабоду чалавека? На такое пытанне ніхто не можа адказаць. Свабода — гэта свята, з якім нельга нічога параўнаць на Зямлі.

Раніцай 11 жніўня 1945 года ў барак, у якім жыў Міхась, зайшоў намеснік начальніка калоны па працы і спытаў:

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч ёсць?

— Ёсць,— адказаў Міхась.

— На работу не выходзь.

— Чаму? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.

— Пойдзеш на свабоду,— адказаў той.

— Во пашэнціла чалавеку! — не стрымаўся нехта.

— І табе вось так жа пашэнціць, як прыйдзе твой час,— абарваў хтосьці зайздросніка.

Сябры Міхася па чарзе пачалі віншаваць яго з вызваленнем і прасілі не забываць іх, гаротнікаў.

— Што вы, хлопцы, я заўсёды з вамі. Усё роўна з Нарыльска нікога нікуды не выпускаюць,— адказаў сябрам Міхась.— Я да вас яшчэ прыйду. Як кажуць, расстаёмся ненадоўга.

І ён не памыліўся. Калі Міхася прывялі ў аддзел кадраў (а вялі яшчэ пад канвоем), там сустрэлі яго па-іншаму, чым у зоне.

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч? — для парадку спыталі ў яго.

— Так, я Асцёрскі Міхаіл Раманавіч.

— У сувязі з заканчэннем тэрміну зняволення вы вызваляецеся з Нарыльска, але з замацаваннем за Нарыльскім горна-металургічным камбінатам.

— Я вас не разумею,— сказаў Міхась,— вызваляюся і раптам з замацаваннем за камбінатам.

— А што тут разумець? — гаварылі яму.— Вы замацоўваецеся за камбінатам. Будзеце на свабодзе, але ў распараджэнні Нарыльскага горна-металургічнага камбіната.

— А што гэта значыць?

— А тое, што будзеце працаваць там, куды пашле вас кіраўніцтва Нарыльскага камбіната. Вось у гэтым выпадку вы павінны працаваць там, адкуль вас вызваляюць,— у вагонным дэпо.

— Паслухайце, у мяне ёсць спецыяльнасць настаўніка, якую я набываў у інстытуце.

— Мы гэтага і слухаць не жадаем. Пойдзеце ў вагоннае дэпо і будзеце працаваць токарам. Токары нам больш патрэбны, чым настаўнікі.

— Я буду скардзіцца! — заявіў Міхась.

— Каму? — спыталі ў яго.

— Ураду нашай дзяржавы.

— А гэта ж і ёсць урадавае ўказанне. Вось падпішыце ўмову на тры гады.

— Ніякай умовы падпісваць не буду! — рашуча заявіў Міхась.

— Не падпішаце — самі падпішам.

— Выходзіць, што гэта не вызваленне, а падман?

— Як хочаце, так і разумейце. Давайце ваш палец і ідзіце на ўсе чатыры бакі, толькі ў межах камбіната.

— А куды ж ісці начаваць? — спытаў Міхась.

— Гэта ўжо ваша справа. Жыллём мы не распараджаемся. Шукайце самі.

З гэтым і пайшоў Міхась на так званую «свабоду». Ён сказаў сабе: «Ёсць катлеты па-гамбургску, разводы па-італьянску, а гэта мая свабода — па-сталінску». І ён сур’ёзна задумаўся, дзе ж зрабіць прычал для начоўкі...

Слабодка — Нарыльск — Мінск

1958—1988