Выбрать главу

Так ішоў час. Урэшце студэнт Ігнат Мазур неяк здаў экзамены па неабходных прадметах на новым факультэце і нават атрымаў стыпендыю і месца ў старым інтэрнаце непадалёку ад цэнтра горада.

Непазбежна ішло да таго, каб застацца на ноч у падобным пустым пакойчыку (такі аказаўся і на новым месцы) і з Юляй Мараковай. Перадусім пілі з ёй таннае сухое віно, шмат палілі і размаўлялі. Тут, у больш-менш знаёмым яму інтэрнаце, таксама існаваў прытулак для нечаканых гасцей. Праўда, сакрэтна самі студэнты адчынялі яго раз-пораз падробленым ключом, які перадавалі па чарзе і сярод сваіх — пра тое абачліва маўчалі.

Юля Маракова паліла больш за яго, роблена ўсміхалася, змушана жартавала.

Усё астатняе ўрэшце адбылося, як абодва дапілі рэшткі ў фужэрах. Было звычайна.

Пасля Юля Маракова запаліла і сказала яму, што ў яе гэта, лічы, магчыма ў першы раз, але Ігнат Мазур засмяяўся з «магчыма» і перавёў усё на жарт. Урэшце дасціпная сяброўка і сама пажартавала з сябе, бо…

Абое раніцай рассталіся задаволеныя адно адным і быццам сапраўднымі сябрамі.

* * *

На думку студэнта Ігната Мазура, журналіста, вядома, можна было падрыхтаваць за паўгода, а не губляць на гэта столькі часу, калі выключыць з праграмы грамадска-палітычныя прадметы, якія, як ён лічыў, будучаму журналісту не патрэбныя.

Ён меркаваў, што за паўгода можна авалодаць новай тэхнікай афармлення газеты, працай з дыктафонам, фотаапаратам, разабрацца ў жанрах — астатняе залежыць ад асабістых здольнасцей.

Гістарычны матэрыялізм студэнт Ігнат Мазур ледзь здаў на тры балы і то дзякуючы Ане Балтас. У пакойчыку, дзе яны па-ранейшаму, хоць і радзей, працягвалі сустракацца, Аня пасля гарачых абдымкаў брала ў рукі падручнік і ўголас зачытвала яму самыя важныя, на яе погляд, адказы на экзаменацыйныя пытанні, ён сяк-так іх запамінаў.

Яму даволі пагрозліва не хапала часу на вучобу. На асобных лекцыях трэба было абавязкова прысутнічаць — некаторыя з выкладчыкаў былі даволі прынцыповыя і калі-нікалі завальвалі прагульшчыкаў на іспытах. Стыпендыі не хапала нават на тыдзень-два, каб нармальна паабедаць. Танна і добра кармілі хіба што ў сталоўцы партыйнай школы, але туды заўсёды няпроста было праскочыць — пільны вахцёр пускаў толькі сваіх слухачоў. Увагі патрабавалі і дзяўчаты — іх раз-пораз варта было звадзіць на які канцэрт, у тэатр, альбо на свежую замежную кінастужку. Таму, калі ўвечары ў інтэрнаце з’яўляліся вярбоўшчыкі з прывакзальных складоў і прапаноўвалі жадаючым папрацаваць ноччу на разгрузцы вагона альбо цяжарніка, студэнт Ігнат Мазур іншым разам даваў згоду. Раніцай і часткова днём тады спаў, рызыкоўна прапускаючы лекцыі.

Яму пашанцавала хіба што з іспытам па замежнай літаратуры. Неяк перад залікам ён набраўся смеласці і спытаў у холе вучэбнага корпуса выкладчыцу Ліцвінаву — сярэдняга веку жанчыну, стройную, добра апранутую, з дагледжанай постаццю і даволі мілавідным тварам.

— Нэла Маркаўна, — сказаў ён сарамяжліва і не зусім упэўнена, — у мяне да вас пытанне. Секунд трыццаць не пазычыце? Я — ваш студэнт з чацвёртага курса.

Выкладчыца Ліцвінава спынілася.

— Я вас не памятаю, — даволі суха заўважыла яна. — У чым, дарэчы, ваша пытанне?

Студэнт Ігнат Мазур глытнуў паветра і праз кароткую паўзу рашуча вымавіў:

— Калі гэта магчыма, вызваліце мяне ад наведвання лекцый.

Паўза.

— Вам што, не падабаюцца мае лекцыі? — з непрыхаваным здзіўленнем спытала выкладчыца, — альбо я? Дарэчы, я вас, паўтаруся, нешта не прыпомню. Па-мойму, вы і так мае лекцыі ігнаруеце.

— Наадварот, — раптам ужо спакойна і цвёрда адказаў студэнт Ігнат Мазур. Што будзе — тое і будзе, вырашыў ён сам сабе. — Вашы лекцыі мне падабаюцца, я люблю замежную літаратуру, і… вас таксама люблю.

— Нават так? Дзякуй. Асабліва за любоў. І ўсё-такі — у чым справа?

— Я ведаю ваш прадмет.

— У поўным аб’ёме?

— Так.

Паўза.