Выбрать главу

— Дзякую. Нічога.

Студэнт Ігнат Мазур выйшаў з кватэры. У яго чамусьці з’явілася адчуванне, што гаспадыня нешта падазрае: магчыма, нават чула, як ён колькі дзён таму залазіў у кватэру праз акно.

Лаўка ў двары насупраць пад’езда была не занятая, ён прысеў на яе і запаліў цыгарэту.

У галаве было пуста, чыста і светла, толькі ў грудзях нарасталі трывога і злёгку ванітавала ад тытуню, і ён пашкадаваў, што дасюль не набыў у краме бутэльку віна.

Постаць дзяўчыны і яе дзіўнаватую хаду ён пазнаў здалёк. Як заўсёды, някідка апранутая — чорная спадніца, белая кашуля, вятроўка, — дзяўчына, блізарука прыжмурыўшыся, ішла да свайго часовага жытла.

Студэнт Ігнат Мазур падняўся з лаўкі, зрабіў некалькі крокаў ёй насустрач і паклікаў.

Яна здзіўлена спынілася, а потым з радаснай усмешкай кінулася да яго, абняла.

— Ігнат! Ты тут! Зборы хіба скончыліся? — І паведаміла: — А мне свабодны дыплом выдалі. Дзе захачу — там і ўладкуюся.

Але ўжо адчула штучнае напружанне паміж імі, спытала:

— Што-небудзь здарылася, Ігнат? На зборах?

— Нічога такога. Усё нармалёва.

— Ну, не нам з табой у хованкі гуляць.

— Давай прысядзем. Ёсць размова.

Паўза.

Студэнт Ігнат Мазур зноў запаліў, услухаўся ў роўны шум матораў, шорах шын па вуліцы, і зноў яго няўлоўна пацягнула на ваніты. Ён быццам не хацеў гэтай размовы, але і хаваць у сябе тое, ад чаго пакутаваў, не жадаў і не мог.

— Хочаш? — спытаў ён і працягнуў дзяўчыне пачак цыгарэт.

— Не палю на вуліцы. Я, быццам, не шлюха.

— Паслухай, Света — ты гады два таму дзе жыла на час вучобы?

— Што за пытанні? Ды кажы прама, Ігнат!

— У вуглавым шэсцьдзясят шостым пакоі — на трэцім паверсе?

— Ну, пражывала. Што з таго? — у кутках яе натурыстага рота з’явілася знаёмая іранічная ўсмешка.

— А ці не заходзіла да цябе на дзень нараджэння парачка нейкіх замежных хлопцаў?

— Вось яно што. Адкуль чуткі? У нас жа ўсё так добра. Навоша табе гэта?

— Яны як зайшлі і так жа выйшлі? Ці нешта ў вас адбылося?

— Ды ты раўнівец, Ігнат! Хіба я твая жонка? Не? Можа, тады чыёй была? Не? Дык я магла і зараз магу, урэшце, распараджацца сабой, як пажадаю?

Скоса ён глядзеў на дзяўчыну і адчуваў хіба што жаданне схапіць і сціснуць яе так, каб закрычала ад болю.

— Калі ты такая прасунутая і раскамплексаваная, то павінна ведаць пра тэлегонію, — сказаў раптам ён, бо нічога больш не было сказаць.

— Гэта яшчэ што?

— А ты вазьмі тлумачальны слоўнік і медыцынскую энцыклапедыю, урэшце, і даведайся. Лепш запомніш.

— Ды пайшоў ты са сваёй тэлегоніяй! Што ты яшчэ мне прад’явіш?

— А з Ванечкам Гужыным у цябе таксама нешта было? — студэнт Ігнат Мазур раптам успомніў Іосіфа Зялёнку, яго жарты ў Александраўскім скверы і сутаргава заглынуў паветра.

— Можа, ты яшчэ спытаеш, што ў мяне з маім так званым бацькам было? Ты ж не ў тэме.

— Чаму «так званым»?

— Я ж табе зараз больш скажу. Ён жа мяне ўдачарыў. Айчым. А ў мае чатырнаццаць — згвалтаваў.

Паўза.

— А сама ты гэтага не захацела? — несла Ігната Мазура.

— Калі па-сапраўднаму, то саўдзел дапускаўся. Так, так, можаш мяне судзіць. Я падлеткам была, а значыць, падсвядома сапернічала з маці за мужчыну. Я нічога зараз ад цябе не хаваю. Але гэта не паўтарылася. Ён задорваў мяне падарункамі, ліслівіў. І цяпер паддобрываецца. Тут-та я яго і ўзненавідзела. Маці стала нешта падазраваць і, сам разумееш, замест нейкай сям’і, няхай сабе і падабенства на яе, стала маленькае пекла. Я таму і з’ехала ад іх далей.

— Лепш бы я цябе не сустракаў, Света, — вырвалася раптам у яго.

— Можа, і так, Ігнат. Успомні, што я табе раней казала: не так і складана зрабіць крок насустрач якому-небудзь забяспечанаму «папіку». І такіх хапае. Пайсці за яго. А табе яшчэ не позна з Мараковай сысціся. Гэта яна табе пра замежных хлопцаў нашаптала?

— Не, не яна. Пачуў выпадкова.

— Каб ты ведаў, нічога такога тады і не было. Эпатаж, піжонства дзявочае, мне сорамна пра гэта ўспамінаць. Выгнала я іх — вось усё.

Студэнтка Святлана Конкіна спынілася, адкінула з ілба пасмачку валасоў, папрасіла:

— Дай пару раз зацягнуцца. Ды не прыпальвай цэлую. Мы ж з табой і так, як родныя.

— Мне праз дзень трэба вяртацца ў вайсковую часць, — сказаў Ігнат Мазур. — Я і прыехаў сюды толькі каб цябе пабачыць.

Паўза.

— Ну, вось і пабачыліся. А я зараз разлічваюся з гаспадыняй, пакуюся і — заўтра з’язджаю.

— Куды?

— У Талін, вядома. Уладкуюся на працу. Магчыма, кватэру здыму. І ўсё такое. Цябе, дарэчы, па размеркаванні далёка прызначылі?