Выбрать главу

— Хачу ўсё кінуць, — вырвалася раптам у Ігната Мазура. Шчырасць выклікаў алкаголь. — Абрыдла ўсё. Цяжка мне чамусьці.

— Гэх, Ігнат! Ты вось такі малады, шчыры, разумны, а таму і павінен быць асабліва абачлівым — інакш прападзеш. Надта не давярай нікому. Заўсёды знойдуцца замаскіраваныя пад добразычліўцаў, якія паспрабуюць выкарыстаць цябе ў сваіх мэтах. Ты пэўна задаваў сабе пытанне — чаму я, выкладчык, няхай і былы, не цураюся вас, маладых, спачуваю вам, кантактую на мяжы рызыкі? Магчыма, тут усё проста: скажу табе, што баліць, не дае спаць — у мяне адзіны сын твайго ўзросту, Ігнат, загінуў у Венгрыі ў пяцьдзясят шостым годзе. А хто адкажа за гэта?..

Былы выкладчык Пятро Мацкевіч выкінуў у сметніцу недапалак.

— Меў рацыю філосаф, калі сказаў, што над жыццём няма суддзі. Такое яно было і будзе. І яно з усімі нашымі спадзяваннямі ўрэшце змятае ўсіх нас, як паўночны вецер саспелыя плады. Вось і ўся ісціна.

— Пакуль да рэшты не змяце ўсіх?

— І такое калі-небудзь адбудзецца. Але жыць усё-такі варта. Тым больш табе — маладому. Радуйся, што не хворы, не інвалід, што дзяўчаты не цураюцца, што можаш бачыць, як зелянеюць дрэвы, цячэ вада, слухаць шолах лесу. І адчуваць на сабе што?

— Энергію зоркі.

— Так. Вось бачыш — і я нечаму навучыў. Ну, бывай, Ігнат. Дарэчы, як у цябе з грашыма?

— Нармалёва. Не прападу.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Чамусьці ў студэнта Ігната Мазура ўзнікла невыразнае пачуццё, што з былым выкладчыкам Пятром Мацкевічам ён ужо больш ніколі не пабачыцца…

Туга з новай сілай авалодала ім. Яму хацелася ўпасці на зямлю, пакрытую кволай травой, і нейкі час ляжаць так нерухома. Толькі б сустрэцца са Святланай Конкінай хоць на гадзіну, паўгадзіны, пяць хвілін, каб высветліць усё канчаткова. А што высвятляць? Каб стаць вольным ад усяго, варта праз нешта пераступіць. Пераступіць? Раптам яму ўспомніўся крымінальны выпадак з маладым хлопцам, які забіў сваю таемную каханку — замужнюю саракагадовую жанчыну — і з таго, як ён патлумачыў у судзе, стаў свабодным. Цяпер гэты ўчынак быў ім разгаданы. Як ён, Ігнат Мазур, разумеў таго пакутніка! Ці здолеў бы ён зрабіць такое? Не, падумаў ён. Толькі б зноў прыціснуць да сябе гэтую маленькую, зграбную постаць, удыхнуць пах яе цела, валасоў, адчуць яе вусны. Насланнё. І ад яго не схавацца. А вось Гужына ён бы забіў. І тых замежных хлопцаў. Забіў бы, забіў, забіў. І яе айчыма. Яго асабліва.

Дзяўчына, вядома ж, з’ехала. Ён жа не з’явіўся раніцай. Гэх, каб яна ведала!

У Талін. Так, ён паедзе ў Талін. Толькі спачатку вернецца ў роту, а там што будзе, тое будзе. Усё роўна зборы хутка скончацца. Потым — на цягнік. Не — лепш на самалёт. І праз якія паўтары-дзве гадзіны ён апынецца ў Таліне. Грошы? У яго ёсць яшчэ адна заначка — бабулін пярсцёнак, прызапашаны на крайні выпадак. Каштоўная рэч — пацягне, як ён ведаў, дзесьці на месячную зарплату якога-небудзь функцыянера.

Але пакуль тое — у інтэрнат. Пазычыць у каго грошай на спадарожную. Да Бабруйска. Урэшце ў яго самога на руцэ неблагі гадзіннік, за які можна праехаць і тысячу кіламетраў.

* * *

У інтэрнацкім пакоі нікога не аказалася, але адзін з ложкаў быў расцелены. Яго некалькі тыдняў таму заняў другакурснік, падселены ім камендантам інтэрната Грукам. Хлопец то з’яўляўся, то знікаў — тлумачыў тым, што часта ездзіць да бацькоў, якія жывуць у пасёлку ў Мінскім раёне, і куды ходзіць аўтобус.

Студэнт Ігнат Мазур скінуў пінжак, чаравікі і паваліўся на свой ложак. Стомленасць абрынулася на яго раптоўна, і ён заснуў, але праз якую гадзіну абудзіўся ў трывозе. Варта было тэрмінова збірацца і дабірацца на спадарожных да вайсковага лагера, але ён немаведама чаму працягваў ляжаць. Раптам адчай ахапіў яго.

Ігнат Мазур зноў уявіў, як раніцай наступнага дня, калі пасля рэстарана ён ужо сядзеў у міліцыі, Святлана Конкіна дарэмна чакала яго, і ён не з’явіўся, зноў успомніў пра іх дамову, і аж застагнаў ад роспачы.

Думкі ліхаманкава варушыліся ў яго галаве. Плюнуць на зборы і паехаць зараз у Талін? А грошы? Пярсцёнак далёка адсюль, дома. І каб заняцца гэтым — трэба час. Прасцей усё-такі з’явіцца на зборы, як раіў яму выкладчык Пятро Мацкевіч, а потым і вырашыць усё астатняе.

«Тэлефон, — раптам успомніў ён, — у гаспадыні, дзе кватаравала Святлана, ёсць хатні тэлефон, нумар якога ён добра памятаў. А раптам дзяўчына засталася тут па невядомай яму прычыне?»

Студэнт Ігнат Мазур падхапіўся з ложка, таропка насунуў чаравікі і спусціўся да вахты.

Слухаўку зняла гаспадыня.

— Скажыце, ці дома Святлана? — спытаў ён і сцяўся ў чаканні.

Паўза.

— Святлана тут больш не жыве, — урэшце пачуў ён у адказ.