Выбрать главу

— А яна не казала, куды з’ехала?

— Яна нічога не казала, але за ёй прыехалі яе бацькі — так яны прадставіліся, і сказалі, што яна вяртаецца ў Талін. Быццам назаўсёды. Дарэчы, яна не хацела ехаць, усё кудысьці бегала. І гэта ўсё, што магу сказаць.

У слухаўцы шчоўкнула і сувязь перапынілася.

Студэнт Ігнат Мазур зноў вярнуўся ў інтэрнат. Якраз прыйшоў чацвёрты жыхар іх пакоя, той самы другакурснік, якога падсялілі параўнальна нядаўна: рахманы юнак з вёскі, маўклівы і непрыкметны з выгляду. Звалі яго Фёдар Піскун.

— Паслухай, Фёдар, мяне днямі ніхто не шукаў? — пацікавіўся Ігнат Мазур.

— Пыталася дзяўчына. Два дні таму.

— Што за дзяўчына? Як выглядала? Яна назвала сябе?

— Так. Высокая бландзінка. Прыгожая. Аняй зваць.

Паўза.

— А ты, што ёй адказаў? — дапытваўся Ігнат Мазур.

— Сказаў, што на зборах.

— Тут такая справа, Фёдар — мне трэба ў вайсковую часць. Але я, ды доўга тлумачыць, — вось швейцарскі трафейны гадзіннік, дзядзька калісьці з вайны прывёз. Я табе яго пакіну ў заклад, а ты мне на спадарожную рублёў пяць пазыч. Згода?

— Не трэба закладаў. Я і так пазычу.

Студэнт Піскун выцягнуў з кішэні партманет і адлічыў грошы.

— Ну, Фёдар, быць табе дэканам, — вяла, але з цеплынёй пажартаваў Ігнат Мазур. — Бывай.

* * *

Узвод быў на палігоне. У капцёрцы Ігнат Мазур забраў у старшыны роты, які не змаўкаючы бэсціў яго, сваю форму і хутка пераапрануўся, і пасля роздуму пабег на палігон.

— Але ж ты і трапіў! — толькі і сказаў яму наўздагон раззлаваны, што яго патурбавалі, старшына.

Яго нечаканае з’яўленне аднакурснікі з узвода сустрэлі воклікамі: адны проста здзіўленымі, а іншыя зласлівымі — з-за яго адсутнасці ўзвод няслаба паганялі на занятках.

Узводны — лейтэнант Андрэй Дзямідчык — адвёў яго ўбок.

— Што здарылася, Ігнат?

— Забралі ў міліцыю. Адседзеў трое сутак.

— Ты спазніўся на суткі. Ведаеш, што табе пагражае?

— Ды гатовы я на любое пакаранне. Мне, таварыш лейтэнант, скажу шчыра — ўсё роўна. Як будзе — так і будзе.

Узводны Андрэй Дзямідчык падумаў некалькі секунд. Урэшце, відаць па ўсім, рашэнне прыняў раней, сказаў:

— Табе пакуль шанцуе. Ротнага Угарава часова адклікалі і яго няма ўжо трэці дзень. Цябе будзе прасаваць нампаліт, падпалкоўнік Марчанка, а начальніку збораў, загадчыку кафедры не дакладвалі. Мяркую, разбяромся самі, але будзь гатовы. Скажу яшчэ па сакрэце і паміж намі: Марчанку вось-вось у запас, на пенсію, і яму праблемы не патрэбныя. Павінішся як след, прыдумай што-небудзь, і можа ўсё і абыдзецца. Ну, а я табе, ужо прабач, — па максімуму.

І ўзводны Дзямідчык аддаў каманду строіцца, а пасля чаго аб’явіў Ігнату Мазуру пазачарговыя нарады на кухню і ў каравул.

Ноччу ў палатцы адчувальна прыціскаў холад. Але нават у холадзе спаць Ігнату Мазуру не далі. Сяржант з суседняй роты падняў на ногі, каб ісці ў нарад на кухню. Мазур заснуў на гадзіну толькі пад раніцу. Сон быў неглыбокі, не надаў сіл, прыснілася чамусьці выкладчыца Спіркіна, яна ж «Агеньчык», якая пагражала не прыняць іспыт. А потым нібы пачала спакушаць яго: села на калені і прыціснулася губамі да яго шыі, стала цалаваць, але тут ён прачнуўся, — Міхась Байкоў далікатна кранаў яго: «Пад’ём, Ігнат! На зарадку!»

Бегчы з кіламетр, а потым махаць рукамі і прысядаць у яго не было ні сіл, ні жадання, і студэнт Ігнат Мазур застаўся ў палатцы. Пасля сняданку ў сталоўцы, куды хадзілі строем усёй ротай, яму загадалі з’явіцца да падпалкоўніка Марчанкі.

Нампаліт Марчанка — мажны, марудны ў рухах, акуратна пастрыжаны і паголены, не ўшчуваў яго, не пагражаў і нічога не пытаў.

— Збяром на днях камсамольскі сход роты, — сказаў ён, — няхай ён вырашыць, якія меры да вас прыняць. Вы ўсё-такі павінны разумець, што цяпер знаходзіцеся ў войску, а тут галоўнае — дысцыпліна.

* * *

Праз суткі ў лагер вярнуўся маёр Угараў. Нешта, пэўна, не склалася ў яго ці то дома, ці яшчэ дзе — хадзіла нават чутка, што ён спрабаваў паступіць у вайсковую акадэмію, але, пэўна, гэта дрэва яму зваліць было не па сіле, і ён з нейкім нездаровым імпэтам зноў прыняўся за службу.

Яму ўжо данеслі, што мотастралок другой роты Ігнат Мазур адсутнічаў у часці больш за трое сутак і, можна было толькі здагадвацца пра тое, хто на гэты раз быў інфарматарам ротнага Угарава.

Рашэнне падпалкоўніка Марчанкі правесці камсамольскі сход роты, на якім і вырашыць лёс Ігната Мазура, яму, Угараву, не падабалася сваёй неакрэсленасцю і здавалася залішне мяккім: вынік таго будучага сходу можна было прадказаць адразу — паўшчуваюць, на тым і скончыцца. Справа паступова блізілася да арышту і гаўпвахты, але студэнт Ігнат Мазур нібы нічога не заўважаў.