Выбрать главу

На нейкі час увагу ротнага адцягнуў на сябе Міхась Байкоў, які на стрэльбішчы па сваёй звыклай бесталковасці павярнуў да таго заражаны аўтамат, вядома, ненаўмысна, але гэтага хапіла, каб маёр пачаў штодня выхоўваць Байкова, а заадно і ўзводнага Андрэя Дзямідчыка. Пра выпадак з гранатай па-ранейшаму ніхто не ведаў, а Міхась Байкоў, вядома, маўчаў. Ён усё болей хінуўся да Ігната Мазура, стараўся дагадзіць таму ў дробязях, а неяк нават папрасіў парады, хоць сам быў старэйшы за таго на цэлы год. «Я пасля вайны малы быў, — тлумачыў ён суразмоўцу, — тады хоць і не такі, як у трыццатыя, а усё роўна голад душыў. Бацькі галадалі, і мы — дзеці таксама. Памятаю гнілым дзікім грушам радаваліся. Па вёсках шмат жабракоў хадзіла. Хлеба прасілі, а дзе таго хлеба возьмеш?.. Я да таго вяду, — працягваў Міхась Байкоў, — што таму такі і затарможаны, бо ў галечы рос. Гэта зараз магу з вёскі і сала шматок прывезці. Ты ўжо не крыўдуй за гранату. Чорт ведае, што тады адбылося. Але ты, Ігнат, мне цяпер, вынікае, нібы старэйшы брат».

«Я і з дзяўчатамі такі затарможаны, — гаварыў далей Міхась Байкоў, — там у мяне на вёсцы жанчына ёсць. Настаўніца малодшых класаў з нашай школкі, калісьці педвучылішча скончыла. Яшчэ да сваёй вучобы я з ёй пачаў сустракацца, а цяпер яна мне і лісты дасылае і прыязджала ў Мінск. Але мне сказалі, што яна… Словам, не ад мяне… Але пазбавілася… Цяпер па размеркаванні я, як мінімум, у раёнцы апынуся, дый месца там ужо для мяне знайшлося. Дык я хачу ў цябе, Ігнат, спытаць: што мне рабіць? Вядома, яна хоча, каб я забраў яе ў наш гарадскі пасёлак, там разам і асталявацца. А мне як з яе мінулым быць? На плячах усё жыццё насіць?»

Міхась Байкоў урэшце спыніўся і глядзеў на яго даверліва — чакаў адказу.

— Ты выкладчыка Пятра Мацкевіча памятаеш? — праз паўзу спытаў яго Ігнат Мазур.

— Анягож. Я яму, а не Гавіну, палітэканомію даздаваў. Дык ён па білеце і пытацца не стаў. Ты, кажа, да ўніверсітэта дзе працаваў? У калгасе, гавару. Ён мне адразу «выдатна» паставіў. Сказаў толькі, каб асабліва не хваліўся нікому.

— Дык вось, — працягваў Ігнат Мазур, — ён мне днямі сустрэўся. І не то сваё, не то чужое працытаваў. Я запомніў.

— А што, цікава?

— А тое, што над жыццём няма суддзі.

Паўза.

— Дык як гэта разумець? — спытаў Міхась Байкоў.

— Як хочаш, — паціснуў той плячыма.

Усё часцей Ігнат Мазур упадаў у стан своеасаблівага нервовага збою, — не дапамагала ні бесперапыннае паленне цыгарэт, ні алкаголь, ні паслужлівасць Міхася Байкова, які то частаваў яго кавалкам сала, то прыносіў гарачай гарбаты з кухні. Туга з такой сілай навальвалася на яго, што раз-пораз хацелася аднаго — захапіць з сабой аўтамат, ражок з патронамі і схавацца ў лес, дзе проста ляжаць на якой палянцы пад познім, амаль восеньскім сонцам да таго часу, пакуль не наступіць цемра, а потым… спусціць курок…

Кадравы афіцэр лейтэнант Андрэй Дзямідчык бачыў, што з ім нешта не тое. Аднойчы, рызыкуючы сваім службовым становішчам, ён даў яму адпачыць: быццам забраў з сабой на выкананне нарада, а на самай справе даў яму шынель і паказаў на тапчан у дальняй капцёрцы: паспі. Мазур здолеў правесці некалькі гадзін у адзіноце: проста драмаў ці ляжаў у цішыні і ні пра што не думаў.

Але не думаць аб адным — тым, што найбольш непакоіла яго, — не выпадала. Урэшце ён прыйшоў да высновы: альбо дацерпіць да канца збораў і адразу паедзе ў Талін, альбо, калі гэта будзе немагчыма па нейкіх прычынах — скончыць з усім у чарговым каравуле.

Толькі вось непакоіла думка, што нядобра будзе так сур’ёзна падстаўляць узводнага. Лейтэнант Андрэй Дзямідчык чымсьці яму падабаўся, хоць, як ён са спагадай разумеў, той наўрад ці здолее неяк прасунуцца па службовай лесвіцы.

Так прайшлі некалькі дзён. Пра сход роты, на якім было вырашана абмяркоўваць лёс Ігната Мазура, чамусьці пакуль не ўспаміналі. У вайсковых часцях спешна пачалі рыхтавацца да манеўраў пад кодавай назвай «Беразіна», загадалі таксама падключыць да тых манеўраў і студэнтаў, якія праходзілі зборы.

…Неяк узводны лейтэнант Дзямідчык, бачачы, што Ігнат Мазур нібы сам не свой, сказаў ротнаму Угараву, што хоча пакараць парушальніка дысцыпліны і скіраваць таго скасіць на палігоне траву. Ротны даў дазвол. Узводны ж, як адышліся з пляца, дастаў з кішэні ключ і працягнуў Ігнату.

— Гэта ад майго пакойчыка ў нашым інтэрнаце для афіцэраў, — сказаў ён. — Знойдзеш. Табе ўсё ж варта добра адпачыць. Бачу, што ты на мяжы. А я ад’едуся на дзень у вёску да сваіх бацькоў. Тут недалёка. Так што давай, студэнт.