Выбрать главу

— Сядзем разам.

— Ага, — паабяцаў сяброўцы Ігнат Мазур і вяла пажартаваў: — Як пракурор вырашыць.

— ?..

— Лепш казаць — прысядзем. Альбо — пабудзем разам. Юрфакаўцы могуць засмяяць.

* * *

«Палітэканомію» чытаў новы выкладчык. Студэнт Ігнат Мазур бачыў яго ўпершыню. Выкладчыка звалі Пётр Мацкевіч. Гэта быў даволі мажны, цёмнавалосы, з сівымі скронямі, чалавек гадоў сарка васьмі — пяцідзесяці, з нечакана разумна-саркастычным выглядам на загарэлым твары і жывым, але стомленым позіркам шэрых неспакойных вачэй.

Урэшце Ігнат Мазур амаль не слухаў таго. Побач сядзела Юля Маракова, часам, незаўважна для іншых, ціснула цёплымі пальцамі ягоную далонь, а потым увогуле напісала на лісце паперы і пасунула ў яго бок: «Вечарам. Заўтра. Заходзь».

І прашаптала ў вуха:

— Даслалі з дому пасылку. Там сярод іншага і бутэлька нашага крымскага.

Студэнт Ігнат Мазур з цёплай удзячнасцю паабяцаў зайсці. Нейкі час думаў, ці будзе не заняты заўтра ўвечары вольны інтэрнацкі пакойчык, а потым прымусіў сябе слухаць выкладчыка.

Выкладчык Пётр Мацкевіч тым часам казаў:

— На падставе дадатковай вартасці Карл Маркс раскрыў катэгорыю «капітал», як самаўзроставую вартасць, якая выяўляе адносіны эксплуатацыі, і ўзнавіў падзел капіталу па прынцыпе ўдзелу ў стварэнні вартасці на пастаянны капітал, як сродкаў вытворчасці і пераменны капітал, укладзены ў рабочую сілу.

У выніку вартасць створанага тавару выяўляецца праз формулу.

Тут выкладчык Мацкевіч узяў крэйду і накрэмзаў ёй на дошцы:

w = c + v + m,

дзе c — пастаянны капітал,

v — пераменны капітал,

m — дадатковая вартасць.

Пасля гэта агледзеў студэнтаў, усміхнуўся і працягваў гаварыць.

«Не, — думаў, слухаючы таго, Ігнат Мазур. — Гэтую ахінею мне ніколі не здаць. І ніхто не дапаможа. Цьфу ты! Ненавіджу. Мудрэй за гістмат».

У канцы лекцыі выкладчык Мацкевіч між тым нечакана паведаміў, што іспыт асабіста ён, магчыма, будзе прымаць не адзін, а разам з выкладчыкам Гавіным з інстытута народнай гаспадаркі.

— Ну, трапілі, — прашаптала Юля Маракова. — Той зарэжа палавіну курса, анягож. Ён непрадказальны, самазадаволены індык.

У аўдыторыі сцішана загаварылі, захваляваліся. Выкладчыка Гавіна ведалі па яго лекцыях, некалькі з якіх раней ён прачытаў на іх курсе; жорстка патрабаваў, каб вялі канспекты і не прапускалі яго заняткі.

Студэнт Ігнат Мазур адчуў непрыемны халадок у грудзях. Успомніўся іспыт па гістарычным матэрыялізме: як ён тады знерваваўся… Што ж, такое жыццё, меркаваў ён.

* * *

Пасля заканчэння апошняй пары аўдыторыя апусцела і студэнт Ігнат Мазур пайшоў шукаць выкладчыцу з кафедры замежнай літаратуры. Ён знайшоў яе ў дэканаце.

— Што ж, — сказала выкладчыца Нэла Ліцвінава, — калі ўжо самі напрасіліся, то хадземце на наш імправізаваны іспыт. Дзе ў нас тут пустая аўдыторыя?

— Якраз апошняя лекцыя скончылася, — паказаў ёй на расчыненыя дзверы сваёй аўдыторыі студэнт Ігнат Мазур.

Яны селі, і выкладчыца сказала:

— Час у мяне абмежаваны, так што пачнём без лішніх уступаў. Вы сапраўды гатовы? Калі выцягнеце хоць бы на «здавальняюча», я, так і быць, выканаю вашу просьбу.

Паўза.

Далей пачалося сапраўднае выкручванне мазгоў. Пытанні ўсё больш ускладняліся: з англійскай, іспанскай, нямецкай, французскай, маладой амерыканскай літаратуры як дзевятнаццатага, так і дваццатага стагоддзяў. Маючы добрую памяць, Ігнат Мазур лёгка ўспамінаў тое, што даўно чытаў, адказваў коратка, часам адхіляючыся ў бок, калі гаварыў пра аўтараў, якія яму асабліва падабаліся: Альбера Камю, Іва Андрыча, Кнута Гамсуна.

— Ну, а якую, па-вашаму, кнігу варта прызнаць лепшай кнігай усіх часоў і народаў? — раптам спытала яго выкладчыца Нэла Ліцвінава. — Вы ж, пэўна, ведаеце, што такія апытанні раз-пораз праводзяцца, і рэйтынг кожнага новага аўтара вылічваецца больш-менш дасканала?

Студэнт Ігнат Мазур падумаў і адказаў, што тут меркаванні вядомых крытыкаў разыходзяцца: некаторыя нават лічаць лепшай сусветнай кнігай «Дон Кіхота» Сэрвантэса, але на яго, Ігната, думку больш вартыя такой высокай адзнакі творы Шэкспіра, Дастаеўскага, Стэндаля, Ніцшэ, Фіцджэральда, Гамсуна, многіх іншых.

— А што тычыцца «Дон Кіхота» Сэрвантэса, — дадаў, — шчыра прызнаюся, кнігу да канца не дачытаў. Мне здаецца, што герой — псіхічна хворы чалавек і, нягледзячы на вялікую гуманістычную скіраванасць твора, двайную нагрузку і глыбіню тэксту, гэта аказвае негатыўны ўплыў асабіста на маё ўспрыманне. Ды, можа, не толькі маё. Хіба не так?

— Лічу, што не зусім так, — усміхнулася выкладчыца Ліцвінава, — але думку вашу прыму да ўвагі.