Выбрать главу

— Нагледзеў, княжа.

— У каго?

— У твайго памытчыка, гаспадзін.

— У памытчыка? У Няжылы? — прыпамінаў князь. — У яго ж дзеўчанё яшчэ!

— Дзеўчанё! — засмяяўся Чарэая. — Не-а, яна ўжо дарослая дзяўчына, адно кепска — бацька не хоча аддаваць яе за мяне, кажа, што занадта дураслівы я.

— Дураслівы? Нічога! — як узгарэўся Усяслаў.— Затое лепшы сакольнік у княстве! Хай толькі паспрабуе адмовіць на гэты раз!

— Гэй вы! — крыкнуў ён грыдням. — Даганяйце!

I, як шалёны, памчаўся назад, бязлітасна сцябаючы каня плёткай. Грыдні, падхапіўшы свае карабы, ірвануліся за князем. Ведалі — калі нешта ўзгарыцца яму, зробіць як захоча, няхай давядзецца загнаць каня, сябе ці людзей — усё роўна яму. Пацямнеюць вочы, шалёны бляск загарыцца ў іх — і бывай спакойнае жыццё, — днямі будзе прападаць на паляванні, або нястомна аб'язджаць гарады ў княстве, або сам паедзе на збор дапіны, каб прасачыць, ці не ашукваюць яго цівуны…

…Душачы ашалелых ад жаху курэй і разганяючы сабак, маленькі атрад з гіканнем пранёсся па вуліцах Полацака. Таропка адскоквалі ўбок купцы, што нядаўна зачынілі свае лаўкі і паважна вярталіся дадому. Здалёк здымалі шапкі і кланяліся вятшыя людзі і чадзь.

Памытчык Няжыла мясціўся пепадалёк ад Дзвіны, пад абрывам, парослым падбелам, блёкатам, кустамі бруслёну. Сонца села ў цёмна-сінюю хмару — нябесную ладдзю, — і з ракі патыхала халаднаватай вільгаццю, а ўнізе, яшчэ ледзь-ледзь прыкметны, закурыўся белаваты туман. Таму дзверы хаты былі зачыненыя — няроўны час, прынясе нядобрага чалавека!

Грыдні ўзбеглі на ганак, з усяе сілы загрукалі ў дзверы, абабітыя жалеззем.

— А каб вас Пярун, — захрыпеў з сенцаў мужчынскі голас.

— Каго там нячыстая сіла нясе? — высока падтрымаў мужчыну жаночы крык.

— Адчыняй! Князь Усяслаў! — крычалі грыдні. Тады паспешліва загрымелі засаўкі, і гаспадар, у адных портах і доўгай кашулі, вылецеў на ганак, нізка кланяючыся, запрашаў у хату, шыпеў на сваіх, каб далі святда. Ярка ўспыхнулі ў жалезных заціскачках святочныя лучыны, што запальваліся толькі падчас Купалля і Ярылы, гаспадыня з дачкою замітусіліся ля стала, накрываючы на стол белы абрус.

Багата і чыста жыў памытчык — стол і лавы дубовыя, моцныя, печ пабеленая, а падлога не земляная — жоўтыя дошкі так і блішчаць, як нацёртыя воскам.

У бажніцы нядрэмна зіркае на гасцей Пяруні Род і ражаніцы стаяць вакол яго. Вокны не бычыным пузыром зацягненыя, а слюдзяныя, і ў покуці — гэта таксама заўважыў Усяслаў — ляжалі скруткі бяросты і свярдзёлак, каб выводзіць на бяросце літары граматкі ці запісы. Малайцы палачане, — узрадаваўся ён, — яшчэ нядаўна дзяцей у школку не загнаць было, таму што палохаліся тутэйшыя людзі чарнарызнікаў — манахаў, што вучылі дзяцей грамаце. А цяпер у школцы і сына рамесніка ўбачыш, не толькі баярскіх дзяцей! Вялікім, магутным княствам робіцца Полацкая зямля, добрае семя кінуў у зямлю бацька яго, Брачыслаў!

— Сядайце, госці дарагія, за стол, — соладка заспявала гаспадыня, нізенька-нізенька, да самай зямлі, кланяючыся князю. Ён і не заўважыў, калі на абрусе пастаўлены былі драўляныя місы з халоднай дзічынай, загустай [4], мочанымі брусніцамі, сырам, адкуль выцягнулі жанчыны бочачкі, дзе пеніўся духмяны квас.

— Ну за стол дык за стол, — Усяслаў першы палез пад бажніцу, з асалодай удыхаючы пах дзічыны. За ім — грыдні. Чарэня сеў з краю, але еў мала, усё азіраўся на гаспадыню і дачку.

— Ну, пакажыце нам сваю красуню, — наеўшыся, князь павярнуўся да гаспадара. — А то ходзіць тут, ходзіць…

Дзяўчат у хаце было дзве: высокая, мажная, белатварая, з вялікімі, крыху выпуклымі вачамі, і другая — маленькая, чорнавалосая, з апушчаным поглядам, якая не спыняючыся хадзіла ўзад-уперад па хаце, перад сабой трымаючы скураную пальчатку, на якой, шчыльна захутаная ў конус-пялёнку, сядзела птушка. З конуса адно тырчала птушыная галава, маленькія вочкі былі напаўзакрытыя, толькі час ад часу выблісквалі яны злосным, непрымірымым святлом.

— Дачка мая — гэтая, Малінай зваць яе, — паказаў Няжыла на высокую, якая падавала на стол (тая закрылася рукавом, пачуўшы, што гаворка ідзе аб ёй). — А гэта — пляменніца.

— З пляменніцай пачакай, а вось гэтую пакажы. Ці баішся нас, чырвоная дзявіца?

Бліскучае, як у сарокі, вока, што выглядвала з-за рукава, сажмурылася. Дзяўчына апусціла рукі.

Паласаты андарак шчыльна ахопліваў магутпую яе фігуру, белая каса спусцілася на плячо.

— Нашто ж мне баяцца цябе, княжа? Ты ж не воўк і не мядзведзь. Дый ад тых не заўсёды бегчы трэба.

Маці ад печы зашыпела на дзяўчыну, але Усяслаў падняў руку, і яна замоўкла.

вернуться

4

Загуста — гарохавая каша.