Выбрать главу

Ніхто з іх не пачуў тупату коней, што нечакана паказаліся з лесу. Атрад воінаў з баявымі сякерамі, у наглуха зашпіленых чырвоных ахабенях [23] абкружыў Алёшку і маладых.

— Чые вы? — строга спытаўся галоўны — з усмешлівымі вачамі на загарэлым твары — дружыннік.

«Чые вы? — гэтага пытання баяўся Алёшка ўсе нялёгкія, але вольныя гады, што пражыў ён у адзінокай лясной лагчыне, як зацёртай між балотаў, збегшы аднойчы з селішча, дзе хацеў быў цівун забраць з сабою маладуго жонку Алёшкі. Тут ён зрабіў сабе хату, дзе нарадзіўся Івашка, тут год за годам выпальваў ляда і сеяў жыта, не мерачы нікому долі, тут збіраў мёд і рабіў свечы, што раз у год вазіў на продаж — і таксама не аддаючы нікому свайго, заробленага… і вось не абараніў Стрыбог — дайшлі да яго князевы слугі!

— Бірку [24] пакажы нам сваю! — яшчэ стражэй загадаў дружыннік. Здагадаўся, што нездарма так спалохаліся гэтыя людзі — не тацяў жа ўбачылі перад сабою, а князевых слуг!

Алёшка ўпаў на калені. За ім, блытаючыся ў доўгай кашулі, бухнулася Дасада. Івашка з-пад доўгіх саламяных валасоў глядзеў воўкам.

— Казаў табе, Пуцята, — вольныя гэта і даніну не плоцяць! — задаволена вышчарыўся чорны, зарослы барадою ледзь не да вачэй, дружыннік, звяртаючыся да сотніка. Той заклапочана пачасаў патыліцу:

— То што будзем рабіць?

— Што тут думаць? — загарачыўся чарнявы. — За імі столькі наляцела, што яны даўно обелі — рабы княжыя. Хапайма!

— Стой! — перапыніў яго Пуцята. — Возьмем аднаго — якраз у дружыну падыдзе. — Ён тыцнуў пальцам у Івашку. — Ну, хочаш воем быць? Меч табе дадзім, стрэлы ёсць у цябе. Чужыя землі ўбачыш, крыві чужой твой меч нап'ецца. Ну?!

Івашка, зверавата бліскаючы вачыма, адмоўна паківаў галавой. Любіў ён сваю хату ля рэчкі, роўнае гудзенне пчол у ціхі чэрвеньскі дзень, любіў драўляным нарогам узрываць цёплую зямлю, бачыць перад сабой Дасаду, што вядзе каня за аброць, і валасы яе, па плячах распушчаныя, якімі гуляе вецярок, любіў гладзіць заскарузлымі далонямі.

— Не забірайце Івашку, мужа майго! — загаласіла яна.

— Які ён табе муж? — здзекліва загаварыў дружыннік. — У царкве вянчалі вас?

— Не… — прашаптала жанчына. — Але жрэц…

— Не? Значыць, проста жывеш у блудзе…

— У блудзе? Няхай вас Пярун грамовымі стрэламі заб'е! — слёзы высахлі ў Алёшкавай нявесткі.— Не аддам вам Івашку!

Стары бортнік разгублена глядзеў знізу на коннікаў. Івашка, які нерухома стаяў каля васкабойкі, калупаючы яе пальцам, раптоўна выпраміўся і кінуўся ў лес.

Праз некалькі скачкоў ён схаваўся б між дрэў, хаця і кінуліся паўздагон дружыннікі, каб не чарнявы: вокамгненна ён выхапіў з калчана стралу, крутануў плячом, так што лук з-за спіны апынуўся ў руках, і, амаль не цэлячыся, спусціў цеціву.

Звон стралы зліўся з крыкам Дасады. Івашка на хаду як спатыкнуўся і з усяго маху расцягнуўся на зямлі. Зараз жа да яго кінуліся дружыннікі.

— Не памрэ, — задаволепа ўсміхнуўся стралок. — Ведаем, куды цэліць. Пакульгае крыху — і цішэйшым стане… — Ён войкнуў — пчала, што кружылася пад ім, раптоўна ўджаліла яго ў нос. Адмахваючыся рукой, ён адступіўся.

Страла прабіла нагу амаль наскрозь, але косці не закранула, і Івашка, падкульгваточы, пацягпуўся за канём, да якога яго прывязалі.

— Каня дай, калі не хочаш, каб ён да Полацака так цягнуўся, — лагодна сказаў старому Пуцята. Той павёў вачыма на Дасаду — яна кінулася ў лес, толькі ўзвіхрылася кашуля, — а сам пайшоў у хату і, вярнуўшыся з кавалкамі старых сотаў, пачаў выціскаць мёд на сынаву рану, а пасля моцна перавязаў яму нагу лутошкай [25]. Дружыннікі тым часам грузілі ў мяхі воск, свечы, кадушку мёду прывязвалі да каня Пуцяты, іншыя шныпарылі каля хаты, відаць, яшчэ шукаючы спажывы. Чарнявы лаяўся, расціраючы пачырванелы і распухлы нос.

Дасада вывела з лесу каня. Івашку пасадзілі на яго, моцна прывязалі.

Старэйшы дружыннік на развітанне аддаў старому палку, дзе нажом высечаны былі цейкія знакі.

— Гэта пакажаш цівуну ці зборшчыку, — сказаў ён. — Палову я аддам каму трэба, — ен спрытна рассёк палку ўздоўж, так што на абедзвюх палавінках знакі засталіся, адну пакінуў сабе.

— Чакай сына з паходу і рыхтуй подаці,— паспеў ён крыкпуць, і коннікі схаваліся ў лесе гэтак жа імгненна, як і з'явіліся.

вернуться

23

Ахабень — каптан.

вернуться

24

Бірка — расшчэпленая надвое палка, на якой адзначаліся паборы.

вернуться

25

Лутошка — кара.