Прачнуўся Рагвалод позна, і адразу ўзнікла ў ягонай памяці сустрэча ў лесе, размова з дзяўчынай, раптоўнае яе знікненне. Але адразу апякла крыўда на Святаславу і помслівы гнеў — не сказала, дзе жыве яе племя, не пакланілася на развітанне, а самае галоўнае — не захацела, відаць, болей бачыць яго і пайшла сабе гордая, незалежная, як быццам і не жыве на свеце ён, Рагвалод, наследнік княства, пасля бацькі гаспадар пад тутэйшай зямлёй і ўсім, што жыве на ёй, што расце, дыхае!
Крыкнуў чалядзінца. А калі ўбег той у святліцу, прыніжана згінаючыся ў паклоне, загадаў прывесці да сябе сына тысяцкага, самага хітрага і пранырлівага воя з усёй дружыны. Ведаў Мядзведзь таемныя сцяжынкі, па якіх прыходзілі ў горад з цёмных акружных лясоў вольныя людзі, прыносілі на продаж воск, лён, свае няхітрыя вырабы, Але не самі прадавалі іх — перакупшчыкі нажывалі на тым нямала грыўнаў, бо не асмельваліся паказвацца ў гандлёвых радах людзі, якія дзесяцігоддзямі хаваліся ад княжацкіх пабораў і хцівасці. Ведаў хітры сын тысяцкага многіх са жрацоў, што спраўлялі свае трэбы ў патаемных капішчах Перуна, Сварога, Дажбога, ведаў і тых, у чыіх сем'ях на бацькоўскую суботу ці дзяды закрываліся ручнікамі твары праваслаўных святых і вымаліся са сховішчаў драўляныя ці касцяныя паганскія богі,— але маўчаў, таму што тайнае веданне — вялікая сіла, і дае яна вострую асалоду ад думкі, што, калі спатрэбіцца, ведае ён, на што націснуць, каб зрабіўся ў ягоных руках самы цвёрды, жалезны чалавек мякчэйшым за воск…
Праз два дні ехаў Рагвалод разам з Мядзведзем у лес. Ведаў ён цяпер, што жыла Святаслава ўдваіх з дзедам: маці памерла пры родах, а бацьку яе, паляўнічага, загрызла мядзведзіца. Жыла дзяўчына ў самай глушэчы, асобна ад племені, і даводзілася дзеду яе, Няжыле, дапамагаць унучцы пры рабоце, хаця ён амаль аслепнуў і хадзіў, тыцкаючы перад сабой палачкай. Але каб адшукаць лагчыну, дзе адзінока стаяла хата і пуня, нямала давялося паблукаць па лесе нават хітраму Мядзведзю! Збянтэжаны, ён быў наважаўся вярнуцца, не паднімаючы вачэй на княжыча, але зусім нечакана ўбачылі лагчыну і рачулку побач.
Коні імгненна дамчалі іх да хацінкі, і Рагвалод таропка рвануў пахілыя, счарнелыя дзверы.
Спачатку здалося — у хаце нікога няма. Але паступова вочы прывыклі да цемры, і тады ўбачыў княжыч нізкуіо печ, складзеную з гліны і рачных камянёў, якую палілі па-чорнаму, няўклюдны драўляны тапчан, які закрывалі цяжкія аўчыны. А побач з тапчапам, на пачарнелым дубовым кругляку, сядзела яна, Святаслава, закусіўшы вусны, глядзела на няпрошаных гасцей. На ёй была тая ж кашуля, толькі на галаве цяпер быў замест абручыка вузкі палатняны ручнічок. З-пад пасконіны выглядалі вузкія ступні, па каленях яе, расстаўленых шырока, па-мужчынску, ляжалі раскідзістыя ласіныя рогі. На лаве, перад Святаславай, дымілася варам ендава [1], у якой ляжала пекалькі зрэзаных атожылкаў. Тут жа ляжалі лучковы бураўчык са скураной цецівой, жалезны цыркуль, некалькі каменных разцоў — усё, што патрэбна для рэзчыка. Насупраць печы, пад бажніцай, на стале ляжалі ўжо гатовыя вырабы: грабеньчыкі з разьбянымі спінкамі, прыгожыя касцяныя гузікі, накладкі на калчаны ці шчыты. Стаяў Дажбог, выразаны з белага буку і ўжо задымлены. Рагвалод, сустрэўшы яго сляпы погляд, здрыгануўся — такой грознай і ўпартай сілай павеяла ад шырока расстаўленых вачэй паганскага бога.
Ён уладна махнуў рукой Мядзведзю, што паказаўся на парозе, відаць, спачатку прывязаўшы коней, і той адступіў у сенцы. Чутно было, як ён пайшоў ад хаты, насвістваючы.
— Добры дзень, — парушыў тады маўчанне Рагвалод.
Яна ўстала, нялоўка адкінуўшы ўбок ласіныя рогі, нізка паклапілася яму.
— Тут кланяешся, а ў лесе не захацела? — ціха сказаў ён.
— Ты тут госць. Сядай, — кіўнула яна на стол, над якім на бажніцы стаяў вялікі стары Сварожыч.
— Няма калі. А прыехаў я за табой, — змрочна адказаў княжыч.
— За мной? — яна адступіла, зноў прысела на кругляк. Сінія вочы яе бліснулі, губы сцяліся.
— Узяць хачу ў княжы двор цябе… не пашкадуеш… апрану ў заморскія тканіны… — і ўжо смялей закончыў: — Кахаць буду, і пакрыўдзіць цябе ніхто не пасмее…