Выбрать главу

Згадаю і яшчэ адну прасьветлую й чыстую душу, што спрычынілася да выхаду “Блакітнага ліхтара”. Звалі таго хлопца Андрэй Грабаў. Калі мы прынялі яго ў свае шыхты, Андрэй вучыўся ў дзясятай клясе нашай роднай СШ №2. Гэта, паўтаруся, быў сумленны хлопец з бунтарскім характарам, заўзятар біт-музыкі й Гэмінгуэя, і я, пазіраючы на Андрэя з “вышыні” сваіх тадышніх гадоў, бачыў у ім сябе самога. Андрусь часьцяком завітваў на нашыя сходкі, слухаў бясконцыя размовы, чытаў і перачытваў нумары альманаху і ўрэшце рэшт прынёс свае ўласныя вершы. Грабаўскія вершы — ужывем гульню словаў — былі напісаны даволі зграбна і пазначаліся паэтыцкім талентам. Гэта што да твораў лірычнага ладу. Аднак, апроч іх, прынёс Андрэй і вершы, так бы мовіць, грамадзянскага гучаньня. Уладзімер Арлоў у адным з сваіх эсэ узгадаў па памяці колькі радкоў аднаго Андрэевага вершу:

Рушу па Беларусі... У небе маланка палае. Пад прыгонам усходнім стогне наша зямля. Песьні-жальбы лунаюць ад краю да краю...

Канчаўся вершаваны твор аптымістычным сьцьверджаньнем, што неўзабаве ў беларускіх лясох “паўстане моладзі атрад”. Верш гэты зьявіўся на старонках “Блакітнага ліхтара” ў пачатку 74-га, а праз колькі гадоў ягонага аўтара паклікалі ў шыхты Савецкай Арміі, і дахаты ён не вярнуўся: быў забіты, паводле афіцыйнай вэрсіі, таварышам па службе.

Сёньня, калі з часу разгрому альманаху мінула амаль чвэрць стагодзьдзя, дакараю сябе, што не зрабіў копіяў зьмешчаных у ім матэрыялаў. З памяці ўжо немагчыма аднавіць тыя ж Андрэевы вершы, а яны б і цяпер гучалі як выклік славутай беларускай “памяркоўнасьці” — халуйству й паталягічнай абачлівасьці, якімі здавёнчасу апаражаны наш народ і яго інтэлектуальны авангард — пісьменьніцкая братчына.

Зьмесьціва “Блакітнага ліхтара” — а ўсяго выйшла пятнаццаць сшыткаў — было далёкае ад літаратуры ў клясычным разуменьні гэтага слова. Пісалі мы розную лухту і таму жартам менавалі свой альманах “Блакітным лухтаром”. У паэзіі пераважала так званая “чарнільная лірыка”, у якой акцэнт рабіўся на эратычныя відзежы ды мілосныя перажываньні лірычнага героя. Рэй тут вёў Валеры Шлыкаў, якому належалі наступныя радкі:

Штосьці кепска стала жыць — Няма каго спакусваць... Што рабіць? Ды трэба піць! Піць і не закусываць.

Яшчэ адна папулярная паэтычная форма – гэтак званыя «агітвершы» (у апошніх нумарах мы іх сталі менаваць «агідвершамі»). Тут ужо рэй вёў я.

Там, на лузе, за ракою, дзе шуміць чарот, Адшукаў я выпадкова брудны, рваны бот. Я пяшчотна ўзяў абутак, кінуў дагары, Закрычаў я ўсяму сьвету (рэха ў бары), Скалануў я лугавіну ў жальбе і дакоры: «Здавайце, людзі, сыравіну у нарыхтканторы!»

А вось яшчэ адзін падобны твор:

Ночкай купальскай ў сярэдзіне летка Шукаюць, дурныя, папараць-кветку. Ходзяць яны з пратаемнымі марамі, Кветку шукаюць з пужлівымі тварамі. Гэй вы, дурныя, ідзіце лепш спаць, Годзе вам гэтую кветку шукаць. Калі жадаеце шчасьце здабыць – Трэба білет лятарэйны купіць!

Сканваўся «агідверш» заклікам: «Грамадзяне! Набывайце білеты Дзяржаўнай трохпрацэнтнай грашова-рэчавай лятарэі!»

Мелася ў альманаху й паэтычная рубрыка «Мама, пачытай!» Дзеля гэтай рубрыкі Валеры Шлыкаў напісаў тузін вершаў і нават невялікую паэму пра тое, «як згубіў вушасты слон звонкія падковы». Апроч таго ў кожным нумары зьмяшчаліся матэрыялы пра беларускіх паэтаў ды пісьменьнікаў і рознага кшталту разважаньні пра гаротны стан нацыянальнай культуры.