23 лютага 1968 году, на школьным “агеньчыку” — правобразу сёньняшняй моладзевай дыскатэкі, — я ўпершыню пачуў Валерыя Абадзінскага.
Трыццаць чатыры гады мінула з тае пары. Шмат што выпетрылася з памяці. А сіні лютаўскі адвячорак і дагэтуль жыве ў здранцьвелых нэйронах і кожнага разу, калі гучыць “Усходняя песьня”, нос мой казыча напаўзабыты пах таннай парфумы, уваччу паўстаюць сінія школьныя вокны, і цела, пазбыўшыся цяжару мінулых гадоў, становіцца лёгкім, і душа сьцепанаецца, як сьцепаналася яна той хвіляй, калі — усё на тым жа “агеньчыку” — дзяўчына з паралельнае клясы запрашала мяне на танец.
Пры канцы шасьцідзясятых салодка-ўедлівы голас Абадзінскага лунаў у кожнай падваротні. Ён вырываўся з разнасьцежаных вокнаў інтэрнатаў, скаланаў паветра танцпляцовак, заежджана сіпеў і заікаўся ў аддзелах грамкружэлак культтаварных крамаў. Ля аддзелаў заўсёды тоўпіліся вясковыя дзяўчыны, якія кожнага разу пыталіся ў прадаўшчыцы: — Абадзінскага прадаеце? — і прадаўшчыца, ставячы — соты раз на дзень — на казённы прайгравальнік “Усходнюю песьню” — з уздыхам адказвала: — Гэта мая кружэлка.”
Голас Валерыя Абадзінскага апанаваў прастору, стаў, поруч з азотам і тленам, кампанэнтам навакольнага паветра, ад якога ў тадышніх юнакоў і юначак сьціскаліся сэрцы і кружыліся галовы. І ў тую ж вясну я ўзьненавідзеў Абадзінскага.
Цяжка сказаць, як бы склалася маё жыцьцё, калі б увесну 68-га я не сустрэў на вуліцы знаёмага хлопца і той не прапанаваў мне завітаць да свайго стрыечнага брата.
— Братан пласьцінку прывёз, ансамбля “Бітлз”. Можам зайсьці, паслухаць.
Мы зайшлі, паслухалі і там жа, у братанавай кватэры, я выкуліўся з савецкай сыстэмы каардынат. Лівэрпульскія мальцы адкрылі мне вочы на сьвет і я ўбачыў: усё ў маёй краіне, у тым ліку і песьні Абадзінскага, — хлусьня і пошласьць.
— Пусть твердят, что пишет каждый в девятнадцать ле-ет...— сьпяваў Абадзінскі, а між тым самому сьпеваку было ўжо пад трыццаць. — Быць может мне ты скажешь “да”...— з цнатлівым прыдыханьнем выдаваў сьпявак, а сам, відаць, як і многія іншыя “майстры савецкай эстрады”, лекаваўся ад ганарэі.
Зрэшты, выклікалі агіду ня толькі прымітыўныя тэксты песень, але й манера выкананьня — “майстар савецкай эстрады” траха ня плакаў ад непазбыўнай тугі і манеру такую карцела назваць “курчамі на ўнітазе”.
Я пяць разоў набіраў і столькі ж разоў выкрэсьліваў з тэксту два апошнія абзацы. Юначыя асацыяцыі — рэч задужа суб’ектыўная, пагатоў, “de mortuis aut bene...” і ўсё такое. Аднак, падумаўшы, вырашыў пакінуць іх на паперы, бо бязь іх аповед выглядаў бы сацрэалістычна-кастрыраваным. І яшчэ адна абставіна прымусіла захаваць “суворы стыль” апавяданьня. Праз шмат гадоў — немаведама зь якой прычыны — мне прысьніўся Валеры Абадзінскі. Ён сядзеў на сасновых бярвеньнях, хутаўся ў зрэбнае дэмісэзоннае паліто, з прарэшкаў якога тырчэла шэрая вата, і з бляклай ўсьмешкай на твары глядзеў некуды ўдалячынь.
Я спытаў у Абадзінскага — чаму ён плакаўся ля мікрафону — сьпявак, усё з той жа бляклай усьмешкай, адказаў: — Жанчынам падабалася...— і, ні сказаўшы больш ні слова, даравальна паляпаў мяне па плячы.
У 1969 годзе папулярнасьць Абадзінскага сягнула апагею. Ягоныя, запісаныя на “саракапятках” гіты, разьляталіся па краіне і пад гэтую музыку маё пакаленьне любілася-кахалася, таўклося на танцпляцоўках і білася ў ваколіцах вясковых клюбаў. Абадзінскі сьпяваў пра “вочы насупраць”, пра “неадпраўленае пісьмо”, пра нейкую экзатычную Анжэлу і шчасьлівыя бацькі, пад уражаньнем абадзінскавай песьні, давалі гэтае імя сваім нованароджаным дачкам. Ну а некаторыя ягоныя песьні, такія, скажам, як гіт зь невыразнай назвай “Что-то случилось”, аўтарам якой быў румынскі кампазытар з рызыкоўным прозьвішчам Попа, наагул праймалі слабанэрвовую публіку да сьлёз. Я быў сьведкам: дзяўчына, што сядзела поруч са мной на канцэрце, пад час выкананьня Абадзінскім згаданага гіта, зайшлася ад несуцешнага плачу.
На наступны год “gloria mundi” Валерыя Абадзінскага пачала паволі мінацца: на сцэну — у літаральным і ўскосным сэнсе — выйшлі новыя куміры — вакальна-інструмэнтальныя ансамблі. Абадзінскага яшчэ круцілі на танцах і школьных вечарах, але рабілі гэта, хутчэй, па інэрцыі. Зрэшты, на вёсцы сьпявак у 1970-м быў па-ранейшаму папулярны. Тою парою давялося мне пабываць на танцах у адным зь вясковых клюбаў Гарадоцкага раёну і ня менш за сорак разоў за вечар пачуць абадзінскавае “Неадпраўленае пісьмо”. “Саракапятка” была дарэшты заежджаная, у адным месцы сьпявак пачынаў заікацца і таму ля прайгравальніка сядзеў падшпарак, які мусіў перасоўваць гуказдымальнік у “заікастым” месцы. Калі-нікалі падшпарак не пасьпяваў гэта зрабіць, Абадзінскі пачынаў заікацца і мясцовы “кароль танцаў”, які кружляў па клюбе ў абдымках загадчыцы гэтага самага клюбу, кожнага разу азіраўся і з робленай суворасьцю гукаў падшпарку: — Мішка... натаўку!