Я стаў сачыць за гульнёй і праз хвіліну адчуў, што на полі чагосьці не хапае. А яшчэ праз хвіліну за цэцаўскімі брамамі голасна чхнулі, мацюкнуліся й адчайдушна галёкнулі: — Хрушча на поле!
— Хрушча давай! — вырвалася адразу зь некалькіх глотак і таўстун, расхваляваўшыся, прызначыў штрафны ня ў той бок, куды трэба.
— Белых мячык, Андзюліс[1] ё...ы! — натужна вылаяўся сусед, заўзятары пачалі скандаваць: — Хру—шча! Хру—шча! — а нейкі падпіты дзядзька выдзер зь зямлі кутавы сьцяжок і пабег зь ім уздоўж лініі поля, патрабуючы замены судзьдзі. Гульцы спыніліся, пачалі аб чымсьці спрачацца, і таўстун даў сьвісток аб сканчэньні першага тайму.
Мы з сябрам пабеглі да лаўкі, на якой сядзеў сусед і ўадначас з намі да яе падбег капітан аўтабазаўскай каманды Пісьцюльга. Пісьцюльга лічыўся лепшым футбалістам горада і, па чутках, зусім не ўжываў гарэлкі.
— Пятровіч... зможаш? — задыхана мовіў капітан і Пятровіч, вытрымаўшы належную паўзу, рашуча падняўся на ногі.
Судзіў Хрушч як ніколі дагэтуль: бегаў ад брамаў да брамаў, дэманстраваў прафэсійныя жэсты ў стылі Тофіка Бахрамава[2], рашуча спыняў спрэчкі і, чаго раней не надаралася, запісваў у кніжачку нумары гульцоў, якія выходзілі на замену. І калі ў канцы сустрэчы сусед замёр на хвілю і, паказаўшы на цэнтар поля, даў фінальны сьвісток, за цэцаўскімі брамамі, а потым і за аўтабазаўскімі ўдарылі ў ладкі.
Да вачэй маіх, разганяючы журботны ўспамін, падляцела штосьці чорнае, стукнула па лобе, упала на мысок чаравіка.
Ля ног маіх ляжала шчарбатая кружэлка-саракапятка.
—“Что-то случилось” ( муз. Попы — русский текст Д. Иванова )[3]— прамармытаў я, зьдзьмуў пыл з налепкі, і толькі тады заўважыў двух падшывальцаў, якія стаялі на дарозе.
— Што... кружэлкі пускаем? — запытаўся я строгім голасам, і адзін з хлапцоў зь неахвотай кіўнуў галавою.
— Цябе як завуць?
— Валеркам, — з той жа неахвотаю азваўся падшывалец.
— А цябе... — зірнуў я на другога мальца, — Віцькам?
— Адкуль вы ведаеце? — уразіўся Віцька і праз імгненьне ўразіўся яшчэ болей, пабачыўшы, як сівы, лысаваты дзядзька пабег па дарозе і з маладым імпэтам шпурнуў у высокае неба шчарбатую кружэлку.
Ранак новага дня
Фантасмагорыя
Старшыня выбарчай камісіі Іван Канстанцінавіч Пісьцюльга пазяхнуў у жменю, скасіў вока на самотную постаць, што горбілася ў супрацьлеглым канцы спортзалі. Ад ранку там, пад швэдзкай сьценкай, сядзела пяцёра назіральнікаў, цяпер застаўся адзін – пэкабовец Сырапеня, які зацята глядзеў на выбарчую скрыню, а калі ў залю завітваў самотны выбаршчык, ліхаманкава пазначаў штосьці ў сваім блякноце.
— Ідыёт, — ледзь чутна прашаптаў Пісьцюльга, перабраў – дзеля выгляду – нейкія паперы, пасьля чаго патрабавальна павёў носам. Сырапеня, чалавек сталага веку, сядзеў ад самай раніцы, не выходзіў нават па пільнай патрэбе, і старшыня камісіі зь лёгкім спалохам падумаў – ці не схадзіў той, незнарок, пад сябе. Спалохі, аднак, былі недарэчнымі. У паветры луналі звычайныя для школьных спортзаляў пахі поту і прэлых матаў, а таксама парфумна-часнычны перагар, які струменіла намесьніца старшыні камісіі Леакадзія Газевіч. Намесьніца таксама перабірала паперы і нечакана, схамянуўшыся, крыкнула: — Не зачыняйце!
У пройме разнасьцежаных дзьвярэй краталася маленькая, падобная да Чабурашкі бабуля. Намесьніца старшыні падалася да выхаду, з пакутлівым уздыхам падняла перакуленую бабуляй плястмасавую сьметніцу. Прыпёршы сьметніцай дзьверы, Газевіч вярнулася на месца.
— Аво-ой, авой… — прасьпявала бабуля, дастаўшы з глыбіняў пацёхканай кацавейкі яшчэ больш пацёхканы савецкі пашпарт. — Я ж, дзеткі, хачу за Лукашэнку… Гэта ж ня дай Бог, калі Ганчарыка аберуць…
— Галасуйце за каго хочаце, але без агітацыі… Сёньня агітаваць забаронена, — паўжартам паведаміў Пісьцюльга, а Газевіч, разгарнуўшы бабульчын пашпарт, зь лёгкім дакорам заўважыла: — Што ж вы… э-э… Капіталіна Фролаўна… 18-га году нараджэньня, а ногі б’яце? Мы ж маглі з выязной скрыняй пад’ехаць.
— Аво-ой… якія ногі? – ізноўку засьпявала старая, — мяне ж зяць прывёз… на трахтары.
Бабуля нахілілася да Газевіч, загаварыла сьцішаным голасам:
— Кожны ж дзянёчак сюды езьдзіць… па чарніла. Дачка нашу магазыншчыцу ўпрасіла, каб тая не давала. Дык ён сюды панадзіўся езьдзіць. Па дзьве бутэлькі бярэ. Дадому даедзе – ужо і п’яненькі, — бабуля зірнула на Пісьцюльгу, потым на шыльду з надпісам “Старшыня камісіі” і загаварыла ўжо зусім прытоеным голасам. – Ён жа, таварышок, і Лукашэнку лае, асабліва як цілівізер уключыць. Я яму кажу: пасадзяць цябе, паскуду…
1
Футбольны рэфэры. У 1965 годзе судзіў фінальны матч розыгрыша Кубка СССР паміж маскоўскім “Спартаком” і менскім “Дынама” і, на думку беларускіх заўзятараў, дазволіў спартакаўцу Хусаінаву забіць гол са становішча па-за гульнёй.