Выбрать главу

Рапарт Мэгрэ ўжо ляжаў на стале камiсара, i Мэгрэ думаў пра гэта з глухой трывогай. Гэта быў ягоны першы рапарт. Ён усю ноч да дня старанна працаваў над iм, сiлячыся нiчога не ўпусцiць з зусiм яшчэ свежых у памяцi тэарэтычных выкладак.

Пасля падзей на вулiцы Шапталь флейтыст Жустэн Мiнар так i не пакiнуў Мэгрэ, правёў яго назад да самага камiсарыята. Яны спынiлiся ля ўвахода.

- Вы жанаты? - спытаў Мэгрэ.

- Жанаты.

- Жонка, напэўна, непакоiцца.

- Гэта не мае значэння.

I Жустэн зайшоў у камiсарыят. Мэгрэ занатаваў паказаннi музыканта, даў яму падпiсаць. Аднак флейтыст усё не iшоў дадому.

- Жонка ўчынiць вам скандал.

- Гэта не мае значэння, - з мяккай упартасцю паўтарыў Жустэн.

Чаму Мэгрэ думаў цяпер пра гэта? Ён амаль сiлай справадзiў яго на золку. Развiтваючыся, флейтыст нясмела i разам з тым настойлiва запытаўся:

- Вы дазволiце мне прыйсцi пабачыцца з вамi?

Ён падаў скаргу на дварэцкага Луi, у якой рашуча настойваў на ўмяшаннi палiцыi. Усе гэтыя паперы, прыведзеныя ў бездакорны парадак, ляжалi цяпер на стале камiсара, паверх штодзённых, менш значных рапартаў.

Рэдка хто бачыў, як прыходзiў Максiм Лё Брэ, таму што iшоў ён бакавым калiдорам i трапляў проста ў свой кабiнет, але прыход яго быў чуцён, i на гэты раз у Мэгрэ ёкнула сэрца.

На лаве ўжо месцiлася з тузiн звычайных клiентаў, у большасцi бедных людзей, галоты; ён па чарзе выклiкаў кожнага, выдаваў даведку аб месцы жыхарства цi аб маёмасным становiшчы, рэгiстраваў згубленыя цi знойдзеныя рэчы, адпраўляў у камеру падабраных на бульварах жабракоў цi гандляроў забароненымi таварамi.

Пад насценным гадзiннiкам у чорным футарале цьмяна паблiскваў каўпак электрычнага званка, i калi гэты званок зазвiнiць...

Мэгрэ прыкiнуў, што спатрэбiцца хвiлiн дванаццаць, каб прачытаць ягоны рапарт i паказаннi сведкi Мiнара. Мiнула дваццаць хвiлiн, а выклiку ўсё не было, i толькi лёгкае шчоўканне званка пасведчыла, што шэф прасiў злучыць яго з некiм па тэлефоне.

Абабiтыя дзверы аддзялялi кабiнет Лё Брэ ад залы камiсарыята. Яны заглушалi нават самыя гучныя галасы.

Цi не з Рышарам Жандро, сваiм частым сатрапезнiкам, перагаворваўся па тэлефоне Лё Брэ?

Званка не было. Раптам дзверы прыадчынiлiся.

- Мэгрэ!

"Добрая прыкмета? Цi кепская?"

- Зайдзiце, дружа.

Перш чым сесцi за стол, камiсар, пыхкаючы цыгарэтай, некалькi разоў абышоў пакой. Нарэшце ён паклаў руку на папку з паперамi, памаўчаў, нiбы падбiраючы словы, уздыхнуў:

- Я прачытаў вашы цыдулкi.

- Слухаю, месье камiсар.

- Вы зрабiлi так, як былi абавязаны зрабiць. Ваш рапарт вельмi талковы, вельмi скрупулёзны.

- Дзякую, месье камiсар.

- У iм нават пра мяне iдзе гаворка.

Ён жэстам спынiў Мэгрэ, якi памкнуўся запярэчыць.

- Гэта зусiм не папрок, наадварот.

- Я стараўся як мага дакладней запiсаць усё бачанае i пачутае.

- I вы мелi магчымасць агледзець увесь дом?

- Мяне вадзiлi з пакоя ў пакой.

- I вы маглi ўпэўнiцца, што нiчога надзвычайнага не аказалася?

- У пакоi, азначаным Жустэнам Мiнарам, цюлевая фiранка была прышчэмлена рамай, як быццам той, хто зачыняў акно, вельмi спяшаўся.

- Але гэта магло быць зроблена невядома калi, цi ж не так? Дзе доказ, што фiранка прышчэмлена толькi што, а не шмат дзён назад?

- Бацька, месье Фелiсьен Жандро-Бальтазар, як мне падалося, вельмi ўсхваляваўся, калi ўбачыў мяне ў доме.

- Вы напiсалi - "перапалохаўся".

- Такое маё ўражанне.

- Я асабiста ведаю Жандро, мы некалькi разоў на тыдзень сустракаемся з iм у клубе.

- Я ведаю гэта, месье камiсар.

Камiсара - сiмпатычнага, пародзiстага мужчыну - можна было бачыць на ўсiх свецкiх прыёмах, таму што ён быў жанаты на адной з самых заможных спадкаемнiц Парыжа. Аднак, нягледзячы на свой вобраз жыцця, ён усё ж прымушаў сябе настойлiва працаваць. Павекi яго ўкрывала тонкая сетка зморшчынак, ля вачэй вырысоўвалiся глыбокiя "гусiныя лапкi". Вiдаць, гэтай ноччу, як, зрэшты, i большасцю папярэднiх, ён спаў не даўжэй за Мэгрэ.

- Паклiчце да мяне Бесана.

Бесан быў той адзiны iнспектар, якога пакiнулi ў камiсарыяце на час манаршага вiзiту.

- У мяне ёсць для вас адна работка, Бесан.

Ён вырваў з блакнота лiсток, запiсаў на iм прозвiшча i адрас флейтыста Жустэна Мiнара.

- Збярыце, калi ласка, усе звесткi пра гэтага чалавека, месье. I чым хутчэй, тым лепей.

Бесан зiрнуў на адрас, узрадаваўся, што працаваць давядзецца ў самiм Парыжы, i паабяцаў:

- Будзе зроблена, шэф.

Застаўшыся сам-насам з Мэгрэ, камiсар ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i прамовiў:

- Вось так. Лiчу, што гэта адзiнае, што трэба зрабiць перш за ўсё.

* * *

Седзячы за сваiм чорным сталом, Мэгрэ з невядомай яму дагэтуль раздражнёнасцю разбiраў зашмальцаваныя паперы, выслухоўваў скаргi канс'ержаў i тлумачэннi вулiчных гандляроў.

Самыя крайнiя рашэннi прыходзiлi яму ў галаву: напрыклад, неадкладна падаць у адстаўку. Выходзiць, усё, што камiсар, на яго думку, у сiле зрабiць гэта сабраць звесткi аб флейтысце! Дык чаму б ужо i не арыштаваць яго дый не адлупцаваць заадно?!

Мэгрэ таксама мог бы пазванiць вышэйшаму начальству альбо нават пайсцi да яго на прыём. Ён быў асабiста знаёмы з Ксаўе Гiшарам, шэфам Вышукной палiцыi. Ксаўе Гiшар даволi часта праводзiў свой адпачынак непадалёку ад iх вёскi ў Алье i колiсь сябраваў з бацькам Мэгрэ.

Ён не тое што памагаў Мэгрэ, але непрыкметна ўвесь час сачыў за iм здалёку, цi, дакладней, зверху, i, вiдаць, менавiта пры яго садзейнiчаннi вось ужо чатыры гады Мэгрэ пастаянна пераводзiлi з адной работы на другую, каб ён на ўласным вопыце пазнаёмiўся з усiмi спружынамi палiцэйскай службы.

"Мiнар не вар'ят. I не быў п'яны. Ён сваiмi вачыма бачыў, як расчынiлася акно. I чуў стрэл. I я сам выдатна бачыў масляныя плямы на брусчатцы". Ён абурана выкажа ўсё гэта. I запатрабуе... Нечакана яго асянiла думка. Ён выйшаў з пакою, спусцiўся па сходках з трох прыступак унiз i апынуўся ў дзяжурцы, дзе палiцэйскiя рэзалiся ў карты.

- Скажыце, брыгадзiр, ужо ўсе паставыя, якiя дзяжурылi сёння ноччу, паздавалi рапарты?

- Не, не ўсе.

- Мне б хацелася, каб вы задалi iм адно пытанне. Я хацеў бы ведаць, цi не прыкмецiў хто-небудзь з вашых памiж апоўначчу i дзвюма гадзiнамi ночы аўтамабiль маркi "дыён-бутон" у нашым квартале. Нам невядома: апрача шафёра, быў яшчэ хто-небудзь у машыне цi не?

Абыдземся без камiсара! "Усялякае распачатае следства цi назiранне..."

Ён выдатна ведаў тэорыю. Бальтазар гэта цi не Бальтазар, а следства вядзе ён.

Гадзiне а дванаццатай яго апанавала дрымота, але яго чарга iсцi на полудзень яшчэ не падышла. Павекi злiпалiся. Часам ён нават па два разы задаваў адно i тое ж пытанне сваiм клiентам.

З'явiўся Бесан. Водар абсенту зыходзiў ад яго вусоў i нагадваў пра прахалоду "бiстро" цi пра мяккае асвятленне ўтульнай тэрасы якой-небудзь кавярнi на Вялiкiх Бульварах.

- Шэф яшчэ тут?

Камiсара на месцы ўжо не аказалася, i Бесан сеў за стол, каб скласцi пiсьмовы рапарт.

- Няшчасны чалавек! - уздыхнуў ён.

- Хто?

- Музыкант.

I Бесан, свежы, ружовашчокi здаравячок, працягваў:

- Па-першае, ён сухотнiк. Аднаго гэтага аж занадта. Вось ужо два гады, як яго намагаюцца адправiць у горы, але ён i слухаць не хоча.

У бок плошчы Сэн-Жорж галопам праскакалi конi. Ранiцай на плошчы Iнвалiдаў адбыўся парад, i цяпер вайсковыя часцi вярталiся ў казармы. У горадзе ўсё яшчэ панавала ўзбуджанасць, усюды, куды нi глянь, калыхалiся сцягi, разгульвалi ваенныя ў параднай форме, грымелi аркестры, стракаты натоўп спяшаўся да Елiсейскага палаца, дзе давалася афiцыйнае снеданне.