Выбрать главу

- Жывуць яны ў двухпакаёвай кватэры, вокнамi ў двор. Шосты паверх без лiфта.

- Вы хадзiлi да iх?

- Я перакiнуўся словам спярша з вугальшчыкам, якi жыве ў тым жа доме, пасля з канс'ержкай, яна аказалася маёй зямлячкай. I зiмой i летам кватаранты скардзяцца ёй на флейтыста, што ён дзень пры днi грае ля насцеж расчыненага акна. Канс'ержка вельмi добра адносiцца да яго. Вугальшчык таксама, хоць флейтыст i завiнавацiўся яму за вугаль. Што да ягонай кабеты...

- Вы бачылi яе?..

- Яна якраз выйшла з дому, калi я сядзеў у канс'ержкi. Мажная пышная брунетка, а вочы так i сыплюць зоркi! Кармен, дый годзе! Вечна ў халаце i ў шлёпанцах шпацыруе па навакольных крамах. Толькi i занятку ў яе, што ходзiць па гадалках. Мужа грызе без адхлання. Канс'ержка божыцца, што яна нават б'е яго. Няшчасны чалавек!..

Бесан вымучыў некалькi радкоў: складаць рапарты было яму цяжка.

- Я сеў у метро i адправiўся ў рэстарацыю "Клiшы", каб пагаварыць з начальствам флейтыста. Нiчога благога мне пра яго не сказалi. Не п'е. На работу прыходзiць заўсёды на пяць хвiлiн раней. З усiмi ветлiвы, а касiрка проста ў захапленнi ад яго.

- А дзе ён сам?

- Не ведаю. Але дома не было. Канс'ержка сказала б.

Мэгрэ выйшаў з камiсарыята i рушыў у невялiчкi бар на плошчы Сэн-Жорж з'есцi пару крутых яек ды выпiць куфаль пiва. А калi вярнуўся, на яго стале ляжала запiска ад брыгадзiра.

"Паставы Жульян заўважыў, што а палове другой ночы ля дома No 23 на вулiцы Мансар спыняўся аўтамабiль маркi "дыён-бутон". Акрамя шафёра, прыкметы якога супадаюць з вашымi, у iм нiкога не было. Машына хвiлiн дзесяць стаяла на вулiцы Мансар, потым рушыла ў напрамку вулiцы Бланш".

Пад насценным гадзiннiкам зазвiнеў званок, i Мэгрэ паспешлiва падхапiўся, расчынiў абабiтыя дзверы. Камiсар ужо вярнуўся, i Мэгрэ ўбачыў на стале раскладзеныя лiсткi свайго рапарта, спярэшчаныя чырвоным алоўкам.

- Заходзьце, калега. Сядайце.

Даволi рэдкая ласка: звычайна камiсар ахвотней дазваляў сваiм падначаленым стаяць перад iм навыцяжку.

- Вы, напэўна, увесь ранак праклiналi мяне?

Ён таксама быў у мундзiры, але яго мундзiр быў пашыты ў найлепшага краўца з Вандомскай плошчы, а жылет, як заўсёды, быў самага моднага колеру.

- Я ўважлiва перачытаў ваш рапарт. Цудоўны рапарт, дарэчы, - здаецца, я ўжо казаў вам гэта. Пагаварыў я i з Бесанам наконт вашага прыяцеля флейтыста.

Мэгрэ вырашыў дзейнiчаць напралом.

- Жандро-Бальтазары не званiлi вам?

- Званiлi, але размова адбылася зусiм не ў тым тоне, у якiм вам здаецца. Рышар Жандро трымаўся цудоўна, хоць ён злёгку i кпiў з вас i з вашай заўзятасцi! Вы, безумоўна, чакалi, што ён будзе скардзiцца? Аднак рэакцыя аказалася якраз адваротнай. Тое, што ён палiчыў вас нявопытным i гарачым, гэта, спадзяюся, не крыўдзiць вас. Менавiта пагэтаму ён i не вытрымаў, дазволiўшы сабе мiлы жарт - расчынiў перад вамi дзверы свайго дома.

Мэгрэ насупiўся. А начальнiк глядзеў на яго з хiтраватай усмешкай - з той усмешкай, якая так адметна аддзяляе ўсiх "сытых", цi, як цяпер можна сказаць, усiх "марнатраўцаў жыцця" ад рэшты шэрага люду.

- А цяпер скажыце, дарагi, што б на маiм месцы зрабiлi вы сёння ранiцай.

Мэгрэ прамаўчаў. I ён прадоўжыў:

- Запатрабавалi б ордэр на вобыск? Па-першае, на якой падставе? Хiба нам падалi скаргу? Ва ўсякiм выпадку, не на Жандро. Хiба перад намi сур'ёзнае правапарушэнне? Анiякага. Хiба маюцца параненыя цi забiтыя? Наколькi нам вядома, няма. Сёння ноччу вы самi праверылi дом ад кутка да кутка, бачылi ўсiх яго насельнiкаў, сяго-таго нават у неглiжэ. Зразумейце мяне правiльна. Можна толькi здагадвацца, што вы перадумалi за сённяшнi ранак. Я прыяцель Жандро. Часта бываю ў iх. Належу да таго ж асяроддзя, што i яны. Прызнайцеся, што вы праклiналi мяне.

- Але ёсць сведкавае паказанне i скарга Мiнара.

- Таго самага флейтыста, я помню. А палове другой гадзiны ночы ён спрабуе сiлай уварвацца ў асабняк толькi таму, што яму памроiлiся крыкi аб ратунку.

- Ён бачыў...

- Не забывайце, што ён адзiны, хто нешта бачыў. Не ўстрывожыўся анiводзiн сусед. Пастаўце сябе на месца дварэцкага, разбуджанага грукатам у дзверы.

- Прабачце! Памянёны Луi быў у фраку, нават пры гальштуку, i гэта а палове другой ночы. А ў доме, калi Мiнар пазванiў, не было нi агеньчыка.

- Ну, дапусцiм. Але заўважце: гэта ўсё той жа ваш флейтыст заяўляе, што дварэцкi быў пры поўным парадзе. Ну дапусцiм, што так яно i было. Дык хiба гэта правiннасць? Праўда, Мiнара выставiлi за дзверы занадта груба. Але як зрэагавалi б вы, калi б якi-небудзь малойчык уварваўся ў ваш дом, даказваючы, што вы забiваеце ўласную жонку?

Ён працягнуў свой залаты партсiгар Мэгрэ, якi зноў вымушаны быў нагадаць яму, што цыгарэт ён не палiць. Проста такая была ў Лё Брэ прывычка паблажлiвы жэст арыстакрата.

- Цяпер разгледзiм пытанне з чыста адмiнiстрацыйнага боку. Вы склалi рапарт, i ён павiнен будзе ўрэшце легчы на стол прэфекта палiцыi, якi вырашыць, перадаваць яго ў пракуратуру цi не. Скарга флейтыста на дварэцкага таксама рушыць па адпаведных каналах.

Мэгрэ дапытлiва паглядзеў на шэфа сярдзiтымi вачамi i зноў падумаў пра адстаўку. Ён ужо здагадваўся, пра што пойдзе гаворка далей.

- Сям'я Жандро-Бальтазараў адна з самых вiдных у Парыжы. Любая бульварная газецiнка аж падскочыць ад шчасця, калi намi будзе дапушчана хоць найдробязнейшая недалiкатнасць.

- Я зразумеў вас, - суха прамовiў Мэгрэ.

- Вы ненавiдзiце мяне, цi ж не так? Вы думаеце, што я прыкрываю гэтых людзей, таму што яны багацеi i мае сябры.

Мэгрэ памкнуўся згрэбцi са стала паперы i парваць iх на шматкi - намёк камiсара быў болей чым празрысты. Потым ён вернецца ў агульную залу i па магчымасцi цвёрдым почыркам напiша заяву аб звальненнi.

- А цяпер, мiлы мой Мэгрэ, хачу вам нешта паведамiць.

Пацешна: насмешка набывала эфектную канцоўку.

- Ранiцай, пакуль я чытаў ваш рапарт, пакуль размаўляў з вамi, штось такое ўвесь час не давала мне спакою. Штось такое турбавала i нiяк не магло ўспомнiцца. З вамi такое здараецца? Ведаеш, што павiнен - абавязкова! павiнен нешта ўспомнiць, але чым больш намагаешся, тым меней удаецца. Я адчуваў, што гэта нешта вельмi важнае, што яно нават здольна змянiць усю справу. А высветлiлася ўсё на снеданнi. У пiку сваёй звычцы, я пайшоў снедаць дадому, таму што ў нас былi госцi. I вось, глянуўшы на жонку, я адразу ўзнавiў у памяцi кончык згубленага ланцужка. Аказваецца, мяне ўсю ранiцу непакоiла адна прамоўленая ёю фраза. Але што дакладна яна сказала? Раптам, у самы разгар снедання, успомнiў. Учора, перад тым як паехаць з дому, я, як звычайна, запытаўся: "Што ты будзеш рабiць сёння вечарам?"

I жонка адказала:

- Паедзем з Элiз i Бернадэтай пiць гарбату ў Сент-Анарэ.

Бернадэта - гэта графiня д'Эсцiро. А Элiз - гэта Элiз Жандро-Бальтазар.

Ён змоўк i паглядзеў на Мэгрэ сваiмi блiскучымi вачыма.

- Вось такiя справы, калега. Мне заставалася толькi высветлiць, цi сапраўды ўчора а семнаццатай гадзiне Элiз Жандро пiла гарбату разам з маёй жонкай у адным з салонаў Пiфана. Яна была там, жонка пацвердзiла гэта. I нi разу не ўпамянула пра тое, што Элiз едзе ў Ансеваль. Вярнуўшыся сюды, я старанна перачытаў ваш рапарт.

Твар Мэгрэ праяснiўся, i ён ужо раскрыў рот, каб даць волю сваёй радасцi, але...

- Хвiлiнку! Не надта спяшайцеся. Сёння ноччу вы бачылi, што пакой Элiз Жандро быў пусты. Яе брат заявiў, што яна ў Ньеўры.

- Значыць...

- Нiчога не значыць. Рышар Жандро не пад прысягай казаў вам гэта. У вас не было нi ордэра, нi падстаў для допыту.