Выбрать главу

- Але цяпер...

- Цяпер не болей, чым учора. Вось чаму я раю вам...

Мэгрэ зусiм разгубiўся. Быццам яго палiвалi то варам, то ледзяной вадой, i ён канчаткова быў збiты з панталыку. Яму стала душна. Якое прынiжэнне: з iм абыходзiлiся, як з дзiцем!

- Дзе i як вы збiраецеся адпачываць?

Пытанне было такое недарэчнае, што Мэгрэ праз сiлу сказаў, як выдавiўшы з сябе:

- Не.

- Наколькi мне вядома, чыноўнiкi маюць звычку загадзя рыхтавацца да адпускоў. Аднак, калi жадаеце, можаце ўзяць водпуск ужо цяпер, з сённяшняга дня. Я нават спадзяюся, што гэта ў нейкай ступенi супакоiць мае сумненнi. Тым болей, калi ў вас няма намеру пакiдаць Парыж. Палiцэйскi ў водпуску - ужо не палiцэйскi, ён можа дазволiць сабе такiя ўчынкi, за якiя адмiнiстрацыя не нясе адказнасцi.

Зноў надзея. Але Мэгрэ ўсё яшчэ баяўся верыць. Чакаў ад камiсара новага каленца.

- Спадзяюся, канешне, што скарга на вас ўсё ж не паступiць. Калi ж у вас узнiкне часам неабходнасць нешта паведамiць мне цi проста параiцца, званiце на бульвар Курсэль. Нумар майго тэлефона знойдзеце ў тэлефонным даведнiку.

Мэгрэ зноў памкнуўся штось сказаць - на гэты раз каб падзякаваць, але камiсар ужо злёгку падштурхоўваў яго да дзвярэй. I раптам, нiбыта ўспомнiўшы нешта зусiм дробязнае, прамовiў:

- Дарэчы, вось ужо шэсць цi сем гадоў, як Фелiсьен Жандро-бацька знаходзiцца пад сямейнай апекай, нiбы юны ветрагон. З таго часу як памерла мацi, усе справы фактычна вядзе Рышар. Як здароўе вашай жонкi? Трошкi прывыкае да Парыжа, да сваёй новай кватэры?

Жылiстая рука шэфа пацiснула руку Мэгрэ, i ён апынуўся за абабiтымi дзвярыма. Усё яшчэ разгублены i прыгнечаны, ён машынальна падаўся да свайго стала, i раптам яго позiрк спынiўся на адной з постацей на лаве па той бок бар'ера.

Там сядзеў флейтыст Жустэн. У чорным, але на гэты раз ужо не ў вячэрнiм, фраку i без плашча, ён пакорлiва чакаў сваёй чаргi, прымасцiўшыся памiж нейкiм бадзягам i таўстухай у зялёнай шалi, якая кармiла грудзьмi немаўля.

Музыкант глянуў на Мэгрэ, нiбыта пытаючыся дазволу падысцi да бар'ера. Мэгрэ прывiтальна кiўнуў яму, сабраў паперы i перадаў справы аднаму з калег.

- Iду ў водпуск!

- У водпуск?! У красавiку, ды яшчэ калi ў нас на шыi яго вялiкасць?!

- Уявi сабе, водпуск!

Тады другi саслужывец, ведаючы, шго Мэгрэ нядаўна ажанiўся, запытаў:

- Што, дзiця?

- Не.

- Захварэў?

- Не.

Гэта ўжо збiвала з тропу, i саслужывец недаўменна пакруцiў галавой:

- Ну што ж. Справа твая. Прыемнага адпачынку! Шанцуе ж людзям!

Мэгрэ ўзяў свой кацялок, надзеў манжэты - ён скiдаў iх, прыходзячы на работу, - выйшаў за барь'ер, якi аддзяляў службоўцаў ад наведвальнiкаў. Жустэн Мiнар таксама падняўся i вельмi натуральна моўчкi рушыў следам.

Цi не задала яму чосу зласлiвая жонка, пра якую расказваў Бесан? Як бы там нi было, н быў тут. Светлавалосы, шчуплы, з румянымi скуламi i блакiтнымi вачыма, ён не адставаў ад Мэгрэ, як прыблудны цюцька ад выпадковага прахожага.

Вулiцы былi залiты сонцам, над вокнамi развявалiся сцягi. Здавалася, аж паветра трымцiць ад наярвання труб i пошчаку барабанаў. Людзi iшлi саяточна прыўзнятыя i вясёлыя, i ад таго, што то тут, то там на вочы траплялiся ваенныя, мiжволi i цывiльныя падцягвалiся i распраўлялi плечы.

Калi Мiнар нарэшце асмелiўся параўняцца з Мэгрэ, ён спагадлiва запытаў:

- Вас звольнiлi?

Ён, мабыць, лiчыў, што палiцэйскага чыноўнiка звольнiць гэтак жа проста, як флейтыста з аркестра, i яму было невыносна ад думкi, што гэта здарылася па яго вiне.

- Не звольнiлi. Мне далi водпуск.

- Вось як!

Гэта "вось як!" вырвалася вельмi ўзрушана. У iм гучала занепакоенасць i прытоены папрок.

- Яны палiчылi за лепшае часова адхiлiць вас ад спраў, так? Выходзiць, яны намераны ўсё замяць? А як жа мая скарга?

Голас яго загучаў сушэй.

- Прынамсi, хоць маю скаргу яны не пакладуць пад сукно? Хачу адразу ж папярэдзiць вас, што гэтага я не дапушчу.

- Скарга разбiраецца ва ўстаноўленым парадку.

- Выдатна! Тым болей што ў мяне ёсць для вас сякiя-такiя навiны. Ва ўсякiм разе, адна...

Яны ўжо дайшлi да правiнцыяльна-цiхай плошчы Сэн-Жорж з невялiчкiм "бiстро", дзе вечна пахла белым вiном. Мэгрэ прывычна штурхнуў уваходныя дзверы. У гэтыя гадзiны пасля полудня ў паветры i сапраўды, здавалася, веяла адпачынкам. Цынкавая стойка была надраена да бляску, а налiтае ў чаркi вiно аж прамянiлася зеленаватымi водблiскамi, наганяючы смагу.

- Вы сказалi, што бачылi ў доме Жандро дзвюх пакаёвак. Я правiльна зразумеў вас?

- Жэрмену i Мары, - без запiнкi пацвердзiў Мэгрэ. - Не лiчачы мадам Луi, кухаркi.

- Дык вось: пакаёўка была толькi адна!

Вочы музыканта свяцiлiся дзiцячай радасцю, i сам ён, як нiколi, нагадваў цяпер вернага сабачку, якi прынёс палачку свайму гаспадару.

- Я размаўляў з малочнiцай, якая носiць малако ў асабняк Жандро. Яе крамка на вулiцы Фантэн, на рагу, якраз побач з тытунёвай крамкай.

Мэгрэ, трошкi збянтэжаны, са здзiўленнем глядзеў на флейтыста i ўсё не мог пазбавiцца ад чуткi пра лупцоўкi, якiя ўсчыняла яму яго Кармэн.

- Старэйшая пакаёўка, Жэрмена, ад суботы ва Ўазе, у сваёй цяжарнай сястры... Дык вось, днём я звычайна вольны, вы разумееце?..

- А як ваша жонка?

- Гэта не мае значэння, - прамовiў ён даволi абыякава. - Я падумаў, што калi вы маеце намер прадаўжаць следства, то, можа, i я змагу быць вам карысны. Сам не ведаю, але людзi ўвогуле даволi прыязна адносяцца да мяне.

"Толькi не Кармэн!" - падумаў Мэгрэ.

- Чакайце. Сёння частую я. Так, так! I не пярэчце! Калi сам я п'ю толькi лiманад, гэта яшчэ не азначае, што я не магу пачаставаць вас чаркай вiна. А што да водпуска, то вы, спадзяюся, проста пажартавалi?

Калi Мэгрэ i прамаўчаў, то няўжо ён гэтым выдаў службовую тайну?!

- Калi гэта быў не жарт, то вы мяне проста расчаравалi б, слова гонару! Я не ведаю гаспадароў гэтага асабняка. I асабiста да iх я нiчога не маю, хоць iхнi Луi i выглядае сапраўдным бандытам з вялiкай дарогi i яны нахлусiлi вам.

Маленькая дзяўчынка ў чырвонай сукенцы прадавала зусiм свежую мiмозу, прывезеную з Нiццы, i Мэгрэ купiў некалькi галiнак для жонкi, якая ведала Лазурны бераг толькi па каляровых паштоўках з вiдам залiва Анёлаў.

- Вы толькi скажыце, што я павiнен рабiць. I, калi ласка, не бойцеся, што я стану назаляць вам! Я прывык маўчаць!

Флейтыст умольна глядзеў на Мэгрэ. Яму так карцела прапанаваць сакратару яшчэ чарачку, - а можа, i ўдасца ўгаварыць яго! - але ён не пасмеў.

- У сходных дамах хапае ўсялякай дрэнi. Але ж ад людзей нiчога не ўтоiш. Прыслуга, звычайна, любiць памянташыць языком, дый пастаўшчыкi шмат што ведаюць.

Машынальна, не ўсведамляючы, што ён, па сутнасцi, змацоўвае свой саюз з флейтыстам, Мэгрэ прамармытаў:

- Аказваецца, мадэмуазель Жандро не ў Ансевалi, як сцвярджаў яе брат.

- А дзе ж яна?

- Раз пакаёўка Жэрмена паехала ў вёску, то, вiдавочна, замест яе мне паказалi ў пакоi Жэрмены напаўраздзетую Элiз Жандро.

Гэтая новая акалiчнасць прыводзiла Мэгрэ ў замяшанне. Яго юнацтва прайшло пад дахам замка, упраўляючым якога быў ягоны бацька. У iм мiжволi ўкаранiлася павага да слынных, да багатых. Самае цiкавае, што i флейтыст падзяляў яго няёмкасць, даволi доўга маўчаў, апусцiўшы вочы ў шклянку з лiманадам.

- Вы думаеце? - нарэшце, усхваляваны, запытаўся ён.

- Ва ўсякiм выпадку, у пакоi служанкi была нейкая таўстушка, ад якой пахла вiном.

I гэта таксама было няёмка прыгадваць, як быццам ад заможных спадкаемнiц, чые прозвiшчы вялiкiмi лiтарамi красуюцца на сценах метро, не можа патыхаць вiном, як ад вясковых дзевак.

Абодва, Мэгрэ i Жустэн, замоўклi i, седзячы са сваiмi чаркамi, удыхаючы водар мiмозы, белага вiна i сiтро, адчуваючы патылiцамi ласкавае цяпло сонечных промняў, задумалiся кожны пра сваё. I Мэгрэ ажно ўздрыгнуў, калi голас яго таварыша вярнуў яго да рэчаiснасцi: