Выбрать главу

Росту ён высокага, цела дужае, кудлатая чор¬навалосая галава, велізарная залатая барада, якая ганяе па свеце вецер. Ездзіць па небе на вогненнай залатой калясніцы, запрэжанай невядома якой колькасцю крылатых рысакоў. Пільна сочыць за парадкам у паднябессі і на зямлі. У правай руцэ трымае велізарны лук, які нагадвае разнаколерную вясёлку. З аднаго боку вісіць капшук з вогненнымі стрэламі-маланкамі, якія выкаваў для яго сам бог агню і кавальскай справы Жыжаль. З другога — скураная торба з каменнымі сякерамі. Сімвалам Перуна здаўна лічыўся конь, выяву якога ў спалучэнні з сімвалам агню людзі выразалі на налічніках сваіх хат як надзейны абярэг ад злога.

Характар у Перуна запальчывы. Калі засярдуе барадаты велікан, пачынае шпурляць на зямлю свае страшныя сякеры. З нечуваным гулам і аглушальным трэскам ляцяць яны праз усе шэсць нябёсаў, выкрасаюць маланкі ды снапы іс¬краў. Воблакі і хмары праліваюцца тады даждом. Які б вораг ні трапіўся, ніхто жывым не застанецца. Сякера ж глыбока ў поле ўрэжацца, ажно зямля здрыганецца, а выбух несціханым рэхам коціц¬ца па палях і лясах. Калі ж пашанцуе некаму знайсці тую Перунову сякеру, то на ўсё жыццё шчаслівым стане. І знаходзілі, відаць. Вунь колькі беларусаў шчаслівымі ды радымі на сва¬ёй зямлі пачуваліся!

Мо гэта менавіта яны называлі ў яго гонар розныя мясціны? Дагэтуль захаваліся на нашай зямлі Перунова гара, Перунова поле, Перуноў дуб, Пярун-камень. Земляробы заўсёды з нецярпеннем чакалі першага вясенняга грому, якім Пярун адмыкаў зямлю. Пасля гэтага можна было пачынаць працу ў полі. Існавала павер’е, што падчас першага грому варта пакачацца спіной па зямлі, тады ніколі не прыстануць ніякія хваробы. Людзі баяліся залішняй ваяўнічасці Перуна, але і моцна шанавалі яго. Найперш за тое, што абараняў дабро і караў зло. А яшчэ — што падараваў ім агонь. Таму на старажытных капішчах — так называлі даўней язычніцкія свяцілішчы — перад выявай Перуна днём і ноччу гарэў святы непагасны Зніч. Часам і самога Перуна называлі агнём. Ці не адсюль паходзіць праклён: «Каб цябе Пярун спаліў»?

Каб не сердаваў, Перуна стараліся задобрыць, яму прыносілі ахвяры, шанавалі ягонае свяшчэннае дрэва — дуб, ягоную птушку — арла. З пашанай звярталіся да ягонай жонкі Грамаўніцы, якая лічылася багіняй лета.

Калісьці ў Вільні знаходзілася самае галоўнае капішча нашых продкаў — капішча Перуна. Ягоная выява разам з выявамі іншых язычніцкіх багоў стаяла і ў Пантэоне кіеўскага князя Уладзіміра, які абвясціў Перуна галоўным сярод багоў.

Панаваў Пярун найбольш летам, таму ягоны дзень святкавалі 20 ліпеня. А калі на зямлю прыходзіў бог холаду Зюзя, Пярун з’язджаў туды, дзе цяплынь ды гарачыня — на сёмае неба. Але, здаралася, вяртаўся ў ранейшыя ўладанні і зімой. Страшнымі былі тады ягоныя вогненныя стрэлы, шмат бяды прыносілі.

Людзі лічаць, што Пярун апякуецца бусламі. Яны дагэтуль вераць: там, дзе пасе¬ліцца бусел, запануе згода і шчасце, а ў той дом, каля якога буслінае гняздо, не б’е Пярун з маланкай. Калі ж, крый Божа, буслы не вярталіся з выраю, трэба было чакаць вялікай бяды.

Пераемнікам Перуна пасля прыняцця хрысціянства стаў прарок Ілля. На ўсё, што ўмеў рабіць Пярун, здатны і Ілля. У вогненнай калясніцы ўзнёсся ён на неба і адтуль кіруе громам. Іллёў дзень прыпадае на 2 жніўня. У гэты час бывае шмат шумных навальніц з гулкімі грымотамі і бляскам маланак. Каб не гнявіць нябеснага жыхара, людзі ў гэты дзень не працавалі на полі. Ілля так прыйшоўся даспадобы, што ягоныя дзеянні часам не адрознівалі ад Перуновых.

ВЯЛЕС

Далёка за межамі Беларусі вядомы горад Брэст. Легенда сведчыць, што заснавальнікам яго стаў адзін багаты купец. Вёз ён свой тавар праз тутэйшыя балоты. Ды збіўся з дарогі, трапіў у такую багну, што вось-вось з жыццём развітаецца. Але не разгубіўся, пачаў масціць дарогу бяростаю ды бярозамі. Так і ўратаваўся разам з таварам. А каб аддзячыць вышэйшай сіле за спагаду, заснаваў капішча ў гонар бога Вяле2са, прынёс яму ахвяры. Неўзабаве на гэтым месцы вырас старажытны горад, названы Бярэсцем.