Выбрать главу

Жніво

Сялянскім жанчынам

Рэдкае збожжа, травы палавіна, Колас ня гнецца зярном да зямлі. Знаць, нешчасьліва была та часіна, Як кідалі зерне сяўцы па ральлі.
Выйшлі на поле вось жнеі зь сярпамі, Ў лапцях лазовых, а хто без лапцей; Ніва пустымі шуміць каласамі, Ніва ня цешыць жаночых вачэй.
Цяжка ўздыхнуўшы, збанкі пастаўлялі, Клункі на межы паклалі жанкі. Бабы старыя свой твар пажагналі, Моўчкі за працу ўзяліся дзяўкі.
Горача ў полі. Эх, жар дакучае, Праца марудна, бясконца цяжка! Сьпіну і плечы ім боль адбірае, Аж дзервянее у жнеек рука.
Збэрсана жыта, чапляецца колас; Жменю нажне — разагнецца жняя, Жыта паложыць на скручаны пояс… Цяжкая, жнейка, работа твая!
Ціха на полі у поўдзень гарачы! Хоць бы дзе кусьціка рэдзенькі цень. Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы, Толькі над вухам зьвініць авадзень…

Жытні колас

На саломцы тонкай У траве густой Сьпее адзінокі Колас сіратой.
Ці то птушка божа Кінула зярно, Ці то заняслося Бураю яно,
Ці зь дзіравай торбы Конік чый згубіў, На чужую скібу Зерне пасадзіў, —
Неба яго знае, Як сюды папаў, Хто ад роднай нівы Зерне адарваў…
Сушыць яго сонца, Хіліць вецярок. Ные сірацінка, Плача каласок.
Плача, што няма з кім Думку падзяліць, Смутную галоўку Ціха прытуліць
Да другой галоўкі, Да другіх грудзей I шаптаць аб шчасьці У цішы начэй.
Апусьціўшы нізка Тонкі паясок, Ные сірацінка, Плача каласок.
Плача, што дарэмна Тут расьце ў глушы, Што нідзе ня згледзіш Роднае душы,
Што яго зярняткі Птушкі падзяўбуць, Белую саломку Ветрыкі паб’юць.
I, падняўшы ўгору Стромкі валасок, Ные сірацінка, Плача каласок.

Вярбіна

Над вадою адзінютка Пахілілася вярбіна; Ные бедная ціхутка. Ці ж то ёсьць у ёй кручына?
Мые Нёман ёй карэньні, I дурэе вецер зь ёю, А пад нізам чарадою Ціснуць ногі ёй каменьні.
Ёсьць кручына немалая, I шуміць яна так нудна, Бо ёй доля не спрыяе, Бо расьці ў каменьнях трудна…
Так і ты, народ наш бедны, Як вярбіна, проці волі Доўга носіш пояс медны, Гнешся ты, як крыж у полі!

Палесскіе абразы

Цёмны бор, кусты, балоты, Кучы лоз і дубняку, Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызьняку;
Мосьцік, зложаны зь бярвеньняў, Брод і грэбля кожны крок, На дарозе рад карэньняў, Крыж, пахілены набок;
Пералескі, лес, паляна, Старасьвецкі дуб з жарлом, Хвоя-веліч на кургане З чорным буславым гняздом;
Гразь, пяскі, лужок зялёны, Шум крынічкі з-пад карча, Шэлест лісьцяў несканчоны, Крык у небе крумкача;
Вербы, груша-сіраціна, Нізкарослы цёмны гай… Гэта ты, балот краіна! Гэта ты, палескі край!

Дарога

Між палёў шырокіх, Як зьмяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая.
Наабапал грушы Разрасьліся ў полі, Нізенькі яловец Чэзьне, бы ў няволі.
Тут мужык працуе, Чорны ўвесь, як сажа. Крыж на перасеках Аб пакуце кажа.
Коціцца цялежка, Б’ецца аб каменьне, Хлебароб на поле Глядзіць ў задуменьні…
Ой, дарога-сьцежка, Вузкая, крывая! I ты, жыцьцё наша, Ты, доля, такая!