Выбрать главу

III

А во ў пятніцу рана стапталі Палавецкае войска паганае; Ў полі стрэламі там засвісталі, Загулялі пабеду праслаўную. Ўзялі красных дзяўчат палавецкіх І папоны, аксаміты, золата — Ўсё, што ўпала да рук удалецкіх, Што бітвой не было ў попел змолата. Палавецкім багаццем — плашчамі, Кажухамі, тканінай залотнаю Памасцілі масты пад нагамі, Загацілі праходы балотныя. Сцяг чырвоны, дзіда серабрана I бунчук па абычаю добраму Ў нагароду за славу, за раны Святаславічу, князю харобраму! Дрэмле Алега харобрае Ў полі на шчытах гняздо. Ой, заляцела адважнае, Дужа далёка яно! А не было ж яно зроджана Ў крыўду нікому нідзе — Ні быстракрыламу крэчату, Ні сакалу, ні бядзе I ні табе, палаўчаніне, Чорны паганы груган. Крыўдзе тваёй не спакорыцца Вольны Алегавы стан. Гза бяжыць шэрым воўкам Там па полі па дзікаму, А Канчак яму сцежку Значыць к Дону вялікаму. На другі дзень вельмі рана Над зямлёй крывавы зоры Світ усходні абвяшчаюць, Хмары чорныя йдуць з мора. Сонцы два прыкрыці хочуць, Я к дзве ясныя заранкі, А во ў хмарах гэных чорных Ззяюць сінія маланкі. Быці вялікаму грому Над каласамі паспелымі; Дожджу ісці каляному 3 Дона вялікага стрэламі. Тут паламаціся дзідам Па-над Каял-ракі доламі, Тут пашчарбаціцца шаблям Аб палавецкія шоламы. О зямля Руская! 3 славай Boi твае маладзецкія Перасягнулі далёка Ўжо рубяжы палавецкія. Вось ветры, Стрыбожыя ўнукі, Павеялі стрэламі з мора На храбрае Ігара войска, Ўзгадована ў долі і ў горы. Зямля i дудніць і трасецца, Цякуць памутнеўшыя рэкі; Туман пакрывае ўсё поле, A сцягі гамоняць: навекі! Ідуць полаўцы ад Дона I ад мора ўсплылі, Войска рускае навокал Нетрай абступілі. Перагарадзілі поле Шатанята клікам, А харобрыя русіны — Шчытамі i пікай. Ой, ты яр тур Усяволад! Стаў у боі забіякай: Засыпаеш ты варожых Стрэламі ваякаў. І граміш аб ix шаломы Стальнымі мячамі; Дзе ўпадзеш, тур, залатымі Свецячы шчытамі, Там кладуцца ў рад галовы Полаўцаў паганых, I аварскія шаломы Шабляй пашчапаны. Якая цана ранам, брацці, таму, Хто забыўся жыцця яснаты, На горад Чарнігаў хто ў боях забыў I на бацькаў пасад залаты? На мілую любу, Глябоўну сваю, Яснавокую краску-жану, На звычай, абычай прадзедаў стары,— Хто ўсё гэта забыў у вайну?

IV

Былі слаўныя, дзеяў Траяна, вякі, Прамінулі гады Яраслава, I паходы Алега былі-працяклі — Ўсё Алега з сыноў Святаслава. Той Алег бо мячамі разруху каваў, Па зямлі сеяў стрэлы разгонам. Калі ў горадзе Тмутаракані ступаў Ў залатое страмя ён са звонам, Чуў здалёку той даўны трывожлівы звон Яраслававы сын, Усяволад, A Ўладзімер шторання, пакінуўшы сон, Зачыняўся ў Чарнігава-горад. А Барыса таго Вячаславіча, Маладога i храбрага князя, На апошні суд слава паклікала, За якою ганяўся ў адвазе, I навекі пасцелю зялёную У каяльным заценні паслала — Ўсё за крыўды, абіды Алегавы, Што загубства разводзіў нядбала. 3 той Каялы-ракі між угорскімі Інаходцамі сам палялеяў Яраполк свайго бацьку да Кіева, Да сялібы святое Сафеі. Пры Алегу тады Гарыславічу Моц было міжусобіц, няладаў; Жыццё гінула ўнука Дажджбожага, Люд свой век скарачаў ў княжых звадах. На зямлі тады Рускай узбуранай Рэдка пеў аратай за сахою, Груганнё зато часта пагрумквала, Ў полі дзелячы труп між сабою. А на ежу ляцелі збіраючысь, Галкі гоман заводзілі й гулі. Так было ў тыя войны й пабоішчы, A такіх бітваў слухам не чулі!