Выбрать главу

Чаму там вучылі ў вучэльні, Цімур помніў слаба, але добра помніў, што дзеля прыбытку ў трыста адсоткаў капітал ідзе на любое злачынства. «Не пашчасціла», – падумаў Хоміч і вырашыў заўтра ўладкавацца ў шыкоўную рэстарацыю, калі ўжо са сталоўкай не атрымалася. Ён заначаваў пад мостам у скрыні з-пад лядоўні «Атлант», паклаўшы галаву на каробку ад ботаў «Белвест», а зранку пайшоў бадзяцца па сталіцы нашай Радзімы, шукаючы рэстарацыю, у якой бы ацанілі яго здольнасці.

– Пастойце, – сказаў Андрэй Куціла. – Гэта ўсё вельмі цікава, але ці васпан упэўнены, што ўсе прысутныя гатовы даслухаць гісторыю Цімура да канца ў такім павольным тэмпе?

Віталю Рыжкову не заставалася нічога іншага, як пагадзіцца з гаспадаром вечара: госці сапраўды пачыналі пазяхаць і піць кожны сам па сабе. Дамовіліся, што Віталь дараскажа гісторыю Цімура іншым разам, а можа, нават, запіша пра гэта трэк. Госці сядзелі яшчэ доўга і разышліся, толькі калі ўжо ўзыходзіла сонца. Увесь гэты час капітан Капейкін стаяў пад вокнамі кватэры і прыслухоўваўся, ці не размаўляюць госці пра яго альбо Цімура, але чуўся яму толькі раўнамерны гул.

Калі Агата Кокс выходзіла з кватэры, пакаёўка, якая падавала ёй плашч, зрабіўшы кніксен, нахілілася і штосьці сказала на вуха. Порнаакторка вельмі здзівілася. Напэўна ж, пакаёўка ведала нешта пра Цімура, чаго не хацела казаць пры ўсіх.

Наступнага дня Агата Кокс чакала Віталя Рыжкова і сваю былую аднакласніцу Марыю Пушкіну, якая скончыла філфак БаранДУ і цяпер працавала ў Варшаве майстрам па манікюры, у нейкім богам забытым раёне Варшавы – напрыклад, у Жалібожы.

Агата чакала, бо вырашыла завязаць з відэа для дарослых. Па-першае, плацілі ўсё меней, па-другое, хаця дактарат па Хайдэгеры адвучвае мысліць пра штосьці апроч дазайну, яна ўсё ж пачала ўсур’ёз задумвацца, ці не выйсці замуж, каб нарадзіць маленькіх порназорачак. Праз гэта ўсё Агата ўладкавалася на тэлестудыю весці праграму «Першае спатканне». З героямі была праблема, таму яна і запрасіла Віталя і Пушкіну.

Шоу здымалі для «ТВ Культура», і трэба было не проста паказаць прыдуркаватага мужчыну і жанчыну з доўгімі нагамі ў кадры, але і дадаць інтэлектуальнай праблематыкі. Таму замест павільёна выкарыстоўвалі кебабную. Агаце дагэтуль здавалася, што ўласнік – худы араб, які ўвесь час бурчаў штосьці ў гарнітуру, – так і не зразумеў, хто яны такія і чаго штотыдзень мікрафонамі кебабы акалочваюць.

Уласніка папрасілі працерці стол, знялі некалькі планаў з кавалкамі лаваша на падлозе, а пасля пасадзілі араба на высокае крэсла, на якім ён працягваў бурчаць нешта па блютузе ў вуху. Кадры былі патрэбныя, каб нарабіць урэзак з іранічнымі тытрамі. Пра што гаспадар гаворыць, здымачная група не ведала.

Пасля знялі сцэну, як Марыя Пушкіна ў сукенцы з прынтом марозіва уваходзіць у кебабную. Асабліва рэжысёру спадабалася, як дзяўчына мыском чаравіка адкідае з падлогі пад стол паперку з надпісам «Queen кебаб».

– От гэта шавуха-рэалізм, – сказаў аператар. – Мы як бы паказваем антысанітарыю ў душы самотнага чалавека. А ён ужо замаўляе кебаб.

– Што ж ты нясеш? – сказаў асвятляльнік. – Ты ж проста прывёў дзяўчыну ў нейкую сральню.

– Гэта праўда, – сказаў аператар. – Але не была б яна галодная, яна сюды не прыйшла б.

Марыя, якая добра чула ўсю гэтую размову, захацела збегчы, але Агата трымала яе за руку.

– Давай, замаўляй, – сказала Агата сяброўцы.

Марыя злосна паглядзела і на порназорку, і на здымачную брыгаду, і на араба за стойкай.

– Мне на тоўстым цесце… – пачала яна.

– Любіш тоўстыя? – запытала порназорка.

Марыя збянтэжылася.

– Тады на тонкім…

– Любіш калі шаўрма доўгая і круглая?

Марыя не вытрымала і, хоць сяброўка трымала яе за руку, вырвалася, выбегла вонкі, грымнуўшы дзвярыма. Агата пайшла за ёй.

– І чаму яны заўсёды так збягаюць? – запытаў рэжысёр у прадаўца.

– Нэ знаць, брат. Нэ знаць. – адказаў араб.

Хвілін праз дзесяць Агата вярнулася з Марыяй.

– Мне на тоўстым цесце з баранінай, – сказала Марыя арабу, але аператар быў не гатовы і давялося перазняць.

Марыя села за стол, да яе далучылася Агата.

– Марыя, чаго ты чакаеш ад гэтага спаткання? – запытала порназорка ў сяброўкі.

– Чакаю ўжо, калі можна будзе адсюль сысці.

– Гэта таму што кебабні глыбока чужыя польскай культуры?

На шчасце, дзверы зазвінелі – у памяшканне зайшоў Віталь Рыжкоў, і Агата пераключылася на яго.

– Віталь, сёння ў вас спатканне ўсляпую. Хто вам больш падабаецца: нейкая манікюрка або я?

Рэпер ужо адкрыў быў рот, каб адказаць, але заўважыў, што яго здымаюць, і задумаўся, ці варта наогул у гэтым удзельнічаць.

полную версию книги