Выбрать главу

Я і сам не паверыў бы, што ў такім стане Мятліцкія ехалі па сталіцы Польшчы, але тут ім у акенца пагрукалі. «Госпадзе! – я гэта кажу разам з вамі і за вас, спадарства, бо, можа, вам лянота. – Няўжо паліцыя! Але пра што аўтар думае, у іх жа забастоўка!» Але! Гэта была зусім не паліцыя. Гэта быў знаны ў мінулым беларускі паэт, а цяпер беларускі рэпер са сваім сябрам, таксама паэтам.

Яны церліся каля «Жабкі» ўжо дзесяць хвілін і ўсё чакалі, калі Мятліцкія вылезуць з машыны.

У Шымана пакуль не было нікога, апроч ягонага бультэр’ера, ягонай жонкі Таццяны і ягонай дачкі, якую мы можам назваць выпадковым імем – напрыклад, Зояй (у мяне так цешчу клічуць, хай ёй будзе прыемна, што адзіны светлы персанаж у кнізе названы ейным імем). «А як жа мама?» – пацікавіцеся вы. Заканамернае пытанне, але вы маю маму і так будзеце часта ўзгадваць, на халеру вам яшчэ і імя ейнае ведаць.

Пакрысе госці сабраліся і расселіся на тэрасе вакол вялікага стала з мармуровай стальніцай, якая знізу была ўмацаваная жалезнай арматурай: гаспадар хоць і быў паляк, але мог бачыць наперад, праз алкагольныя выпарэнні ў канец п’янкі, якая праз свой дызайн, праз быццё ў сабе і часе была спраектаваная так, каб скончыцца танцамі на стале.

Як бывае ў кампаніях, дзе ёсць палякі, героі перш-наперш вырашылі высветліць, хто ў таварыстве габрэй.

– Барыс, ты што, габрэй? – запытаў Віталь Рыжкоў, як толькі Барыс далучыўся да стала.

– Ніякі я не габрэй, – адказаў Барыс, які сапраўды не быў габрэем, але быў уладальнікам начнога клуба на ўзбярэжнай Віслы.

– Шыман, дык ты габрэй? – запытаў Віталь у гаспадара кватэры.

Выявілася, што і Шыман не габрэй, а паляк, дый усе астатнія спрэс беларусы. Як вы разумееце, Віталь быў за крок ад таго, каб атрымаць у твар.

– Не, Барыс, ты ўсё-ткі габрэй, – Віталь вырашыў пайсці all-in.

– Слухайце, а хто яго сюды паклікаў? – запытаў Шыман.

Паколькі Кася Мятліцкая, якая паклікала Віталя, у той момант спала і не магла ўзяць на сябе адказнасць, не раўнуючы Гітлер за стан беларускай ЖКГ, то Віталь вырашыў адкласці пытанне з габрэем на заўтра.

Вячоркі пайшлі па звычайным для такіх імпрэз сцэнары. Найперш мужчыны абмеркавалі справы:

– Барыс, зрабі мне канцэрт у сваім клубе, – папрасіў Віталь.

– Восем тысяч шэкеляў, – з ходу адказаў той.

Віталь уважліва паглядзеў на Барыса і неяк адразу яго запаважаў.

– Чатыры, – адказаў Віталь, які абсалютна не ўяўляў цяперашняга курсу шэкеля.

Барыс паглядзеў на Віталя таксама не без павагі, але прапанаваў для пачатку выпіць дзве бутэлькі віна. Чырвонага і такога густога, што само жыццё па ім рабілася поўным па макаўку, а не такім сухім і бессэнсоўным, быццам той фантан у яго берлінскім доме, помпа якога зламалася, калі ўсю ваду выдзьмула клятым нямецкім ветрам. А тады ўжо паслухаць Віталёвыя песні.

Так за келіхамі героі вялі прадушаныя тонкай іроніяй і адсылкамі да грэцкіх аўтараў размовы, якія могуць быць толькі між блізкімі сябрамі ці людзьмі, што бачаць адно аднаго ўпершыню.

Напрыклад, жонка Барыса, брунетка гадоў сарака, загорнутая ў шоўкавую чорную сукенку з моднай калекцыі, распавядала Пшэмаку Мятліцкаму, чаму яны не бяруць у каманду ўкраінцаў і малдаван.

– Разумееш, калі я наймаю хахла, увесь клуб робіцца нібыта змазаны салам, яно сцякае з жырандоляў на столікі, у кілішкі і кубкі, плавае пад піўной пенай, ліецца са столікаў на падлогу, працякае паміж дошкамі, тахкае па пяску, збіраецца ў ручаіны, коціцца да Віслы. Ляжыць у прыбіральнях на рукамыйніках, ажно госці думаюць, што гэта мыла. Усе робяцца бліскучымі ад гэтага сала, на танцполе каго-небудзь абняць немагчыма, ахова не можа нікога скруціць, усе выслізгваюць. І раптам хочацца танчыць гапак, разумееш? Гапак! Як можна танчыць гапак, калі ў нас рэгі-бар? Які гапак, якое сала? Зусім іншая канцэпцыя, разумееш?

– А малдаван чаму не наймаеш? – са спачуваннем да Жонкі Барыса запытаў Пшэмак.

– Я іх ад украінцаў не адрозніваю, навошта мне гэтая рызыка?

– Рызыкаваць не варта, – Пшэмак цалкам падтрымліваў такі мудры рэкрутынг.

У гэты час Шыман трымаў бультэр’ера за заднія лапы за агароджай тэрасы, якая месцілася на восьмым паверсе. Від адсюль адкрываўся, нібыта раман Сянкевіча пра веліч польскага народа, – эпічны, з прысмакам фантастыкі. Відно было Цэнтр Каперніка, музей сучаснага мастацтва і нават кавалачак Віслы. Пад тэрасай гулялі людзі.

– Бачыш вунь таго? – запытаў Шыман у бультэр’ера. Бультэр’ер кіўнуў галавой.