Выбрать главу

– Гэтага ў белай кепцы ці таго рудаватага з дзеўкай? – удакладніў Шыман.

У адказ сабака зрабіў амаль што цыркавы нумар: выгнуўся ўсім целам і ўважліва паглядзеў гаспадару ў вочы, маўляў, гаспадару, я толькі сабака, скуль я ведаю, каго ты меў на ўвазе?

– Твая праўда, – Шыман на хвіліну задумаўся. – Добра, як думаеш, той у кепцы – славак? – бультэр’ер адмоўна пакруціў пысай. – А той лысаваты – славак? – сабака зноў не прызнаў славака. – Ну, а можа, дзяўчына з ім, у гэтай сукенцы ў гарохі, можа, яна славачка? Прыгледзься, можа, гэта не гарохі, можа, гэта гербочкі Браціславы?

Сабака нейкі час прыглядаўся, але пасля яшчэ раз адмоўна пакруціў галавой. Шыман выцягнуў сабаку з-за агароджы і паставіў на паркет.

– Дзіўлюся я табе: другі тыдзень ніводнага славака.

Сабака вінавата віхляў хвастом і лашчыўся аб калені Шымана, быццам напраўду шкадаваў пра свой сапсаваны нос.

– Добра, праз гадзінку яшчэ славакаў пашукаем. А карміць сёння я цябе ўжо не буду, ты і так раз’еўся, ледзьве трымаю.

Шыман вярнуўся за стол і задумаўся. У жыцці было ўсяго дзве радасці: прадаць беларускаму калгасу трактар і калі сабака пазнае ў мінаку славака. З трактарамі ішло добра, а вось са славакамі – горш, нібыта чорная паласа пачалася. Шыман нават разважаў, ці не звадзіць сабаку да ветэрынара – праверыць зрок.

– Зноў ты славакаў шукаў? – запытала Таццяна, жонка Шымана. – Сабака кульгае.

Таццяна была асляпляльнай рудой прыгажуняй. Такой бліскучай, што Ліза Лянкевіч, беларуская мастачка, якая, як кожны беларускі мастак, што можа намаляваць каня або яшчэ лепш – упэўнена патлумачыць, што раздрукоўка допіса з фэйсбука – гэта і ёсць конь, – жыла ў Варшаве і ў гэты момант таксама была на тэрасе, балюча ўдарыла Пшэмака мыском чаравіка па назе. Гэта каб Мятлік не прапусціў яе аповед, бо Касі, якая ўтрымала б галаву мужа адвернутай ад грудзей Таццяны, усё яшчэ не было за сталом.

– Таня, каханая, – сказаў Шыман. – Ты ж ведаеш, нешта ўжо два тыдні ніводнага славака.

– Пашкадуй сабаку, – Таццяна села пры стале і агледзелася.

– Нас з вамі не прадставілі, здаецца, – звярнулася яна да маладога чалавека гадоў трыццаці.

– А гэты дзядзька, – сказаў Пшэмак, – гэта капітан Капейкін, вельмі вядомы ў Беларусі агент КДБ. Яго ў гэтым сезоне рэкамэндуюць да кожнага дома, ва ўсіх пабываў. Мы яго называем проста Чорны. Ён мне як брат.

– І што, Чорны, вы напраўду агент КДБ? – зацікаўлена спытала Таццяна.

– Так, – адказаў капітан Капейкін. – Напраўду.

Было бачна, што шпіён крыху сумеўся ад прыгажосці Таццяны і ад гэтых цёплых слоў Пшэмака. Шчыра кажучы, Чорны паўгода сядзеў у Варшаве і далей за тры-чатыры салоны пакуль не трапіў. Але знаёмства з Шыманам і Таццянай мусіла адкрыць яму мноства дзвярэй – ва ўсе знаныя дамы, за глухія дзверы мастацкіх залаў, у падвалы з оргіямі, на гарышчы з падвешваннямі на нацыянальных сцягах, у пісьменніцкія майстэрні з няскончанымі раманамі пра Радзіму і, чым чорт не жартуе, можа быць, яго звядуць і з кімсьці з кансерваторыі, кімсьці, хто піша гімн па замове ўрада БНР у выгнанні.

Таму ад сённяшняга вечара залежала вельмі шмат – ці ўдасца яму зрабіць добрае ўражанне? Ці скажуць гэтыя людзі, што ён насамрэч заяб-сты агент КДБ, ці рэкамэндуюць яго, ці прадставяць патрэбным людзям? Ці хаця б запросяць наступным разам? Чорны нават хацеў адказаць Віталю, што ён і ёсць габрэем у гэтай кампаніі, адно каб паказаць наколькі ён самаіранічны, маўляў, не думайце, што мы, кадэбэшнікі, на пафасе – зусім не, мы ўмеем пасмяяцца. Але ад самага пачатку ён казаў, што беларус, і таму падкрэслена размаўляў толькі па-руску, гэта мінчукі з дзедам-габрэем выдурняюцца або берасцейскія хлопцы могуць пагаманіць па-беларуску, маўляў, беларусы мы, беларусы, а ніякія не хахлы, ці яшчэ там можа гарадзенец штосьці матчынай мовай сказаць, а такому простаму хлопцу з-пад Ліды не трэба нікому даводзіць, што ён беларус, ён можа і па-расейску размаўляць усё жыццё.

– Вы, Капейкін, напраўду, капітан? А можа, вы, як Джэймс Бонд, – палкоўнік? – запытала Ліза Лянкевіч, якую таксама зацікавіў кадэбэшнік.

– Мушу прызнацца, – сарамліва пачаў Капейкін, – што мой лёс цяпер цалкам у вашых ласкавых руках, шаноўная пані і шаноўныя ўсе тут прысутныя, варшавяне і госці сталіцы.

– Ды што вы кажаце, капітане? – манерна сказала Ліза і прыклала далонь да твару.

– Не смейцеся з простага капітана беларускага КДБ. Каб вы ведалі, чаго мне каштавала трапіць у дом Шымана і Таццяны!

– Але, Чорны! Ты заяб-сты агент! Я бачыў справаздачы Капейкіна маёру! – улез Пшэмак. – О, сябры! Паверце, адны гэтыя справаздачы зробяць славу вашаму дому! Ён дакладна запіша ўсё, што вы казалі, і яшчэ ад сябе дадасць, чаго не казалі. Гэты чалавек – хадзячая пастка, вельмі небяспечны. Ён мне абяцаў, што, як толькі я прыеду ў Беларусь, мяне адразу арыштуюць і адправяць у «амерыканку». Адаб’юць ныркі і адправяць назад у Польшчу лекавацца, забараніўшы ўезд самае малое на восем гадоў! І гэта пры тым, што ён пра мяне нічога дрэннага не ведае. Вось які гэты чалавек! Скала, а не чалавек!