Выбрать главу

Тады я задумаўся: а што цяпер рабіць? Які гэта знак? Што значыць распад нашага гурта? Думаць доўга не выпадала: вырашыў я паступаць на журфак. Напісаў дзве зацемкі ў раённую газету, вывучыў тры правілы і паехаў у сталіцу нашай Радзімы, горад-герой Мінск.

Там мне адразу далі інтэрнат і прыпісалі да трыццаць трэцяй студэнцкай паліклінікі. Вельмі мне спадабалася і ў інтэрнаце, і ў паліклініцы. А неўрапатолаг нават дала мне накіраванне ў Навінкі, там усе былі да мяне добрымі і нават выдалі мне паперку па форме 7Б.

Доўга ці коратка вучыўся я на тым журфаку, цяпер сказаць вам не магу, але ў мяне там былі два любімыя прадметы: «Ідэалогія беларускай дзяржавы» і «Фотасправа». На фотасправе мы замыкаліся ў цёмным пакоі і распушчалі едкія парашкі ў цёплай вадзе, апускалі ў той раствор паперкі, і на тых паперках з’яўляліся дзіўныя малюнкі – калі дом, калі дрэва, а калі-нікалі і птушка з прыгожым хвастом. На ідэалогіі нам распавядалі, што Беларусь – наш агульны дом і ў ім заўсёды для кожнага знойдзецца справа.

Праз пяць гадоў справа для мяне сапраўды знайшлася: мяне адправілі ахоўваць мяжу з Латвіяй. Там мне далі аўтамат, бінокль і восем нарадаў па-за чаргой. Але не магу сказаць нічога дрэннага пра камандзіраў, усе яны былі як адзін вялікія патрыёты і алкаголікі, таму ўначы пераносілі ў Латвію гарэлку і цыгарэты. Мне даручылі самае цяжкае: пераплываць раку, не замачыўшы тытуню. І так у мяне гэта добра выходзіла, што мяне прызначылі сяржантам і далі два тыдні адпачынку.

Калі я вярнуўся, усіх афіцэраў адправілі пад следства за выкрытыя факты кантрабанды. А да мяне падышоў палкоўнік у невядомай форме.

– Ці не хочаш ты паслужыць Радзіме, шчыглік?

– Служу Беларусі! – што моцы закрычаў я.

Праз некалькі тыдняў мяне перавялі ў спецшколу агентаў КДБ. Там мяне навучылі страляць з пісталета Макарава і вызначаць агентаў NATO па форме носа. Як скончыў я тую школу, то мне прысвоілі званне лейтэнанта Камітэта дзяржаўнай бяспекі і персанальнага апазіцыянера.

Хадзіў я за тым апазіцыянерам, хадзіў, слухаў яго тэлефонныя размовы, чытаў яго пошту на mail.ru і ліставанне ў «Аднакласніках». І, скажу я вам, спадарства, вельмі цікавым жыццём жыў гэты апазіцыянер. Ён працаваў прарабам у будаўнічай канторы і прызначаў дзяўчатам сустрэчы па ціндары – маўляў, дапаможа ім з рамонтам на кухні. Мне б яго спрыт! Я нават падумваў, ці не кінуць мне КДБ і ці не зрабіцца брыгадзірам муляроў, бо вельмі ж дзяўчаты любяць, калі ім рамонт на кухні робяць. А самы, я вам скажу, цымус – гэта падарыць ёй выцяжку. Слухаў я яго сустрэчы з дзяўчатамі праз выключаны тэлефон, слухаў-слухаў, як раптам выклікае мяне сам кіраўнік пятага аддзела генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам.

– Ты, – пытае ён мяне, – лейтэнант Капейкін?

– Так! – адказваю. – Я.

– Я прачытаў твае справаздачы, Капейкін, – і глядзіць на мяне так цяжка. – Давай разам іх прачытаем, Капейкін.

І пачынае чытаць: «О, так, Віталь! Вось тут пацалуй! Так! Так, Віталю! Увайдзі ўжо ў мяне, Віталю! Глыбей! Госпадзе! Давай перавернемся!»

– І так тры тысячы старонак, Капейкін!

– Мне маёр Папяровы, – адказваю, – даў строгі загад, занатоўваць усё самае цікавае з жыцця майго персанальнага апазіцыянера, не пісаць жа мне, як ён раствор на будаўніцтве замешвае.

– Я разумею, Капейкін, ты трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Я паперкі твае прачытаў, асабліва вось цікавая з Рэспубліканскага псіха-неўралагічнага дыспансэра, дзе ты праходзіў стацыянарнае лячэнне.

Кажа ён гэта, кажа, а ў мяне ажно мароз па скуры: няўжо я дзесьці штосьці не тое зрабіў, падвёў кіраўніцтва? Можа, апазіцыянер мой раствор рабіў па даведніку з бэнээфа або дзеўкі гэтыя сувязныя з-за мяжы. Нічога не магу ўцяміць.

– Ведаеш што, Капейкін, мы з кіраўніцтвам параіліся і вырашылі даць табе ўнікальную магчымасць паслужыць Радзіме.

Сказаў гэта генэрал і пачаў выкладваць на стол тоўстыя-тоўстыя тэчкі. Я толькі і думаю сабе: «Ого, з кім гэта генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам мог абмяркоўваць мой лёс, лёс простага лейтэнанта Капейкіна?» А генерал усё дастае і дастае гэтыя тэчкі. І вось ужо ўвесь стол імі завалены.

– Гэта, – кажа тады кіраўнік пятага ўпраўлення, – твая новая справа, Капейкін.

У мяне аж вочы засвяціліся: во гэта справа дык справа. На пяцьдзясят тэчак.

– Але гэта яшчэ не ўсё, – сказаў генерал. – За мной.

Мы пайшлі да ліфта і спусціліся ў сутарэнні, прайшлі праз чатыры пасты аховы і двух кулямётчыкаў, апошнія дзверы ахоўваў асабісты шалёны сабака генерала. Гаспадару сабака аблізаў боты, а на мяне паглядзеў строга: як што якое – клац – і развітаюся я са сваёю мужнасцю.