Выбрать главу

Генерал адчыніў сталёвыя дзверы і завёў мяне ў падземную анфіладу, само існаванне якой Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ніяк не каментуе.

Усё было спрэс завалена тэчкамі. Іх былі сотні тысяч.

– Але, таварыш генерал-маёр, я гэта ніколі не змагу нават прачытаць.

– На шчасце, Капейкін, – кажа генерал, а сам мяне з анфілады выводзіць і дзверы зачыняе. – КДБ не страціў яшчэ рэшткі прафэсіяналізму, ніхто не дасць табе такі ўзровень допуску да сакрэтных матэрыялаў, каб ты мог з гэтай справай азнаёміцца. Я сам тут не да ўсяго маю допуск. Але для разведчыка найгоршае – гэта быць дэзінфармаваным, то цяпер ты ведаеш веліч справы, над якой будзеш працаваць.

– Мне забраць тэчкі з вашага кабінета?

– Ты што, Капейкін! Да іх ты таксама не маеш допуску, я ўжо і так пайшоў на службовы праступак, калі паказаў іх табе.

– З чаго мне тады пачаць?

– Правільнае пытанне, Капейкін! Па-першае, ты будзеш весці справу, – ён нахіліўся да мяне і сказаў вельмі ціха ў самае вуха. – Цімура Хоміча. Па-другое, зайдзі ў аддзел кадраў, мы табе званне капітана прысвоілі, атрымаеш там забеспячэнне і цывільную вопратку. Камандзіруем цябе ў Варшаву. Згодна з апошнімі сакрэтнымі дадзенымі, герой тваёй справы менавіта там.

На гэтым рапарт капітана Капейкіна быў скончаны і ён звярнуўся да гасцей дома Шымана і Таццяны:

– Вось і ўся мая гісторыя, спадарства. Што было далей, вам вядома. Дык вось, ці дапаможаце вы мне знайсці Цімура Хоміча? Увесь мой лёс цяпер у вашых руках.

Усе вельмі ажывіліся і пачалі перабіраць розныя варыянты, дзе можна было б знайсці таго Цімура і хто яго бачыў апошнім. Але хутка высветлілася, што ніхто нічога канкрэтнага сказаць не можа. Так, надоечы чуў пра Цімура, нібыта ён аформіў крэдыт, каб набыць духоўку, але дзе аформіў, у якой краме, праз які банк, на якую мадэль і скуль гэта вядома – ніхто паведаміць не мог.

– У нас жа сабралася сапраўдная беларуская багема, няўжо, спадарства вы не дасце рады і не дапаможаце беднаму капітану Капейкіну адшукаць Цімура Хоміча? – запытала Таццяна.

Усе дружна заківалі галовамі, асабліва гарачыя прапанавалі за гэта тут жа выпіць і выпілі, пасля выпілі яшчэ па адной. І Шыман сказаў, што спадары беларусы проста абавязаны дапамагчы агенту КДБ знайсці Цімура Хоміча і што цяпер яны будуць па чарзе хадзіць у госці да кожнага з прысутных, а той будзе прыводзіць сваіх знаёмых – і так яны пакрысе апытаюць мільён беларусаў, якія цяпер жывуць у Варшаве.

Першымі вырашылі адведаць Пшэмака і Касю, бо Кася ўсё яшчэ спала, а Пшэмак быў толькі «за». На гэтым п’янку вырашана было працягваць, а капітан Капейкін сядзеў рэшту вечара моўчкі і толькі ціха пасміхаўся сабе ў вусы, якіх не насіў.

На гэтым месцы вы можаце запытаць, а скуль столькі беларусаў у Варшаве? У нас жа на мяжы танкі ходзяць хмура, а візы выдаюць у польскім кансулаце, які яшчэ горшы за гэных памежнікаў.

Але Булгакаў пісаў, што кватэрнае пытанне масквічоў сапсавала, а беларусаў не тое каб палепшыла, але пераявіла не раўнуючы госпада нашага Суса Хрыста, перажагнаемся, брацця.

Але, але не проста так узгадаў я кватэрнае пытанне, а дакладней пытанне старшыняў жыллёвых таварыстваў. Што ён вярзе, якія жыллёвыя таварыствы? А такія таварыствы, у каторых захоўваюцца дамавыя кнігі. А ў тых кнігах што? Правільна, у тых кнігах пазначаецца нацыянальнасць жыхароў дома.

Напрыклад, быў Даніла з-пад Смургоняў. Зайшоў той Даніла да старшыні жыллёвага таварыства, нага ж нагу падпірае, рука руку абдымае. «Дык ты, Даніла, аказваецца, меў дзеда, а той дзед, бач ты, сінім па жоўтай паперы – паляк як ён ёсць». Ну, як паляк? Пакуль яшчэ не паляк, але вось ужо крывавыя натаўскія еўры ў кішэні старшыні – і быў Даніла Каспяровіч беларус да болю ў мазалях, гандляр коньмі, а стаў, як быў, Януш Корчак – вялікі польскі педагог, гуманіст, асветнік. Але ж Януш Корчак быў габрэем? І Даніла цяпер габрэй, выходзіць? Гэта вы ўжо хапілі цераз край зямлі, праз вяршыню Эльбруса і выйшлі на Галанскія высоты, бачыце вы ўжо даліну Эўфрата і падступных арабаў, ужо мроіцца вам шасцідзённая вайна і вайна суднага дня, і ўжо крычыце вы ў сэрцах сваіх: «Вядзі нас да перамогі, Мошэ Даян, леў ты пустыні. Спявай нам баявыя песні, Голда Мэер, каб цябе феміністкі на руках насілі ды песцілі!»

Не, у амбасадзе дзяржавы Ізраіль з такой паперкай паглядзяць на вас сувора і пагоняць у плечы, як тых арабаў з адвечных іх арабскіх зямель. Не спяваць вам песень пра перамогу габрэйскай зброі над усімі іншымі зброямі. Але нічога, у палякаў прасцей усё. Выпіску ім прынёс, што дзед твой быў Ян Амос Каменскі, яны нават і не ўцямяць, што Амоска быў зусім і не паляк, а чэх звычайны, хаця таксама гуманіст і асветнік.