Выбрать главу

12

Слаўнае гэта прызнаньне ня вырасла ў пушчы: Шырыўся пошчак аб ім і усьцяж і усюдых, Станам ваяцкім было тады кожнае поле, Дні супакою — спачынкам між войнаў кароткім. Конскія ў коле сусьцігі, стральба на дакладнасьць, Скрозь, дзе ні глянеш — спаборніцтвы, лукаў трымценьне: Моцы адзнака, і пэўнай рукі, і адвагі. Лучнік, спакойна пацэліўшы ў клін жураўліны, Правадыра у крыло патрапляў, не даткнуўшы Цела птушынага. Ў небе, на дрэве, у хвалях — Птушка — найлепшая мэта для стрэлаў, і білі Ў пушчах яе, балатох, а тады ў падарунак Князю давалі, ад сэрца, не для ўзнагароды. Ў ловах нястомных жыцьцё — людзі мелі за гонар. Зь першай парошай чароды лавецкія князя Зьвера сьціскалі у пушчы і, поўнячы нетры Гоманам, крыкамі, гналі пад стрэлы ды дзіды. Спрытна высочваць зьвяра у мярлогу лічылі Справай штодзённай, а вырыне з логава, густа Стрэламі ўкрыты ды рыне на сьмелага з рыкам, Лоўкім ударам падняць яго трэба й асядзе. Гульні былі й прыямнейшыя — гонкі на спрытнасьць, Слаўная справа, калі мо за сотняю стадый Мэта ўсталявалася: конна пакрыўшы адлегласьць, Перамажы ў хутчыні ды ва ўменьні, спаборнік! Толькі ў грамадах вось гэткія ўцехі бываюць! Зь месца імкнуць скакуны чарадой, табунамі, Ў лёце чуваць адно тупат ды коняў хрыпеньне, Вось, вось дапялі пярэдніх, зраўняліся ў гоне! Зрок гаспадарскі злавіўшы, скакун падстаўляе Пану сьпіну і з налёту ў імгненьне мяняюць Коньнікі месцы на конях, адно ізьлятаюць Плоймай птушын калчаны ў пёрх стрэлаў, крыж-на-крыж! Цёмнаю ночай ізноў выдумляліся гульні, Дзе пасароміць бы мог баязьліўца адважны. Ўсім пераможцам давалі заўжды ўзнагароды, Ну, а хто сьхібіў, заслужваў і сорам і кпіны. Часам ішлі аб заклад, што было шмат цяжэйшым: Рэкі адолець шырокія ўплынь, хай чакаюць Гушчы чаротаў плаўца, і віры, і глыбіні, Б'ецца рака белагрываю хваляй у строму, Рвецца з шаленствам дзікім і драпежным на бераг. Звычай у коньнікаў быў свае лукі ды стрэлы Ўкручваць у клунак з адзежай і гэтак сухімі Потым выносіць на бераг… Вось рынулі коні, Пырханьне чуеш адно, бачыш вушы ды храпы, А на стырне, упіліўшыся ў грывы, мільгаюць Конных галовы. Свабоднаю левай рукою Кожны грабе, памагае каню выбірацца. Ўсім нагароды давалі: вышэйшыя — лепшым, Рэшце ж, як хто заслужыў. Не міналі нікога.

13

Выпрабаваныя доляй ня раз і ня двойчы Воі мастоў не шукалі, а рэкаў запыны Перамагалі на конях, сухою выносячы зброю: Княства для прышлых рыхтуючы войнаў, карысна Гэтак адным рыхтаваньнем ды працай пратрапіць Боязі й жахі змагчы, ізь нястачамі зжыцца. Князь, ваяўнік найгартоўнейшы, большага шчасьця Нат не шукаў, чымся ўсьцяж гартаваць сваё войска. Годнасьцяй першай лічылася ў князя адвага. Сочачы пільна, знайходзіў ён сам адважнейшых, І на аглядах адразу й абдорваў шчодра, А баязьліўцаў, няхай і з багатага роду, Не шанаваў і была іхнай доляй няслава. Вось як судзіў ён, суровы, але справядлівы, Тонкім чуцьцём прыкмячаючы праўды адзнаку! Злая мана перад ім пасьцілалася ніцма, Сам абвяшчаў ён прысуд, вінавайцы ж, як кажуць, Тутка ж з пакорай праступствы свае прызнавалі, Кары ды сьмерці прасілі — вяроўкі на шыю — Ведалі добра бо — літасьці тут ім ня будзе Горай за ўсё ілжасьветкаў князь меў у пагардзе, Іх аддаваў на жахлівыя ён катаваньні — Суд справядлівы ня сьмейце ашукаваць княжы! Поглядам лютым усьлед выкрываў вінавайцу, Аж прызнаваўся ў мане парушальнік прысягі. Жорсткі прысуд быў удзелам засуджаных, іх бо, Ў скуры зашыўшы зьвярыныя, кідалі проста Злоснай ганьні ваўкадаваў, што іх трыбушылі. Жорсткая кара чакала за хабар і судзьдзяў. Недзе было, што гасьцінцам судзьдзю падкупілі, Й княжы наказ абмінуць нешчасьліўца наважыў. Выкрыты быў ён, жахліва пасьля катаваны I, як навука для іншых, пайрваны на часткі. Кожную сквапнасьць князь нішчыў з карэньнем, і гэтым Сёньня і заўтра заслужана славіцца будзе. Справаў бліскучых ці мала заладзіў ён, гэта Кажнаму ясна, як зь песьні маёй, паміж іншым.