Выбрать главу

14

Меў селянін адзін клопат — гараць сваю ніву, Сэрцы ж сялянскія князь гартаваў паляваньнем. Зьвер здабываўся ўсяляк, і найлепшай здабычай Тая была, калі зьвера у стан прыганялі Без пакалечаньняў, ранаў, блізу што бяз шкоды. Гэта лічылася скрозь дасягненьнем найвышшым, Ну, а зь нядбайных маглі і спагнаць па загаду. Трэба сказаць, што сяляне стараліся добра, Ўсе даручэньні выконвалі пільна, адважна, Нат і зуброў пакладалі да ног валадарскіх. Што так бывала заўжды, я усёткі ня веру, Цьвердзяць старыя, адлі, быццам гэта ўсё праўда. Але пра кемнасьць народную ў стаўленьні пасткаў, Трэба сказаць без сумлеву, што гэта — мастацтва! Сьценку з падвойных бярвеньняў, падобную кліну, Ў пушчы стаўлялі, рассоўвалі шырака перад, Потым звужалі патроху, а ў сьценцы засовы Спрытна хавалі пад гольлем ялін і травою, Каб небясьпекі ня вычуў як зьвер асьцярожны. Ў сьвітцы чырвонай лавец-заклікайла ўдоўж кліну Раптам імчыць, меч зіхціць над яго галавою. Зубр гэта бачыць, крывёй наліваюцца вочы, Ды парушальнік спакою ўжо зьгінуў, расстаяў: Ёсьцека лазы бо ў сьценцы, лавец і схаваўся. Зьвер, разагнаўшыся ў гоне, тым часам трапляе Проста у пастку: засовы ўвомірг дарогу Пыняць яму і наперадзе й ззаду — злавілі! Бегма бягуць із схаванкаў лаўцы, абкружаюць З крыкам пачвару, пятлю закідаюць на шыю, Сьцягваюць шчыльна раменьне, а заднія ногі Путамі моцнымі вяжуць, хаду запыняюць. Непераможаны зброяй, атрадамі вояў ня ўзяты, Тутка таймуецца зьвер адно зьменлівым конам… Цела магутнага зубра скруціўшы вяроўкай, Цягнуць яго, як гару й дзікім жахам працяты, Пеніцца люты асілак, але паддаецца, Йдзе, дрыжучы, паўз натоўпы людзкія ў няволю. Зьвера, у табар прыгнаўшы, разьвязваюць, гоняць Потым у чыстае поле, каб мэтай жывою Коньнікам княжым ён быў — беце стрэламі й дзідай, Ды набывайце каштоўнае гэтак дазнаньне! Як запэўняюць, ня толькі на стрэлах і дзідах Клалі знакі, але мэту жывую знакамі Густа пярэсьцілі, й той, хто дакладна пацэліў, Узнагароджваўся ўсьлед як найлепш, бо за князя Вітаўта тых адзначалі, хто цела жывёлы Дзідай умеў пранізаць і глыбока й дакладна. Вітаўта княжаньня час, я мяркую, названы Найпрыгажэйшы ня толькі з прычыны ваяцкіх Княжых удачаў, але мо й таму, што над грошы, Ўдачы ды славу стаўляў Вітаўт духа багацьце, Глыбака верыў у праўду Ўсямоцнага Бога… Першы з народамі княства прыняўшы хрышчэньне, Веры старое усе асудзіўшы памылкі, Зманных паганскіх бажкоў ён спаліў і паставіў Хорамы Богу Ўсявышняму. Быўшы пабожным, Шчодра й сьвятарства дарыў ён майном і зямлёю. Славу пяяць адлі Вітаўту слаўнаму годзе! Хай неахвотна, ягоныя дзеі мінаю Тут я, бо зноў захапіўся, а трэба трымацца Пільна згаданае тэмы — Паўночнай краіны, Дый пра зуброў быў бы час ужо скончыць спаміны, Ходзячы ўкола бо, ўшчэнт я ад іх адхіліўся, А, паміж намі, час быў бы вярнуцца да ловаў! Крыкам, пагоняй загнаны і стомлены зубар Здаўся, зьнясілеў нарэшце, астыгла і зьнікла Лютасьць, маўляў зразумеў зьвер, што скон ужо блізка. Ўвесь упацеў ён і дыхае цяжка, із хрыпам, Ногі ўжо ледзьве трымаюць і цела абмякла, Вось-вось, глядзі, спатыкаецца, ўпадзе і сканае, Гасьне злаба уваччу, што яго паланіла… Коньнікі коні вядуць у гушчар, не марудзяць. Вось сьмелым крокам, як звычай ім кажа, выходзіць Сьцяг юнакоў скончыць зьвера ва ўпор, вока ў вока Ўдарам клінкоў, і стаяць ізь дзіўною адвагай Тварам да сьмерці хлапцы із надзеяй на славу. Вось узьняліся клінкі, расьсякаюць паветра: Кожны заве да сябе спахмурнелага зьвера, Ён жа-ж, зьнясілены ўшчэнт, а ўсё ж ірвануўся Сьлепа на постаць лаўца й той адскочыў за дрэва. Зубр разьвярнуўся, нацэліўся й раптам з разгону, Быццам маланка ў магутнае дрэва ўдарыў. Гольле ляціць у бакі, з трэскам сыплюцца трэскі, Сьмерцяй лаўцом пагражае камель надламаны. Пільна, малойчык, глядзі, уважай, бо нязважным Гэтае месца наўрад ці на схоў надаецца! Трапіла бачыць мне: сьмелы адзін паляўнічы Меч упусьціў, калі зьвер набліжаўся падскокам Проста на дрэва, дзе той, скамянеўшы, стаіўся, І каб сам лёс не прыйшоў бедаку з дапамогай, Гэны юнак пэўне трапіў бы сьмерці ў вабдымкі. Шчасьцем, аднак, было гэтае дрэва сасною, Шапкай вялізнаю сьнегу прыкрытаю, вось жа Як здрыгануўся камель, страсянулася й гольле Й белая сьнежная хмара згары сыпанула. Сьмелы лавец зьнік на ймгненьне, ды зараз Рынуў наўцёкі паўз белую ймглу — ратавацца! Моцна ўжо ж кпілі сябры зь юнака і зь нягоды, Быццам ад сьмерці ўцякаць — гэта сорам і ганьба, Як і ў змаганьні — да хуткай імкнуць перамогі. Грымнуў удар — упіліся рогі ў дрэва, Ўзяўшы ў абоймы камель… Ды стрывала карэньне Хвоі-асілка у пушчы ўрадлівым суглінку. А як сасна баравая — быць пэўным яе немагчыма, Хто за ёй стоіцца, зь ёю ж пасполу і рыне. Гэнае й буры зь вятрамі ня вывярнуць, гэта ж Гіне парой пад імпэтным зубровым ударам. Ну ж і відовішча! Мкнецца сасну перакінуць Зубар, здрыгаецца, кружыць, бадзе, у шаленсьцьве Сьлепне й розьніцы болей ня робіць між дрэвам І чалавекам, рагамі камель разьбівае, Быццам ён — вораг, і пэўне ж мяркуе: забіты! Нат не разрозьніш у мітусі пары ды сьнегу, Дзе паляўнічы, дзе — зубар шалёны — абодвы, Ёсьць аднак розьніца ў лютасьці кожнага зьвера: Шмат зь іх і ў бойцы захоўваюць зрок непамыльны.