Выбрать главу

15

Ўсе яшчэ, думаю, ў памяці маюць здарэньне Што тут было за гадоў караля Аляксандра. Гэта няшчасьце магло б патапіць каралеўства Ў горкіх сьлязах, ды Бог зьлітаваўся — гора мінула: Ў пушчы памост збудаваны быў моцны ў чатыры, А можа й болей падпораў — сачыць паляваньне. Ў коле магнацтва ды фрэйлін сама каралева Тамка сядзела, ўнізе ж ледзь трывала юнацтва, Каб найхутчэй паказаць свае спрыт ды адвагу Ў бойцы з магутным і дзіка разьюшаным зьверам. Жэўжык Амур, на старой затаіўшыся хвоі, Лук нацягнуў і насьлепа пацэліў у сэрца. Што ж, забаўляйся, свавольнік, гуляй у ахвоту, Толькі ня сяньня, ня ў пушчы! Юнак-паляўнічы Прыпадабацца каханай сваёй захацеўшы, Зробіць мо рыцарскі гэст і напэўна загіне Тут празь цябе нечаканай, бяздумнаю сьмерцяй! Вось і зубры паказаліся з лоўчых ганьнёю. Ўсе на памосьце замерлі і зь месца ўзьняліся. Колерам зыркай вясёлкі бліснулі апраткі, Золатам тканы вузор па чырвоным і белым. Ледзь гэта зыркасьць у вочы дзікія шугнула Правадыра, ён прыстаў і ўпіліся паглядам У варагоў. І загасла увомірг цікавасьць, Бо не скажу, каб відовішчам цешыцца гэткім Тыя маглі, што злабою зьвяроў не кіруюць, Гэта — нязвычна. Тут тупат пачуўся здалёку І паміж дрэваў, падскокам, праймчаўся, як вецер Статак зубровы, цаляючы ў гурт паляўнічых. Раптам на луг, у няпамяці гневу, ўварваўся Зубар-асілак, жахлівай крывавячы ранай. Ён прыпыніўся, затрос галавою, прыкмеціў Зыркасьць страёў на памосьце й пачаў прыглядацца, Быццам пазнаць намагаўся асобныя твары: — Цешыцца сьмерцяй маёю зыйшліся? Чакайце ж, Вось пакажу я вам сьмерць, што й вякі не забудуць! Тутка зароў ён, дзьмучы у магутныя храпы (Гэта сыгнал небясьпекі для кожнага ў статку), Скончыў, ударыў рагамі і выбіў падпору. Мост затрашчаў і каб, воляю кону, ударыў Зубар яшчэ, ўсё бы рынула, шчодрай крывёю Зьліўшы зямлю ды хварбуючы стромыя рогі. Не, не магу я ўявіць нат, ушчэнт скамянеўшы, Што б нарабіць мог зьвер гэтта усьпененай пысай!