Выбрать главу

16

Быў ён загнаны усёткі й паранены. Чэзьне Гневу шаленства у ім, хай мо лютасьць ня згасла: Сьцёбае злосна хвастом, ажно сьвішча паветра, Зь ляпы ж вужакай віецца язык вялізарны Ды вырываецца хмараю пара із храпаў. (Моц непаўстрымную сьцюжа бадзёрыла пэўне, Але ж ужо, хай мароз, і яна занікае). Дыхае важка, трымціць зьвер, бо гнеўная лютасьць Бродзіць шчэ ўсёткі пад скурай, у чэраве сьпеклым, Пеністым потам кіпіць, ды прыгледзься — і бачна: Згоднасьці ў рухах нямаш, а ўздыхне і на грыве Космы падскочаць, — адразу ж іх вырве са злосьцяй, Б'е капытамі па бруху, рве, тузае цела. Ліст скалынецца пажоўклы на гольлі дубовым — Рыне на дрэва, націсьне, паломіць на трэскі, Сьцень мільгане, шугане між галінамі птушка — Топча, бадзе тое месца, за сьценем нясецца… Тысячы розных нягодаў, прыгод, успамінаў Раптам вяртаюць цябе ў дні твае маладосьці! Чую я хібу у складзе сваім, раз-па-разе Сказ мой драблю і ў адцягваньне быццам, гуляю, Словам пустым захапляюся… Будзь жа-ж цярплівы І пачакай абурацца, чытач мой, — разьвязка Блізка ўжо: лоўчы за дубам, а зубр наступае. Вось ён ля дрэва, ўпрытык паляўнічы і зубар, Ані паўкроку ў бакі, дык трымайся, бо сьхібіш — Зразу ж цябе, безбароннага, рогам дастане. Круцяцца, нібы ў танку, й паляўнічы і зубар, Скачуць з абодвух старонаў навокала дубу. Лоўчы мяркуе клінком пад лапатку патрапіць, Зьвер языком яго ўчэпістым мацае, ловіць. Ну, а ня дай Бог, падчэпіць за полы — і годзе, — Скон непазьбеглы: памне, забадае, загубіць. Каб як ад гнуткай зьмяі языка адкаснуцца, Спрытны лавец коле зьвера кароткім ударам — Захад адзіны, дзе й стрэлы клінку саступаюць — Бачыць лавец, што з часінаю кожнай слабеюць Ногі пад зубрам, падцяненасьць цела зьнікае. Зноўкі, адлі, страпянуўся, бадзе зьвер — хавайся! Чуеш, як духам гарачым цябе прыпякае з-за дубу, Бі! І клінок яшчэ раз патрапляе бясьхібна. Важка, ахутаны парай, асеў зьвер, канае. Недзе ўжо іншы раве й каб з ахвяраю скончыць, Трэ праявіць літасьцівасьць — дабіць не чакаўшы, Спрытным, апошнім ударам, наблізіўшы гэтым разьвязку.

17

Рог затрубіў. Пераможца у коле сяброўскім. Жарты, уцеха. Ля ног зьвер, ужо ўтаймаваны. Ў пушчы хаваецца іншы ды я не прабую Рынуць пагоняй за гэным, бо час падганяе. Годзе забойстваў! Разбуджаны розум трывогу Кажа ўладарна мне ўзьняць, разьвітацца з разбоем. Дось ужо Марсу ў крыві тапіць сьвет хрысьціянскі, Веры асновы ўстрасаючы скрозь і усюдых. Сяньня хісткая яна, нат на полі змаганьня, Губяць яе варагі, ці свой меч расьсякае, Даўшы чужынцам на зьдзек, на загін. Застаецца Толькі ўсяго, што на літасьць нябёс спадзявацца. Ды, патануўшы ў злачынствах, ці нам даваць веры Ў хуткую зьмену, ратунак, — ня сьмеем нат думаць! Сьпіць бо сумленьне зямлі ўладароў непрабудна, Іхныя ўчынкі, на жаль, не клапоты аб сьвеце. Рупіць балей ім за ўсё, каб мячы баявыя Лепш нагайстрыць, як мага больш пазносіць галоваў. Бойкі, напады, міжсобіцы, братазабойствы — Вось іх заняткі й сапраўдная ўцеха для духа. Гінуць з абодвух бакоў воі ў гэткіх сутычках, Што бо князём сьлёзы людзкія, кроў і пакуты, Ім — панаваць каб адно, захаваць сваю ўладу, Вось і злачыняць, ізь лёсам падданых гуляюць. Ворагі, бачачы гэткае, кпіны з нас строяць: Княжы высокі пасад ёсьць зарукай апекі, Ну, а яны, як ваўкі, йрвуць і катуюць ніцых. Вось да чаго можа лютасьць сьляпая давесьці, Глыбака ў сэрцы зь зялеза злаба ўкараніцца! Лютыя сваркі ды бойкі, злабу, варажнечу Ўцяміць нялёгка, ў адказнасьці ж, горы — народы. Але бяды ўладаром да спакою людзкога! Ёсьць ці на сьвеце хто гэткі чульлівы, каб меч свой Нашай крывёй не мачыў ужо, толькі ж у Княстве Гора дагэтуль пануе й скрозь нішчацца людзі. Туркам бязьлітасным цэрквы ганьбуюцца, месты Паляцца й вёскі, і горды чужыя палоняць Нашу зямлю, гасяць смагу бязьвіннай крывёю І сысункоў, і старых, ды агіднасьці чыняць: Ўлоньне цяжарных жанок успароць ятаганам — Гэта забава для вылюдкаў, што ж ты ім зробіш, Як, абарону зламаўшы, забраўшы ў нас зброю, Ім ці ж баяцца, што голы паўстанеш нявольнік! Ой, як сьляпы наш народ, як бяздольныя людзі! Мы — яшчэ натаўп, князі ж падаўнейшаму душаць Кожную, дробную нават, праяву бунтарства, Ймкнуцца, ці гэтак, ці так зьнесьці кожнаму голаў, Хто за правы свае ўстаць і за Бога патрапіць. Як толькі Госпад, наш Збаўца, у зьзяньні нябёсаў Бачачы гэткія зьявы зямныя, знайходзіць Гэтта пабожных, што вераць у Божае слова!