Выбрать главу

18

Панна Марыя, калі Тваё ймя я накрэсьліць Тутка наважыў, рука затрымцела у жаху. Ніцы нявольнік Твой, я прад Табой із маленьнем Кленчу, ня знаючы, што мне сказаць, а што змоўчаць. Вось, я маўчу, але знаю — гаднейшая ўсіх Ты, Каб галасамі стварэньняў зямных маліцьвенна Сьвет зазьвінеў, пяючы Табе вечную славу. Розум ня знойдзе, язык наш ня вымавіць словаў Пышных удось, да Цябе каб належна зьвярнуцца! Верачы ў любасьць Тваю, разумеючы ўседараваньне, Панна, Тваё, прад Табою зьгінаю калены, З сэрцам трапёткім, зьбялелым, зламаны бярэмам Важкіх грахоў, і з пакораю ніцай прабую Вымаліць, Панна, Тваю я над намі апеку. Знаю, ці ж мне да Цябе з гэтай просьбай зьвяртацца, Толькі ж малю — заступіся, бо ж Бог чалавеку Ўзвышнай Цябе Апякункай прызначыў. Як сонца Сьвяціць паставіў і Ты нам — памога й апека. Як пад матулі крыльлём мае схоў птушанятка, Гэтак зьвяртаемся й мы пад Тваё апякунства, І як дзіця — немаўля маці туліць і песьціць, Так утулі Ты і нас, Твае дзеці, што гінуць. О, найсьвяцейшая, чыстая Панна Марыя! Послух дай нашым маленьням, ратуй нешчасьлівых! Зрок свой зьвярні на палі нашы й нівы, дзе войны Жорсткія ймкнуць быццам хваля марская па хвалі, Глянь Ты, якое бясчынства мячы нам спраўляюць Над хрысьціянамі, хай вера іхная ў згодзе З Сынам Тваім, хай жадаюць яны супакою. Розум здаровы вярні ўладаром нашым, Панна, Каб абавязкі забытыя ўспомнілі знову. Ўсе ж яны ў гэтым вар'яцкім, разбэшчаным сьвеце Ў словах адно міратворцы, ваўкі жа-ж ва ўчынках. Не прычакаць нам, пакуль яны працьверазяцца, Край наш тым часам злы вораг палоніць і гоніць Бедных людзёў безбаронных на зьдзек і пакуты. О, запыні пал варожы няхай бы на ймгненьне! Час не стаіць і адцягваньне горшае сьмерці! Папскі пасад Адрыяна быць можа памогай, Дык не чакай, о, Марыя, хай зь ветрам паверне Ветразі ён і прыпыніць мячы варажнечы, Хай ён пакажа сьляпым і дурным небясьпеку Ды пакарае ўсіх вінных уладай закону, Гэтак, каб той, хто ня спэцкаў яшчэ сваё йменьне. Меч наш усюды й заўжды кіраваў справядліва І ўладара ўзгадаваў бы зь сябе, што патрэбны Кожнаму конча сягоньня ў хаосе сусьветным.
Канец

1523