Выбрать главу

8

Ўлетку ў сутычках усобіцаў собскіх па шыю, Нашыя ратнікі маюць узімку спачынак І ўзнагароду: зьвярыныя ловы у пушчы. Ці не ў Літвы пераняў Марс стары ейны звычай Нат спачываючы, меч гартаваць на марозе? Войны й сутычкі! Яны у мяне выклікаюць Гнеў і пакуты. Адны, год па годзе, сам-на-сам, Йдзем ваяваць мы за ўсіх, за сьвятое братэрства. Вораг наш край аблажыў, каб ушчэнт, із карэньнем Зьнішчыць і нас, і Хрыстовае Ймя у краіне. Злодзей-чужак уварваўся у нашыя межы, Весьціць нахабна, што йдзе ён ня дзеля здабычы, З Божым іменьнем адно і ад Божага йменьня Топіць людзей у крыві ды выпальвае сёлы… Там, дзе Арда пабыла — скрозь адны папялішчы, Ды груганьнё і сабакі зьдзічэлыя. Лепей Тутка ж сканаць, чымся жыць пад пятой пераможцы Доляй нявольніка, век пад ярмом і ў пакутах… Караю Божаю нехрысьцяў нам не спалохаць: Вера й парадкі чужыя у іх у пагардзе. Пынячы горды грудзіма сваймі, як заставай, Мы падупалі, мячы нашы целы пасеклі, Кроў наша льлецца ракой, пераймаючы поступ Зграяў варожых, тым часам — шчыты нашы ў шчэрбах Скрозь ад няшчадных удараў, бо ворага зброя Над галавою ня нашай адно, і ахвяры Нашы па тое адно, каб сябрам даць нагоду Сілы сабраць ды ўлучыцца у бой із Ардою. Нашых суседзяў бяда шчэ як сьлед не кранула, Певень чырвоны іх стрэхаў стральчастых ня кратаў, Іхнія дні ціхамірна мінаюць і сяньня, Толькі таму, што наш край палымнее ў пажарах. Ім — памагчы б нам, яны ж выступаюць у згодзе Шчыльнай з чужынцам у словах і чынах, мяркуюць Вомірг на нашым загіне узьняцца, пыхліўцы! Можа шалёныя ўсётакі ўсім, што тут гінуць Некалі лекі й прапішуць, ды будзе запозна! Мае хто вочы — пабачыць, а вушы — пачуе: Недзе грыміць, пяруны ды маланкі ўжо блізка! Прага захопаў, міні варагоў стараною, Сьмягнуць калі ж, хай міжсобку грызуцца зацята! Хай скрозь насякне зямля іхнай чорнай крывёю — Нашы сьнягі напіліся ўжо нашай чырвонай! Смага падбояў для іх жа самых нарыхтуе Путы грымлівыя й ім і нашчадкам навечна! Што наканована — будзе! Гаспод непадкупны: Прыйдзе і помста і кара на ўсякую погань. Час ахінуцца, ачуцца! Няхай яшчэ зводдаль Бура грыміць, але чорная, грозная хмара Борзда імкне… І нашэсьце — падобнае сьмерці. Розумам жах небясьпекі, як сам не пабачыў, Сьцяміць няможна, ды заўтрашні дзень пад пагрозай… Ты ж, наш суседзе, адкажаш, калі твае месты Й сёлы пачнуць разьлягацца і плачам і стогнам, Каяцца будзеш: дзе ж нашыя моц і адвага Гэтта былі? Як маглі мы сваёю ахвотай Шлях адчыніць пагарджаным усімі паганцам? Ім, што палон і нялюдзкую долю рыхтуюць Нам, і суседзям, і нават далёкім народам! Як жа-ж маглі мы наклікаць навалу, якое Хопіць і дзецям, і ўнукам і праўнукам нашым!

9

Што ж распачаць, наракаць нам? Усё разумеем… Ціха у пушчы. Няхай жа-ж пачуецца зноўку Гусаўца голас аб нашых вялізных жывёлах! Як меркавалася, пойдзем у нетры лясныя, Там, згодна правілаў нашых адвечных лавецкіх, Складзена сьценка із сьцятых таўшчэзазных дрэваў, Што углыбкі адыходзіць на дзесяць-пятнаццаць Міляў італьскіх, із мноствам драбнейшых адсекаў. Тых, што ў сярэдзіну трапяць, сьцяна абкружае, І безупынна старожа глядзіць, каб праходы Былі зачынены й зьвер з агарожы ня выйшаў. Лёгка увойдзеш, а выйсьці — ня выйдзеш: пілнуюць. Зьвер патрапляе ў загон безь вялікіх турботаў, Нат не прыкмеціць, што выхады ўраз завалілі Моцнай завалай. На пасьбішчы, быццам, спакойна, Мы ж, паляўнічыя, зьвера з загону цікуем. Ён ужо ў пастцы, і мы паляваць пачынаем. Страх — нам нішто, хай навокала скрозь небясьпека: Сябра дзесь побач, а прыйдзе бяда — і нямашка. Верны слуга спадару у сутычцы — ня помач, Клічу ў сумятні ні бацька, ні сын не пачуюць! Собскую справу сваймі ты бароніш рукамі, Кон свой трымаеш у іх жа, а выпусьціш — зьгінеш. Важыш жыцьцё бо, а сьхібіш — пра літасьць забудзься… Існасьць загаду ўсім ясная — наступ наперад, Перамагчы ж, па магчымасьці, трэба бяскроўна. Выручыць конь хутканогі, адскочыць ад сьмерці, Толькі у гэтым ратунак і ў гэтым надзея! З намі наш князь, ён кідаецца ў гушчу змаганьня: Хто ж бы даў послух нясьмелым, пайшоў з баязьліўцам! Як перад боем з татарамі зброя асілка Мужнасьць у воях распальвае — знак перамогі, — Так і на ловах літоўскіх адвага старэйшых Іхнай удачы у ходаньні й славе ня шкодзіць. Чую: няўзнак зноў пяро маё з простай дарогі Гэтта зыйшло, каб табе, войча наш Жыгімонце, Славу аддаць, прыгадаць дасягненьні у справах Важных у хаце й важнейшых мо йшчэ паза хатай. Гэта ня проста, мне ў гэтым ніхто не паможа, Тут бо, за межамі пушчаў, маўчыць твая слава, Тутка нялёгка цябе ўсхваляваць, дык дазволю Ўсё ж прыгадаць твае ходаньні з ворагам хай бы… Нам бы — ціхога жыцьця, ну, а словаў ніхто не шкадуе.