Выбрать главу

10

Вось ён стаіць у гушчары, варожыць, што будзе! Долі чакае… Яго й апяем мы у песьні. Часта у вершы апісваюць цэлыя статкі, Мы ж на адным ім увагу із вамі запынім, Сілаў ня стане сказаць аб усіх бо, ні часу! Збаю, але аб адным, што бяды не пачуўшы, Ў пастцы, ў мяне на ваччу, апынуўся зьнячэўку: Выхад старожа замкнула і рынулі стрэлы. Імі увомірг апераны, ён ірвануўся Й трапіў на дзіды, што лоўцы сыпнулі з засады, Шыю, бакі пранізалі. Напасьнікаў зрокам Палячы, волат зароў, разьдзімаючы храпы, І як віхор закруціўся, падскочыў, паймчаўся. Коньнікі зь гіканьнем мкнуць наўздагон, пераймаюць, Тупат да зораў шугае, а зубар, як бура Йрве праз паляну, наперадзе — сьценка, з разгону Хоча яе пераскочыць, на жаль, завысока! Стаў, як укопаны… Як ратавацца? А ў цела Зноўку убілася з сыканьнем нечая дзіда. Лютасьць кіпіць, палымнее пагляд і бруіцца Зыркая кроў із глыбокай гарачае раны… Дзе ж варагі: ён шукае, гатовы змагацца, Зьмяць іх, раструшыць, і першыя ўдары кіруе Ў зграю сабак стогалосых, дзярэ, раськідае, Потым — імкне на людзей із жахлівым рыканьнем. Людзі — у россып, насьлепа кіруючы коні. Хрыпам, рыканьнем, галёканьнем поўніцца пушча! Лоўцам скакаць напрасткі няма сэнсу й надзеі, Можна адно ратавацца, адскочыўшы набак: Гнеў і разьбег паўз лаўцоў яго мо перакіне, Велічы ж гэткай нялёгка зьвярнуцца у бегу! Конны ланцуг замыкаецца. Зьвер мітусіцца: Цяжка разгон паўстрымаць, пачынаючы наступ. Целам важкім налятае ён бурна, падскокам, Бачыш — угрэўся, сапе, а калматая грыва Б'ецца на ветры, і ўвесь ён — нястрымнае ймкненьне! Доўга яшчэ зьвер із ровам бушуе ў загоне, Сочыць, на кім бы памсьціцца, гарачку спатоліць, Зрок яго люты спаліць вокал мог бы ўсё чыста Й прыкладам гэтта праўдзівым пацьверджу я зараз: Нехта з мушкетам, вядома, ня простага роду, Стрэліць дазволіў сабе ў зьвярыну, — і пацэліў. Гольлем схаваны, бач, песьціў дурніца надзею Выцалець неяк і толькі сачыў із трывогай Скуль спадзявацца нападу… Зайгралі сабакі: Блізка напасьнік! Аж, ломячы з трэскам ламачча, Сьнег раськідаючы, ў хмарах бялявае пары Зьвер аказаўся зьнянацку, абкружаны зграяй, І затрымаўся, сабаку адкінуў ды зрокам Поўным шалёнай злабы утаропіўся ў хвойнік, дзе ў жаху Бедны стралец здрыгануўся: няйначай, прыкмеціў! Хай ад яго быў наш зубар даволі далёка, Страх чалавека уразіў: бядак із мушкетам Так, як стаяў, і сканаў з аднаго перапуду! Дзіву даваліся людзі з канцоў баязьліўцы, Труп небаракі застыглы знайшоўшы назаўтра. Чулі яны, што забіць можа зрок Базыліска, Ды вось памёр жа-ж бяздольны, някранены зьверам Гэты юнак, баязьлівага нораву й сэрца! Сам я быў сьветкам здарэньня, яшчэ не забыўся Нават напісу, што нехта зрабіў на магіле: «Тут пахаваны Лаўрук, што забіты ня зубрам, — Выглядам толькі ягоным. Ці ж лёс вінаваціць?»