Выбрать главу

— Не, браце, ня верыш ты мне. А чаму, уласна, ня верыш? Дарма ты мне ня верыш.

Ён, значыць, па кабінэціку бегае, а я сяджу, дым пускаю і памоўчваю. Шкада мне яго, вядома, і крыўдна, што так па-дурному атрымалася. А хто вінаваты? А сам я й вінаваты. Хто мяне за язык цягнуў? Павабіў дзіцяцю пернікам, а пернік у заначцы, і даставаць яго нельга… Тут ён перастае бегаць, спыняецца каля мяне і, гледзячы кудысьці ўбок, няёмка пытаецца:

— Слухай, Рэдзе, — пытаецца, — а колькі яна можа каштаваць — поўная «пустышка»?

Я спачатку яго не зразумеў, падумаў спачатку, што ён у мяне купіць хоча, а грошай у яго, вядома, няма, адкуль у яго грошы, у замежнага спэцыяліста, ды яшчэ расейца? А потым мяне нібы апякло: што ж гэта ён, сука, ён што, думае, што я з-за зялёненькіх гэтую бадзягу разьвёў? Ах ты, думаю, сьцерва, за каго ты мяне лічыш? А зь іншага боку, як яму гэта не падумаць? Бо што такое сталкер? Сталкер — ён сталкер і ёсьць, яму б толькі зялёненькіх пабольш, ён за зялёненькія жыцьцём гандлюе. Учора, значыць, вуду закінуў, а сёньня прынаду ваджу, цану набіваю. Мне нават зацяло ад такіх думак. А ён раптам далоньню аб далонь ляпнуў, рукі пацёр і бадзёрчыкам гэткім аб’яўляе:

— Ну, што ж, не дык не. Я цябе разумею, Рэд, і асуджаць не магу. Пойду сам. Ану абыдзецца, ня ў першы раз…

Разаслаў на падаконьніку мапу, упёрся рукамі, згорбіўся над ёй, і ўся ягоная бадзёрасьць проста-ткі на вачах выпарылася. Чую — мармыча:

— Сто дваццаць мэтраў… Нават сто дваццаць два… І што там яшчэ ў самім гаражы… Не, ня возьму я Тэндэра. Як ты думаеш, Рэдзе, можа, ня варта Тэндэра браць? Усё ж ткі ён мае дваіх дзяцей…

— Аднаго цябе ня выпусьцяць, — кажу я.

— Нічога, выпусьцяць, — мармыча ён. — У мяне ўсе сэржанты знаёмыя. Не падабаюцца мне гэтыя грузавікі… Трынаццаць гадоў пад адкрытым небам стаяць, а як новенькія… У дваццаці кроках ад іх бэнзавоз — іржавы, як рэшата… а яны — як з канвэера… Вох ужо гэтая Зона!

Падняў ён галаву ад мапы і ўтаропіўся ў акно. І я таксама ўтаропіўся ў акно. Шкло ў акне тоўстае, сьвінцовае, а за шклом Зона-матухна — вось яна, рукою дастаць, уся як на далоні з дванаццатага паверху. Гэтак вось паглядзіш на яе — зямля як зямля. Сонца на яе як на ўсю астатнюю зямлю сьвеціць, і нічога быццам бы на ёй не зьмянілася, усё быццам бы як трынаццаць гадоў таму. Бацька-нябожчык паглядзеў бы, нічога б асаблівага не заўважыў, хіба што спытаў бы, чаго гэта завод не дыміць, забастоўка, ці што? Жоўтая парода конусамі, каўпэры на сонейку адсьвечваюць у промнях, рэйкі, рэйкі, рэйкі, на рэйках паравозік з плятформамі… Індустрыяльны краявід, адным словам. Толькі людзей няма. Ні жывых, ні мёртвых. Вунь і гараж бачны: доўгая шэрая кішка, вароты наросхрыст, а на асфальтавай пляцоўцы машыны стаяць. Трынаццаць гадоў стаяць, і нічога ім ня робіцца. Правільна ён наконт машынаў заўважыў, цяміць. Крый божа паміж дзьвюма машынамі апынуцца, іх трэба за вярсту абыходзіць… там адна трэшчына ёсьць у асфальце… калі яна з тых часоў калючкай ня зарасла… Сто дваццаць два мэтры… Гэта адкуль жа ён лічыць? А, напэўна, ад крайняй тычкі лічыць. Правільна, так больш ня будзе. Усё-ткі прасоўваюцца навукоўцы… Глядзі, да самога адвалу дарогу правесілі, ды як спрытна правесілі! Вунь яна, тая канаўка, дзе Смоўж угробіўся, усяго ў двух мэтрах ад іхнае дарогі… Аджа ж казаў Барбрыдж Смаўжу, трымайся ад канаваў далей, дурань, а то ж і хаваць няма чаго будзе… Як у ваду глядзеў. Няма чаго хаваць. З Зонай жа так: з хабарам вярнуўся — цуд; жывы вярнуўся — удача; патрульная куля — шанцаваньне; усё астатняе — лёс. Тут я паглядзеў на Кірыла і бачу: ён за мной скоса назірае. І твар у яго такі, што я ў гэты момант зноў усё перарашыў. Ён бы мог наогул нічога не казаць, але ён сказаў:

— Малодшы прэпаратару Шугарце, — кажа. — З афіцыйных — падкрэсьліваю: з афіцыйных крыніцаў я атрымаў зьвесткі, што агляд гаража можа прынесьці вялікую карысьць навуцы. Ёсьць прапанова агледзець гараж. Прэміяльныя гарантую. — А сам усьміхаецца, як травеньская ружа.

— Зь якіх жа гэта афіцыйных крыніцаў? — пытаюся я і сам таксама ўсьміхаюся.

— Гэта канфідэнцыйныя крыніцы, — адказвае. — Але вам я магу сказаць. — Тут ён перастаў усьміхацца і насупіўся. — Скажам, ад доктара Дугляса…

— А, — кажу, — ад доктара Дугляса… Ад якога ж гэта Дугляса?

— Ад Сэма Дугляса, — кажа ён суха. — На мінулым тыдні ён загінуў у Зоне.

У мяне мурашкі па скуры пайшлі. Які чорт! Хіба пра такія рэчы перад выхадам кажуць? Хоць лапатку ім адпары, нічога ня цямяць. Тыцнуў я недакурак у попельніцу і кажу:

— Добра. Дзе ваш Тэндэр? Доўга мы яго яшчэ чакайма?

Карацей кажучы, больш мы на гэтую тэму не размаўлялі. Кірыл патэлефанаваў у ППС, замовіў «лятаючы галёш», а я ўзяў мапу і паглядзеў, што ў іх там намалявана. Нічога намалявана, у парадку. Фатаграфічным шляхам зьверху і зь вялікім павелічэньнем. Нават рубчыкі на кінутай покрыўцы, каля варотаў гаража бачныя. Нашаму бы брату сталкеру такія мапы, а зрэшты, чорта ад іх толку, калі ўночы азадак зоркам паказваеш і ўласных рук ня бачыш. А тут і Тэндэр заявіўся. Чырвоны, засопся. Дачка ў яго захварэла, па доктара бегаў. Тут мы яму і паднесьлі падаруначак — у Зону ісьці. Ён нават задыхацца забыўся, бедачына. «Як так — у Зону? — кажа. — Чаму я?» Аднак, пачуўшы пра падвойныя прэміяльныя і пра тое, што Рэд Шугарт таксама ідзе, акрыяў і задыхаў зноў.