Выбрать главу

Карацей кажучы, спусьціліся мы ў «будуар», Кірыл шмаргануў за пропускамі, прад’явілі мы іх сэржанту (гэтых сэржантаў у інстытуце больш, чым у дывізіі, ды ўсе такія мажныя, румяныя, кроў з малаком, ім у Зону хадзіць ня трэба), прад’явілі мы, значыць, нашыя пропускі сэржанту, і выдаў нам сэржант па спэцкасьцюме. Вось гэта добрая рэч. Перафарбаваць бы яго з чырвонага ў які-небудзь прыдатны колер — любы сталкер за яго пяцьсот манэтаў адваліць, вокам не міргне. Я ўжо даўно пакляўся, што злаўчуся як-небудзь, сапру адзін абавязкова. На першы погляд — нічога асаблівага, касьцюм такі, накшталт вадалазнага, і шлем як у вадалаза, зь вялікім акном наперадзе. Нават не накшталт вадалазнага, а хутчэй як у лётчыка-рэактыўшчыка або, скажам, у касманаўта. Лёгкі, зручны, нідзе ня цісьне, ня душыць, і ад сьпёкі ў ім не пацееш. Але ў гэтым касьцюмчыку і ў агонь можна, і газ ніякі празь яго не праходзіць. Куля, кажуць, і тое не прабівае. Вядома, і агонь, і іпрыт які-небудзь, і куля — гэта ўсё чалавечае. У Зоне нічога гэтага няма, у Зоне ня гэтага трэба баяцца. Чаго там казаць, у гэтых спэцкасьцюмах таксама мруць як міленькія… Іншая справа, што без касьцюмаў, можа быць, і яшчэ больш мерлі б. Ад «пякучага пуху», напрыклад, яны на сто адсоткаў ратуюць. Або ад пляўкоў «чортавай капусты». Ладна.

Нацягнулі мы спэцкасьцюмы гэтыя і папляліся праз увесь інстытуцкі двор да выхаду ў Зону. Так тут у іх гэта вядзецца — каб усе бачылі: вось, маўляў, ідуць героі навукі, жывот свой на альтар класьці ў імя чалавецтва, ведаў і сьвятога духа, амэн. І сапраўды, ва ўсе вокны аж да дваццатага паверху хайлы павыстаўляліся, толькі што хустачкамі не махаюць і аркестру няма.

— Шырэй крок, — кажу я Тэндэру. — І пуза падбяры. Пахавальная каманда… Менш сябе шкадуй, больш пра справу думай, а ўдзячнае чалавецтва цябе не забудзе.

Паглядзеў ён на мяне, і бачу я, што яму не да жартаў. Ды й правільна, якія ўжо тут жарты. Але калі ў Зону выходзіш, то адно з двух: альбо плач, альбо жартуй, а я зроду ня плакаў. Паглядзеў я на Кірыла. Нічога трымаецца, ізноў нешта мармыча — няйначай моліцца?

— Што, — пытаюся, — молішся? Маліся, — кажу, — маліся! У Зону далей, да неба бліжэй.

— Што? — пытаецца.

— Маліся! — крычу. — Загіблых у Зоне пан бог без чаргі прымае!

А ён раптам руку падняў і мяне па плячы паляпаў. Ня бойся, маўляў, са мной, маўляў, не прападзеш, а калі й прападзеш, то паміраем, маўляў, адзін раз. Не, ён нічога хлопец. Сьмешны.

Здалі мы пропускі апошняму сэржанту — на гэты раз, у парадку выключэньня, гэта лейтэнант аказаўся, я яго ведаю, бардачнік несуцішны, — а «лятаючы галёш» ужо тут як тут, падагналі яго хлопцы з ППС і паставілі ля самой прахадной. Падняліся мы на «галёш». Кірыл стаў за кіраваньне і кажа мне:

— Ну, Рэдзе, камандуй.

Я без усякай пасьпешлівасьці прыспусьціў «маланку» на грудзях, дастаў з-за пазухі біклагу, сербануў як сьлед, вечачку зашрубаваў і біклагу назад за пазуху сунуў. Не магу бяз гэтага. У які раз у Зону іду, а бяз гэтага не, не магу. Яны на мяне глядзяць і чакаюць.

— Так, — кажу. — Вам не прапаную, таму што іду з вамі ўпершыню і ня ведаю, як на вас сьпіртное дзейнічае. Парадак у нас будзе такі. Усё, што я сказаў, выконваць уміг і безадгаворачна. Калі хто замарудзіць, буду біць кулаком, прашу прабачэньня загадзя. Вось, напрыклад, я табе, пане Тэндэру, загадаю: на рукі ўстань і йдзі, дык вось ты, пане Тэндэру, павінен зад свой тоўсты задраць і выконваць. А ня выканаеш, дачку сваю хворую, можа, і ня ўбачыш больш. Але я ўжо паклапачуся, каб ты ўбачыў. Зразумела?

— Зразумела, — сіпіць Тэндэр, сам увесь чырвоны, ужо пацее і вуснамі пляскае. — Не навак, — кажа. — Ты, Рэдзе, галоўнае, загадаць не забудзь, а ўжо я на зубах пойду, ня тое што на руках.

— Вы для мяне абодва навакі. — кажу. — А ўжо загадаць я не забуду, ня бойся. Дарэчы, «галёшам» ты кіраваць умееш?

— Умее, — кажа Кірыл. — Добра кіруе.

— Добра так добра, — кажу. — Тады з богам. Апусьціць забралы! Малы наперад па тычках, вышыня пяць мэтраў. Ля дваццаць сёмай тычкі спынішся.