Найглыбейшы ідэйны папрок, які я пачуў пра свой раман «Граніца» на яго першым абмеркаванні ў канцы сорак дзевятага года, гэта была «дастаеўшчына», «корпанне ў чалавечых перажываннях». Забягаючы на тры гады наперад ад той нашай гутаркі ў Каралішчавічах, згадаю люты знамянальнага пяцьдзесят шостага, ленінградскі музей Някрасава. Мы з жонкай распраналіся ў гардэробе, самавітая музейная бабуля нешта вязала i слухала радыё. «Вот те и на! — раптам не вытрымала яна, як да сваіх, звярнуўшыся да нас. — А сама ведь видела, как мемориальную доску ломом-то отдирали!..» Перадача ішла — подых свабоды! — пра Дастаеўскага.
Я ведаў яго, так сказаць, па-заходніцку. Ca старых выданняў i па польскіх перакладах. «Записки из мертвого дома», «Преступление и наказание», некаторыя апавяданні, «Gracz», «Bracia Karamazow». Так нямала i так далека не ўсё! Ведаў няхай не падпольна, але ж, як аказалася потым, i збоку ад генеральнага курсу.
Адтуль, ад гэтага курсу, ішла i Броўкава нязгода з Коласам. Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі, у прысутнасці яе маладзейшых прадстаўнікоў, прытым, за выключэннем аднаго, беспартыйных, ён не згаджаўся, пярэчыў, прыгладжваў. Як мне яно i дагэтуль чуецца — на ўзроўні тагачаснага «Блакнота агітатара», не вышэй. Аднак афіцыйна, настойліва, нават ca страсцю свайго прывычнага аратарства. Пра «рэакдыйнасць», «Бесаў», «мракабесаў». Ажио стары замоўк, а потым заключыў дыскусію, па-свойму, па-народнаму грубавата, знішчальна:
«Філосафы!.. Каб я сюды не прыехаў, каб днушкаў вам не нарабіў, дык вы так i с... на голым холадзе. A ў філасофію лезеш!..»
Мы, слухачы, смяяліся потым. Там стрымаліся, не пазіраючы адзін на аднаго. I на збянтэжанасць гаепадара.
У маі пяцьдзесят чацвёртага года, перад святам трохсотгоддзя ўз'яднання Украіны з Расіяй, у Кіеве праводзілася Дэкада рускай літаратуры i мастацтва. Глебка, Шамякін i я былі гасцямі гэтай дэкады. Потым Шамякін паехаў дахаты, а мы з Пятром Федаравічам засталіся на асноўнае святкаванне.
Пачуўшы, што ў беларускай урадавай дэлега цы i прыехаў i Якуб Колас, мы пайшлі адведа ць яго. Стары вельмі ўсцешыўся:
— Як гэта добра, хлопчыкі, што вы прыйшлі!..
Усцешыўся i наш прэзідэнт, які па-суседску, са шлейкамі на беленькай расшпіленай кашулі, зайшоў неўзабаве ў Коласаў нумар.
Аказваедца, што яму, дзядзьку Якубу, якому i семдзесят другі год, i няможацца, i сапраўдны народны паэт,— яму трэба напісаць выступленні тром членам беларускай дэлегацыі. Самому таварышу прэзідэнту, бо звыш прамовы, напісанай яму ў дарогу рэферэнтамі, трэба i яшчэ адна. Сакратару аднаго з абкомаў партыі, чалавеку на трыццаць з гакам маладзейшаму за паэта. I работніцы тонкасуконнага камбіната, наогул ледзь не праўнучцы дзядзькі Якуба па гадах. Зрэшты, i прэзідэнт быў за яго маладзейшы на цэлы сыноўні век.
Аднак над уеім гэтым панавала такая привычная, неабвержная логіка: калі ты пісьменнік, дык i пішы!
Згодна з гэтай логікай вядомае выступленне «Кліч да беларускага народа» ў сорак першым годзе за Янку Кулалу, яшчэ ж i не шасцідзесяцігадовага, напісана знясіленым нядаўнімі катаваннямі i турмой Кузьмою Чорным.
«Мне i самому гэта нядобра,— праз тры гады пісаў пра гэта Чорны ў дзённіку, яшчэ ў ваеннай Маскве,— але тады не напісаць гэтага я не мог». I так яшчэ, ясней: «... Я не маю магчымасці пісаць свае раманы... як чорнарабочы, пісаў i пішу бесперапынна публіцыстычныя тэксты без подпісу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый антыфашысцкіх, скажам, з'ездаў, друкуюцца ў зборніках Купалы, як купалаўская публіцыстыка... А я хаджу спрацаваны i хворы i жыву ў катуху...»
Успамінаюць таварышы, што Купала Чорнага любіў, называў Кузёмкай...
A «логіка», аднак, сваё рабіла.
Калі б тады, у Кіеве, бачачы той вялікі клопат, у якім апынуўся наш дзядзька Якуб, дазволіць сабе невялічкую злараднасць, яна была б у нечым i справядлівая. Бо гаварылася ж, што i за яго таксама часам пісалі так званую публіцыстыку.
Адзін толькі прыклад, уласны. I забягаючы наперад.
У пяцьдзесят пятым годзе, да стагоддзя з дня смерці Адама Міцкевіча, я склаў, а Танк, пры маім некаторым удзеле, адрэдагаваў даволі салідны, a галоўнае — першы ў нас аднатомнік паэзіі вялікага земляка. Прасілася салідная прадмова. Броўка ўзяў мяне, я — карэктуру кнігі, i мы пайшлі да Коласа. Ён згадзіўся, але ж па той славутай логіцы: «Напішыце хто-небудзь, я падпішу...» Пятрусь Усцінавіч, дзякуй яму, не тады, a калі мы з ім выйшлі, прапанаваў зрабіць гэта мне. Каб такое было сказана пры дзядзьку Якубу, я, бадай, i згадзіўся б. Другой просьбай, з якою мы з Броўкам звярнуліся тады да старога, была просьба толькі мая: падключыць i мяне ў групу пісьменнікаў, выбраных для паездкі ў Польшчу, на Дэкаду беларускай літаратуры i мастацтва. Мне вельмі хацелася паехаць, i я быў вельмі ўдзячны дзядзьку Якубу, калі ён дапамог у гэтым. Аднак мне так прыкра было ад таго, упершыню, не ад іншых, a самім пачутага: «я падпішу», што перад Броўкам я даволі легка адмовіўся.