Выбрать главу

Зноў працытуем;Чорнага: «...але тады не напісаць гэтага я не мог». Не маглі i мы адмовіць у клопаце любімаму, паважанаму дый нямогламу чалавеку. Пятро ІФёдаравіч узяў прэзідэнта, я ткачыху, а пра сакратара абкома, калі мы выйшлі з гасцініцы, я па няспеласці сваёй еказаў, што пайшоў ён, сам хай напіша. Лагодны філосаф Глебка усміхнуўся:

«Ты думает, што так ужо ў яго i атрымаецца?..»

Атрымалася б, змог бы як-небудзь, але — быў заняты.

На раскошным перадсвяточным Крашчаціку, пад белай духмянасцю расквітнелых каштанаў, недзе гуляла незнаемая нам абодвум маладзенькая ткачыха. А таварыша сакратара мы неўзабаве, зусім нечакана, засталі з жонкай у павільёне «Морозиво»...

* * *

«Агульнае, грамадскае, народнае — памёр Колас, пакінуўшы нашу літаратуру без галавы.

Праўда тое, што ён некалькі гадоў фактычна не прымаў удзелу ў літаратурным жыцці, не цікавіўся моладдзю па-горкаўску, пісаў ніжэй сваіх магчымасцей...

Але праўда таксама i тое, што ў асобе яго мы страцілі сапраўднага старшыню нашага саюза, да каго можна было звярнуцца ў цяжкую хвіліну, страцілі любімага народам, найлепшага пісьменніка i заступніка нацыянальных інтарэсаў.

Любоў да Коласа... Увечары народ пачаў націскаць на ашклёныя дзверы Палаца культуры, a назаўтра заліў плошчы i вуліцы Мінска...

Як нам пойдзе цяпер — колькі пошласці ўздыме галаву, які размах возьме бяздарнасць?..»

Гэты мой запіс надрукаваны толькі ў перакладзе, у «скандальным» нумары «Немана» за люты семдзесят восьмага года.

Патрэбны, лічу, некаторыя тлумачэнні.

«Сапраўдны старшыня».

Гэта праўда, што старшынямі пасля вайны былі спачатку Лынькоў, потым Броўка, аднак яшчэ большая праўда ў тым, што за імі, афіцыйнымі, мы адчувалі галоўнага — Коласа.

«Звярнуцца ў цяжкую хвіліну».

Я звяртаўся толькі адзін раз, калі мяне — я паўтараюся — не уключылі былі ў пісьменніцкую групу на дэкаду ў Польшчы. Дзядзька Якуб тады адразу моўчкі зняў тэлефонную трубку, набраў нумар сакратара ЦК i сказаў туды сваё «я прашу». I гэтае «прашу» мне помнілася ў тым незабыўным падарожжы, помніцца жыва i сёння.

«Любоў да Коласа...»

Так у «Немане» скарацілася: «каб прайшло». A ў рукапісе больш: «Любоў да Коласа пераўзышла ўсе меркаванні начальства».

Напярэдадні пахавання я ўвечары быў на дзяжурстве каля труны. Хто яшчэ з пісьменнікаў? Выразна помню толькі К. Крапіву. Чарга на плошчы ў Палац культуры пасоўвалася вялікая, i калі было аб'яўлена па радыё, што развітанне спыняецца, людзі націснулі на дзверы ледзь не да звону шкла. Хоць i звон, здаецца, быў. Сам міністр унутраных спраў, які хацеў спыніць той націск сваім аўтарытэтам, уціснуты быў назад у вестыбюль, бездапаможна крутануўся, неяк устаяў на нагах, але рэшата генеральскай шапкі зляцела з лысай галавы i пакацілася па падлозе. Ён сам дагнаў яго і, спачатку абцёршыся хустачкай, надзеў. Не памятаю, кім i куды было пазвонена, хто дазволіў, але развітанне прадоўжылі.

Здымаючы гэты запіс з кнігі «Трохі пра вечнае», што якраз тады, у лютым семдзесят восьмага, была ў карэктуры, дырэктар выдавецтва сказаў мне, як вопытны апаратчык, што каб людзей было многа — трэба ўмець гэта арганізаваць. Вячэрні націск не быў арганізаваны. Дый тое, што ў ясны жнівеньскі будзень народ «заліў плошчы i вуліцы Мінска» — справа далека не толькі ў спраўнай гарсавецкай арганізацыі. Сёння мне думаецца, што такога натуральнага шматлюддзя ў нашым горадзе не было нават у дзень сталінскага пахавання. Такое ўражанне засталося. Трэба толькі ўдакладніць: залітыя былі дзве плошчы, Цэнтральная i Перамогі, i вуліцы таксама дзве, шырозны праспект i шырокая Даўгабродская.

«Як нам пойдзе цяпер?..»

Адзін з галоўнейшых па пахаванні, сакратар ЦК КПБ Гарбуноў, прамаўляў па звычаі не на роднай мове, з банальна-стандартным «наш дорогой Константин Михайлович Якубколос!..».

Чыноўнікі прарочылі: «Памёр Якуб — i ўсё памрэ». А гэтай вясной, праз трыццаць з гакам гадоў, пісьменніцкі пленум разглядаў i такое пытанне: пісьмо, з якім Якуб Колас хадзіў у ЦК партыі ў дзень сваёй смерці, павінна быць нарэшце апублікавана. Пісьмо — пра становішча з роднай мовай. Копію яго я чытаў значна пазней, i трэба сказаць, што тон пісьма, тон просьбы, не зрабіў на мяне вялікага ўражання. Стары, нямоглы чалавек прасіў, сам занёс тое прашэнне ў найвышэйшую інстанцыю, а там было важнае паседжанне, ніхто з галоўнейшых яго не прыняў. I тое смеласці, тое крыўды, непавагі сэрца Паэта не вытрымала: вярнуўшыся дахаты, ён памёр.