Выбрать главу

— Скажите, откуда вы родом?

Чытанне — чытаннем, але ж i павага да старасці трэба таксама.

— Вы ведаеце такі гарадок — Мір?

— Ну.

— Дык вось я з вёскі каля гэтага Міра.

Стары надаўся па сваёй дарожцы ад мяне

далей: Там, каля спуску лесвіцы ўніз, павярнуўся, зноў падышоў.

— Скажите, а вы знали, что в этом Мир был ешибот, еще лучше по-нашему — ёшиве?

— Ведаў, чаму ж не.

Пайшоў. Спыніўся зноў.

— Скажите, а где вы тогда работали?

Цікаўнасць пачынала ўжо напрыкраць. Але i

смяшок абудзіўся ў душы.

— Якраз у тым ешыбоце.

— Ну?!

Здзіўлбнне проста радаснае. А я кажу далей:

— Мы называлі яго духоўнай акадэміяй. I студэнты былі з усіх краін свету, i Чалавек з восемсот. Людзі вясковыя называлі ix проста падрабінкамі.

Стары зноў топ-топ. Паўза трохі даўжэйшая. Спыніўся.

— Скажите, а что вы там преподавали?

Мой патаемны смяшок вядзе ману далей.

— Вышэйшую матэматыку.

— Ну?

— А чаму «ну»? Трэба ж было працаваць.

Пасля наступнай тупатлівай паўзы — далей-

шая распрацоўка тэмы.

— Скажите, а как же вы были преподаватель, вы что — знаете нашего языка?

— Я ж вам казаў, што там былі студэнты з многіх краін, вучыліся на розных мовах. Я выкладаў па-польску, польскім яўрэям.

На гэты раз стары, дзякуй яму, хадзіў, маўчаў даўжэй. А потым зноў спыніўся, з рукамі за сабой, з вялікім, як у вясёлага гнома, носам, неяк нават горда вытыркнутым наперад, i закончыў наш дыялог, бадай, найвышэйшай ацэнкай, ужо без «ну» i «скажите»:

— Вы знаете что? Вы совершенно иначе предстали в моих глазах!..

Не ведаю, да канца нашага з ім сужыцця не ўведаў: паверыў ён мне ці не, сказаў яму хтонебудзь ці не, што з майго боку гэта... от сабе бяскрыўдная містыфікацыя, каб весялей было. Калі i так, дык ён, i сам чалавек вясёлы, зразумеў гэта i не пакрыўдзіўся.

Апошняя наша сустрэча была для мяне зусім нечаканай. Улетку пяцьдзесят дзевятага года, у Ленінградзе. Я не ведаў перад гэтым, i даўгавата, дзе Цодзік Львовіч i што з ім, i здзівіўся, калі наш магілёўскі ленінградзец Павел Кабзарэўскі, чалавек энергічны i дабрадушны, сказаў, што сёння нам абавязкова трэба зайсці да Даўгапольскага — з ім ужо, можна сказаць, зусім дрэнна.

Нам адчыніла незнаемая мне жанчына, з проседдзю, у сціпла дагледжанай статнасці. Дзіўна было ад думкі, што яна — дачка маленькага, шчуплага, пацешна-вясёлага Цоціка Львовіча. А гаварыла ціха, засмучана, бо як медык ведала ўсё. Але сказала, што ён будзе рады. I мы ўвайшлі з калідора ў пакой.

Стары ляжаў на пасцелі наўзнак, прыкрыты беленькай прасціной. Яшчэ меншы, худзенькі i горда насаты.

— Папа, к тебе пришли.

Не расплюшчыўшы паўпадалых вачэй, не павярнуўшы носа, на здзіўленне, моцна спытаўся:

— Кто?

Дачка назвала нас. Нягучным i ашчадна чулым голасам яго найбліжэйшай істоты.

Тады — зусім ужо дзіўна, неадпаведна гучным, нібы камандным голасам — угару было пададзена другое слова:

— Конь-як!

Яна пагладзіла яго бязвольную руку на прасціне.

— Какой коньяк, папа милый, какой коньяк? Друзья навестить тебя заглянули...

А ён не сказаў больш нічога.

Хвілін праз некалькі мы ціха выйшлі.

Не ведаю, ці я тады, гледзячы на яго, падумаў так, ці гэта я цяпер, амаль праз тры дзесяцігоддзі, так думаю, перанёсшы сябе ў той час, у тое маўчанне. A ўсё ж хочацца гэта сказаць.

Уваходзячы ў савецкае літаратурнае жыццё, ужываючыся ў афіцыйную, газетную i кньжную мову, у многім адметную ад той, у якой я рос i пачынаў пісаць перад вайной, я з асаблівым нясмакам прывыкаў да двух слоў: не зорка, а «Звязда» — назва рэспубліканскай газеты, i «яўрэй» — слова не толькі для беларускай мовы ненатуральнае, але ж i такое, каля якога трэба хадзіць з найвялікшаю асцярогай...

На стыку дзвюх моў, польскай i рускай, дзе żyd. у адной i еврей у другой гучаць натуральна, кожнае на сваім месцы, заходнія беларусы да самага Верасня карысталіся спрадвечным i бяскрыўдным жыд, i не было ў гэтым ані крышку пагарды, варожасці. Жылі побач, як людзі з людзьмі, ацэньваліся па чалавечых якасцях, i звычайна, нармальна гучала народнае: «добры жыдок», «ласкавая жыдовачка», «дагледжанае жыдзянятка». I ніхто з тых, пра каго самога або пра блізкіх яго так гаварылася, не крыўдаваў за гэта, не бачыў у такіх словах таго, што на прасторах вялікай савецкай радзімы стала тым часам жупелам, пробным каменем добранадзейнасці, ды з многімі «вытекающими последствиями», калі хоць што трохі наадварот...