Выбрать главу

«У садзе, л я якога жыву, цяпер цвітуць ліпы, акацыі, язмін. Часта туды заходжу, каб паўглядацца на рухавых шпачкоў, паслухаць галасістых птушак (павучыцца ў ix), палюбавацца нявіннымі, шчырымі вачамі дзяцей, якіх вельмі люблю. Адвесці душу».

Такое — 29 чэрвеня 1970 года. A трохі вышэй, у тым самым пісьме, пра яго юбілейны дзень:

«Мой скромны пакоік запоўніўся кветкамі. Загаварылі ў газетах, тутэйшых i замежных. Ад чэшскага музычнага фонду атрымаў ганаровую ўзнагароду... Адным словам, жыві i радуйся. A ў мяне ў галаве словы нашага Багдановіча: «Радасць душу мне шчаміла, быццам сум...» Не ведаю, ці перажыў я калі чыстую радасць, без суму. I гэта не сентыментальнасць. Вось i цяпер, калі чую ці чытаю пра сябе прыгожыя словы, думаю, — як мала ўдалося зрабіць у параўнанні з тым, што хацелася зрабіць, што мог бы зрабіць...»

Праз тры гады:

«На Новы год зрабіў «свята беларускай песні»: прайграў амаль усе пласцінкі, з наспяванымі мною ў розныя часы беларускімі песнямі, i на душы стала лягчэй...»

Яшчэ праз два гады, на новым юбілеі, ён пісаў мне пра свой святочны канцэрт:

«Праграма, як заўсёды, інтэрнацыянальная. Пасля нашай калыханкі ў многіх былі мокрыя вочы ».

У першым сказе падкрэсленне маё.

...Днямі я выпадкова знайшоў у сваім архіве яшчэ некалькі пісьмаў Міхася Іванавіча, у тым ліку тое, пра якое нават забыўся, — ягоны водгук на мае «Птушкі i гнёзды», у самым канцы 1963 года, «пад елачку» пасланы яму ў часопіснай публікацыі.

«Калі чытаў Ваш раман, дык вельмі захацелася даведацца многа i аб самім аўтару. Таму я, здаецца, ужо ў першым пісьме напісаў, што хацеў бы пазнаёміцца з Вамі бліжэй. Мо буду жыць даўжэй, тады i жаданне маё збудзецца. Пакуль што гэтае ўпэўненасці не маю, бо ў маім веку столькі людзей нечакана адыходзіць «на той свет», што ажно сумна робіцца. Але, нягледзячы на сум, спяваю! Стараюся даць людзям радасць i радуюся сам, калі гэта ўдаецца. Якраз узаўтра спяваю для савецкіх пацыентаў у Карлавых Варах. Буду ўспамінаць усіх сваіх землякоў i шкадаваць, што яны мяне не пачуюць».

У канцы, пад подпісам, пастскрыптум:

«Пісьмо не паспеў адаслаць. Канцэрт у Карланых Варах прайшоў вельмі добра, i мяне паклікалі на другое выступленне, на 8 мая. Парадуе Вас напэўна, дарагі сябра, што на канцэрце (па ўсіх бісах) адзін ca слухачоў устаў i сказаў: «Спойте нам, пожалуйста, еще белорусскую песню», што я з вялікай радасцю i зрабіў. Як бачыце, векавы шавінізм памалу ўмірае...»

«Блажен, кто верует», — уздыхнём, чытаючы гэта. A паўтарыўшы словы: «Але, нягледзячы на сум, спяваю!» — скажам, што сум свайго адыходу маэстра наш пачаў адчуваць ранавата. Можа, тут вінаваты i адарванасць ад радзімы, i адчуванне недарэчнасці такога пакарання.

«Пра сябе ўжо думаю: «Ныне отпущаеши раба Твоего, Владыко, по глаголу Твоему с миром...»

Гэта — за трынаццаць гадоў да «отпущения». А яшчэ на чатыры раней, у канды аднаго з пісьмаў:

«Не забывайце! (I калі сціхну... назаўсёды.)»

Нібыта не забываем. I пачынаем прыпамінаць. Самі. I маладзейшым.

1990-1991

НЯСМЕШНЫ ГОГАЛЬ

Шчасце — смяяцца над яго старонкамі я спазнаў вельмі рана, толькі-толькі навучыўшыся чытаць. Пісаць пра тое смешнае пачаў ледзь што не ў самых першых празаічных спробах.

«Смяяцца», «смешнае»... Пра непаўторна жыццярадасны, назаўсёды свежы гумар Гогаля гаварыць такімі словамі няёмка — з-за ix убогай прыблізнасці. На гэты раз я i не буду шукаць больш адпаведных слоў, бо гаварыць хачу пра Гогаля іншага, які хвалюе мяне таксама вельмі даўно.

Яму было дваццаць адзін — дваццаць два, калі ён пісаў «Сарочынскі кірмаш». А мне здаецца, нават нібы помніцца, хоць i невыразна, але шчасліва, што надрыўна, шчымліва журботнае заканчэнне гэтай сонечнай аповесці я адчуў яшчэ пастушком.

Асцярожна папешчу яго, той цудоўны акорд, родным словам.

Спачатку набліжэнне, падыход: «Гром, рогат, песні чуліся цішэй ды цішэй. Смычок паміраў, слабеючы i трацячы няясныя гукі ў пустаце паветра. Яшчэ аднекуль чулася тупаценне, штосьці падобнае на рокат мора, i хутка ўсё стала пуста i глуха».

Тады музычная паўза, як перадых, каб з новай сілай выказаць найважнейшае:

«А ці не так i радасць, цудоўная i няпэўная госця, адлятае ад нас, i дарэмна самотны гук думае выказаць весялосць? Ва ўласным водгуллі чуе ўжо ён сум i пустэчу i дзіка ўслухоўваецца ў тое рэха. A ці не так вясёлыя сябры бурнага ды вольнага юнацтва, кожны сабе, адзін за адным, разыходзяцца па свеце i пакідаюць, нарэшце, ix даўняга брата? Сумна пакінутаму! I цяжка, журботна гады на сэрцы, i няма чым яму памагчы».