Тое, што Гогаль. I смешны, i не. Кажучы найпрасцей.
1988
ЗАЎСЕДЫ СЛОВА
У наш нялёгкі ды шалёны час чаго-чаго, а палітыкі ўсім хапае. Радыё, тэлевізар, прэса, сходы, чэргі — усюды яна... Кажуць, багатаму не спіцца. Не спіцца i старому. I дзень ад гэтага даўжэйшы. I ўвесь з палітыкай!..
Як быццам не нацешыўшыся ёю, ужо ў пасцелі ўключаю радыё. I раптам — Смактуноўскі, якога я яшчэ больш палюбіў, калі даведаўся, што ён вясковы хлопец з нялёгкім лёсам, а не з нейкай, як здавалася, рафінаванай інтэлігенцкай сям'і, выдатны артыст Смактуноўскі пачаў чытаць яшчэ выдатнейшага мастака — Пушкінаву «Метель». Як хораша стала на душы, якім гэта святам адчулася!..
Сёння ў мяне такім святочным быў увесь дзень. Без радыё, тэлевізара, без газет, толькі з Коласавай паэзіяй, у яго родных мясцінах, дзе ўсё нагадвае «Новую зямлю» з яе прыродай, жыццёвай красою, душэўнай шчырасцю.
Гэта не азначае, што так вось трэба ўцякаць ад пытанняў гарачай сучаснасці. Я пра тое, што гэтак добра i хочацца палячыць душу высокім, найвышэйшым.
Хораша гэта — месца на сваёй зямлі, у родным кутку, стол перад самым акном у любае поле, неба, аддалены лес... I слова сваё, якое трэба сказаць. З упэўненасцю i з сумненнямі: a ці дойдзе яно да людзей будучыні, да твайго народа?.. У Багушэвіча — дайшло.
I на яго радавой сядзібе, у адноўленым доме, з якога робіцца музей, а потым i каля валуна на лясным узвышшы, толькі ў адным месцы прычасанага валуна, дзе па-польску, але пра беларускага паэта Macieja Buraczka сябрамі сказана высакароднае слова братэрства, — усюды там, у Кушлянах, добра, глыбінна думалася. I пра тое, што вось праз дзве сусветныя вайны, праз безліч дзён i начэй, марозных, слотных, сонечных, месячных, словы тыя i мне на семдзесят трэцім годзе ix існавання моўчкі гучаць пра вечнасць.
Пра Чорнага мне было жыва, хораша згадалася здалёк, з Польшчы, з Зялёнагурскага ваяводства.
Гаварылі там пра славутых сілезскіх ткачоў — не толькі пра ix умельства, але i пра тое, што ім было цесна ў родных мясцінах i яны ездзілі, а то i хадзілі далека ў людзі, шукаць работы, месца на Зямлі.
I ў Беларусь траплялі. А потым — i на старонкі яе грунтоўнага таленавітага летапісца.
Праз год, на васьмідзесяцігоддзі Мікалая Карлавіча, у Цімкавічах, я гаварыў пра гэта ў сваім выступленні каля школы, перад землякамі патомнага парабка, якому жорсткі час не даў стаць нашым Бальзаком, гаварыў у яго роднай вёсцы, якой яму прататыпна хапіла б, як ён казаў, на ўсё яго творчае жыццё.
Ён спадзяваўся, вядома, на доўгае, плённае. Не на сорак чатыры гады. Уключна з арыштам, катаваннямі, турмой i немаччу на апошняй свабодзе...
Нешта ўвосені сорак пятага года, калі ў мяне было больш сялянскага клёку, я, супрацоўнік «Вожыка», ужо тым часам i пасмялелы ў дэмакратычным рэдакцыйным калектыве, спытаўся ў нашага галоўнага, Крапівы, пра адно сваё неўразуменне.
Добры касец скошвае ў дзень паўгектара ці больш. Працуючы — «як сабе», на ўсю сілу, добрасумленна. Як жа ён можа перавыканаць план?
Кандрат Кандратавіч, — а мы былі толькі ўдвух у пакоі, дарэчы, адным на ўсю рэдакцыю, — наглядзеў на мяне праз свае нетаропкія акуляры i пачаў паволі ды грунтоўна гаварыць штосьці правільнае, што ні мяне не вельмі пераконвала, ні яго самога, думалася мне, таксама. Бо i ён жа ад плуга, ад касы.
A ўлетку пяцьдзесят першага мы a Уладзімірам Калеснікам, перад сваім падарожжам па Наваградчыне, прыйшлі на Камароўскі рынак, каб забраць з рамонту мой (пазычаны) веласіпед. Дома ў мяне нікога не было, жонка з малымі ў вёсцы, а Валодзя наогул божая птушка, аепірант, i мы вырашылі там жа, на рынку, i паабедаць. У драўлянай «чайной» старога рынку нам падалі нейкі «суп», нейкае «ўтарое». Гародніны — анізвання. А цераз нешырокую, спякотна-пясчаную вуліцу яе — можна сказаць,, i процьма. Чырвона, жоўта ды зялёна на доўгіх сталах. Але ў чайную гэтай свежасці не перабрацца. Бо толькі ж цераз базы, накладныя, перавозкі, добра прыпсаваўшыся...
Гэтага нам, хлопцам з вёскі ды «заходнікам», таксама, як i са стаханаўскай касьбой, было не зразумець
I гэта — адзнакай здаровага сэнсу, народнага клёку — помніцца мне чатыры з гакам дзесяцігоддзі.
Гэта было б натуральна, каб ён яшчэ жыў, наш Мележ, як жывём i працуем мы, — няхай нямногія ўжо, — яго сябры, равеснікі ды менш ці больш старэйшыя. Была б паўнацзнна завершана i раз, i два, i тры разы грунтоўна дапрацавана, перад здачай у друк i пры кожным перавыданні, яго «Палеекая хроніка». Ажыццявіліся б, новымі адкрыццямі выйшлі б з тайнікоў глыбокай, шчырай душы іншыя задумы. Нібы не цяжка ўявіць, як ён балюча перажываў бы чарнобыльскае гора родных надпрыпяцкіх мяецін, як ён па-сыноўняму, па-грамадзянску, па-чалавечы ўдзельнічаў бы сёння ў жыцці Беларусі, краіны, свету...