Выбрать главу
* * *

Памятаю яго на шаснаццаць гадоў маладзейшым — светла, нават i з захапленнем яго таленавітасцю. I вось, пасля доўгага перапынку, надарылася магчымасць пабываць на яго радзіме, павітацца, сказаць яму штосьці заслужана добрае. I гавару гэта. А ён, заўважаю тым часам, грунтоўна п'яны. Сярод белага дня, на ўрачыстым шматлюддзі, a набраўся, як чоп, ледзь мяне бачыць i чуе...

Можа, i ў гэтага трэба шукаць глыбіннага апраўдання?

А можа, будзе дазволена калі не сказаць, дык падумаць: «Ну i пайшоў ты, хлопча, у хлеў»?..

* * *

Капуста-шаткаванка i паэма-рыфмаванка. Толькі ж не такая смачная ды спажыўная, як капуста. У паэзіі такой — абы зрыфмаваць, a ў іншай драматургіі — абы «здыялагізаваць», раскласці на шэрую, мляўкую гутарку.

Чытаеш, i ўспамінаюцца самадзейныя, няхай сабе i надрукаваныя, п'ескі ў колішняй Заходняй, аўтары якіх, ушчэнт заблытаўшыся ў сваёй бездапаможнасці, часта канчалі так: «Ну, а цяпер паскачам «Лявоніху»!» I скакалi на радасць публіцы, i ўсё цудоўна завяршалася.

I сёння некаторыя п'есы, з новага сяк-так пашытыя або пераліцаваныя з уласнай ці чужой прозы, хочацца закончыць парадай аўтару:

«Давай, можа, лепей паскачам «Лявоніху»?»

* * *

Добра знаёмая мне польская літаратурная сям'я, у якой i сам «пан дому» пісьменнік, i «пані дому» пісьменніца, i дачка паэтка, i зяць паэт. Больш дарослых пакуль што няма.

Падаючы далейшае, прозвішча «панства дому» прыйшлося змяніць.

Пані вядзе на праходку цюціка. Насустрач ім — таксама літаратар, але з тых, што не надта салідныя, а да таго яшчэ i выпіўшы. Праўда, капялюш прыпадняў ён ветліва, аднак i спытаўся:

— Проша пані, чы песэк Кусьнежэўскі руўнеж пішэ?..

Мы ca сваімі літаратурнымі сем'ямі да «песка» яшчэ не дайшлі. Усюды наша адсталасць!..

* * *

Механізатар на пенсіі. Інвалід вайны. Значна старэйшы за свае гады i п'янаваты. На другім годзе ўрадавай пастановы супраць п'янства.

Вяртаемся з санаторыя, I там я неаднойчы бачыў яго пад патаемнай чаркай, з нейкай нягеглай фанабэрыяй вышэйшасці. У нашым купэ яго знайшоў знаёмы па санаторыі, з другога вагона. Пагаварыць яны выйшлі на калідор. Адтуль, цераз прачыненыя дзверы, пачулася, як той знаёмы шаптаў інваліду, хто я. Вярнуўшыся ў купэ адзін, таварыш, крыху памаўчаўшы, спытаўся:

— А вы пісьменнік? Я i не ведаў.

Зноў памаўчаў, а тады, уздыхнуўшы:

— Дурная, браце, работа!

Адкуль ён ведае гэта, я не спытаўся. Аднак бывае, калі прыцісне, i падумаеш: a ці ж не праўда?..

* * *

Разгарнуў пад вечар таміну «Жизнь животных. Птицы», трапілася на жаваранка, пачаў чытаць пра яго, i стала так добра, журботна на душы.

Колькі ўсяго непазнанага, i не пазнаеш яго як след, пакуль прыйдзецца ўсё пакінуць...

* * *

Няўжо гэта конча трэба пасля сябе «пакінуць след» — у сэнсе славы нейкай, шырокай вядомасці? A калі проста жыць на радасць i пашану блізкім i трохі далейшым, з кім зводзіла жыццё?

I я такіх ведаў, i шчыра паважаў, i з удзячнасцю ўспамінаю.

* * *

Чаму я павінен маўчаць, адкладаць на далей свае думкі i пачуцці з нейкіх палітычных меркаванняў, як быццам вышэйшых за маё чалавечае права на свабоду, на адно толькі жыццё?..

* * *

Калі ты сам сябе — хоць i заслужана, i шчыра — у душы або ўголас называет дурнем або гадам — гэта яшчэ не канчатковы прысуд. Недзе глыбей затоена перакананне, упэўненасць, што гэта не ўсё або не зусім яшчэ ўсё, што ёсць жа ў цябе, было i штосьці добрае, а застаецца — спрадвечна i назаўсёды — святое, дзіцячае: я больш так не буду.

«Все в табе, все в любве», — чытаў такое зноў жа ў Льва Мікалаевіча, вельмі ўжо даўно. Так проста i мудра гаварыў у яго хтосьці з вясковых сяброў) не памятаю ўжо, Бондараў ці Сютаеў. I словы тыя, з нейкім ці не беларускім налётам, успомніліся цяпер. Як вывад з горкіх пакутаў, гнілых сумненняў, дробнай, зласлівай зайздрасці, падазронасці, незадаволенасці, крыўды...

Усё ў табе, i гэтага ніхто не забярэ, калі яно будзе ў сіле.

ПА ПЛАНЕ

Снедаючы ў Доме творчасці, Піліп Пястрак i Мікола Хведаровіч дзеляцца турэмнымі ўспамінамі. Польскі вязень успамінае адзін ix бурны пратэст, потым, між іншым, згадвае пра шмалец, які ім дазволена было выпісваць.

— Ну-у, браце, — засмяяўся вязень культаўскі, — наеўшыся шмальцу, добра было пратэставаць!..

Праз дваццаць год, выпісваючы гэта з блакнота, успамінаю прачытаны ў машынапісе дзённік Кузьмы Чорнага. Як ён, наслухаўшыся расказаў Пестрака пра катаванні ў дэфензіве, успамінаў свае, тэхніку ix параўноўваў...