Ёсць тут, зрэшты, i іншы аспект, прыкры для аўтара кнігі: лепш напісаў бы, дык не блыталі б...
Можна пацешыцца i так. Тым больш — i на гэта махнуўшы рукою.
1987
СВАБОДА ВОЛЕВЫЯЎЛЕННЯ
У першай палавіне шасцідзесятых я прымаў удзел у рабоце абласной выбарчай камісіі. У перапынку ў вестыбюлі пазваніў у рэдакцыю «Полымя». Салідная незнаемая дама, спыніўшыся збоку, з усмешкай спыталася:
— Вы говорите по-белорусски?
Яна была на пасадзе адказнай за справу народнай асветы, пра што сказала мне, з гордасцю дадаўшы:
— Была у меня одна белорусская школа, но я и ту прикрыла.
— Гэта для нас не нова, — сказаў я. — Да таго ж у вас былі адпаведныя папярэднікі.
— Кто же?
— Мікалай Раманаў, Юзаф Пілсудскі...
Яна, варона, спыталася, ужо без усмешкі:
— А при чем здесь я?
— Варта падумаць.
Пасля паседжання была вячэра. Два маладыя раённыя таварышы, якія, аказалася, чулі нашу з дамай гутарку, падышлі да мяне з чаркамі, каб выказаць разуменне. Гутарачы з хлопцамі, я зірнуў у той бок, дзе за сталом сядзела тая рэфарматарка. Яна глядзела на нас і, злавіўшы мой позірк, прыўзняла свой фужэр i зноў з усмешкай сказала:
— А я свое дело делала и буду делать!
I гэта, вядома, не самадзейнасць была, — калі не па «прямому указанию свыше», дык з «поощрением» напэўна.
I гаварылася гэта як-ніяк беларускаму пісьменніку, у той час нават «члену ўрада».
Зрэшты, гады са два перад гэтым, на першым паседжанні камісіі Вярхоўнага Савета БССР па культуры, першае пытанне было зададзена энергічнай пышкай, настаўніцай з Віцебска:
— Что же, товарищи, будем делать с белорусским языком?
Намесніца старшыні камісіі падклікала энтузіястку да сябе i амаль шэптам пачала тлумачыць пра тактычную заўчаснасць пытання. Пра гэта я толькі здагадваўся, ведаючы тую жалезную лэдзі па яе ранейшых выказваннях, на яе штатнай пасадзе.
На адным з наступных паседжанняў нашай камісіі я ўбачыў яшчэ адну лэдзі. Худая, чорная, з цыгарэткай i ўсмешкай, затоенай у непахісных паўнамоцтвах. Ва ўрадзе яна адказвала за фінансаванне спраў культуры i патрыятычна націскала на эканомію. Тады якраз быў прыкры перапад у тыражах нашых часопісаў, i дама з цыгарэткай прапанавала перавесці «Полымя» i «Маладосць» на выхад — упершыню ў гісторыі — раз у два месяцы.
— Я полагаю, этого вполне достаточно.
Слова ўзяў міністр культуры, лагодны, ветлівы Р. Кісялёў. Ён прасіў, так прасіў тую даму:
— Пусть еще побудет пока так, как есть, ежемесячно. Ибо где же печататься нашим писменникам?
Па звычаі начальства, з такою скідкай: не писатель, а писменник, з цвёрдым «с», нават з двума.
— Рыгор Якаўлевіч,— сказаў я, узяўшы слова,— дагэтуль лічылася, што справа беларускай культуры — гэта справа нашага народа, нашай партыі, а па-вашаму, яна датычыць толькі пісьменнікаў?
Мяне падтрымалі Р. Шырма, Н. Сняжкова, сакратар магілёўскага абкома партыі, рэдактар «Советской Белоруссии» A. Здаравенін, рускі па нацыянальнасці i светлы ў поглядах на справы братэрства. Яшчэ адзін даволі адказны абласны беларус толькі ўсміхаўся, нібыта ў мудрым прадбачанні сваіх пазнейшых высокіх пасадаў. А я неўзабаве быў пераведзены ў камісію па народнай асвеце, у значна большую ізаляванасць.
Усё гэта ўспамінаецда праз дваццаць з гакам гадоў, калі, бывае, чую або чытаю пра «свабоднае волевыяўленне» нашага народа ў «выбары роднай мовы»...
1987
ФІЛОЛАГІ
Хто нашай цёткай не нацешыўся!.. Кажучы гэта, народнае, значна мякчэй.
Палавіна шасцідзесятых. Па прапанове ЮНЕСКА рыхтавалася анталогія беларускай паэзіі для выдання на галоўных еўрапейскіх мовах. Складалі ды абмяркоўвалі яе нашы найлепшыя паэты, дастойную прадмову напісаў Уладзімір Караткевіч. Ды вось не ўлічылі з належнай пашанай, што новы міністр культуры, М. Мінковіч, яшчэ i старшыня рэспубліканскай камісіі па справах таго ЮНЕСКА. I ён узяў гатовы рукапіс на прагляд, сказаўшы: «Я i сам філолаг!»
Забракаваў ледзь не добрую палавіну вершаў. Мала, маўляў, палітычнай паэзіі. Зверху, вядома, яго падтрымалі. Хоцькі-няхоцькі палітыкі рэдкалегія дадала. У выніку — справа з той анталогіяй заглухла...
Праз два гады, вясной шэсцьдзесят восьмага, міністр-філолаг прыехаў на Свіцязь, дзе ў доме адпачынку праходзіў рэспубліканскі семінар творчай моладзі. Я быў там ад Саюза пісьменнікаў, адказным за маладых літаратараў. На той сустрэчы сядзеў зусім ззаду, за мной нікога з нашай літаратурнай групы не было. Тым не менш калі адтуль, з-за мяне, пайшла да трыбуны загадкавая піеулька, потым яе, «дзе трэба», палічылі пісьменніцкай. Ледзь паспеўшы разгарнуць тую затеку, высокі прамоўца прачытаў: