Выбрать главу

— Чаму міністр культуры Беларусі гаворыць з намі не на беларускай мове?

Прачытаў i без найменшай паўзы абрынуўся на такую апалітычнасць. Зноў пачулася i «я філолаг», i не менш доказнае: «Думаеце, я не ўмею гаварыць па-беларуску?!» З такім высокім падтэкстам: «А вось жа не гавару!..»

Пасля выступлення ён i яшчэ адзін філолаг, камсамольскі кіраўнік семінара, вёрткі таварыш, які, дарэчы, i сёння плавае зверху, адразу ж, неадкладна пазванілі ў Мінск — пра ўспышку нацыяналізму, якая імі «паспяхова ліквідавана»...

Здаецца, праз год, на сустрэчу з амерыканскімі журналістамі ад Саюза пісьменнікаў, па сакратарскім абавязку, прыйшлося пайсці мне, дзе зноў сустрэўся з магутным філолагам, на той самай глебе.

Журналісты былі з прагрэсіўных. Пытанні былі ў ix па справах, нацыянальнай палітыкі, i трэба сказаць, што праз пытанні тыя выразна праглядвала вельмі нядрэнная абазнанасць. Адказваў Рыгор Раманавіч ,Шырма, потым i я. ІФілолаг яўна перажываў, баяўся, як мне здалося, асабліва за мяне. I тут жа, як толькі я закончыў, ён паспяшаўся справу з адсутнасцю ў Мінску школ на роднай мове як мага больш «праясніць»...

Хоць i я адказваў асцярожна, да прыкрай самапагарды падкавана...

«ВЫ — НЕ ТОЕ...»

У верасні пяцьдзесят чацвёртага года, на беларускім пісьменніцкім з'ездзе, мілы львавянін Юрка Мельнічук запрасіў мяне ўвечары ў свой гасцінічны нумар. A прыйшлі мы туды — за намі з хола прычапіўся крыху знаёмы абодвум масквіч, «праўдзіст», таварыш шырокай рускай душы. Толькі селі за стол, да бутэлькі віна, госць няпрошаны рассаладзеў:

— Люблю я вас, белорусов. Это не то, что украинцы, националисты!

Спакойны, мужна прыгожы Юрка сказаў:

— Изрекая такие истины, надо сначала, уважаемый, застегнуть ширинку.

Той устаў, зірнуў уніз — i сапраўды...

— Мне что, уйти?

— Да, так будет лучше.

Пайшоў. Пачакаўшы, вярнуўся. Прасіў прабачэння. I ўсё намагаўся пераканаць нас, што i Украіну ён таксама вельмі любіць.

Ну, гэта — чалавек з «хваробаю».

А на Днях беларускай літаратуры ў Маскве, калі не памыляюся, у пачатку шэсцьдзесят дзевятага, Сяргей Смірноў («брэсцкі») i той, хвалячы нас, нашу дэлегацыю, i наогул усіх беларусаў, сказаў у сваім выступленні:

— Вы не тое, што вашы паўднёвыя суседзі!..

I я, вахлак, службова адказны за тое мерапрыемства, i ніхто іншы з нашай трупы не спытаўся ў яго:

«А што вы, паважаны, скажаце на такіх самых днях таксама братняй украінскай літаратуры?..»

I так яшчэ было, у ялцінскім Доме творчасці, напрадвесні таго самага шэсцьдзесят дзевятага. Ціхан Сёмушкін, з якім я там пазнаёміўся i якога хацелася паважаць, гаварыў нам, двум беларусам:

— Украінскія пісьменнікі самі прыдумалі сваю ўкраінскую мову. Народ іхні так не гаворыць.

Арыгінальным гэта мне не здалося — такое самае я чуў раней ад Барыса Палявога. Стары, прасцецкі з выгляду Сёмушкін гаварыў сваё, у Ялту прыехаўшы з Ірпеня, дзе яго ў тым украінскім Доме творчасці, сам расказваў, прынялі вельмі добра, нават два тэрміны пабыў. Ну i падзякаваў здалёк. А Палявой сваю ісціну выдаў як госць украінскай Дэкады літаратуры i мастацтва ў Маскве, у канцы шасцідзесятага. Седзячы ў прэзідыуме перада мною, другому адказнаму маскоўскаму госцю ён гаварыў тое «самі прыдумалі» такім шэптам, што i я чуў гэта, не падслухоўваючы.

Як сёння, бачу яго. Нага за нагу, разваліўшыся з вялікадзяржаўнай свабодай. Увесь свет аб'ездзіў, усюды навыступаўся, пра ўсё панапісваўся, у розных прэзідыумах насядзеўся... А мне здавалася, што тут ён — як асвінелы кулакаваты дзед, падпусціў на ўсе застаўкі... I водар гэты помніцца.

1987

ЛЮБІЦЬ З ЦЯРПЛІВАСЦЮ

Пятрусь Броўка папрасіў мяне прачытаць рукапіс яго рамана «Калі зліваюцца рэкі». «I, прашу цябе, толькі строга». Потым прыслаў па мяне машыну, з Каралішчавіч. Там, у яго фінскім доміку на лясным водшыбе, сядзеў i Янка Скрыган, які нядаўна вярнуўся з «доўгай адсутнасці». Быў чэрвень пяцьдзесят пятага. Мы пачалі з Пятром Усцінавічам размову, а Ян Аляксеевіч сядзеў, слухаў, прыемна ўсміхаўся. Запрошаны да строгасці, я пачаў гаварыць выбарачна, па мясцінах, на полі адзначаных лічбамі па пяцібальнай сістэме. Гэта, ведаючы аўтараву чуйнасць да крытыкі, было трохі лягчэй, чым адразу сказаць пра агульнае ўражанне. Не дайшлі мы i да палавіны рукапісу, як гаспадар сказаў: