Выбрать главу

Гаспадар, да якога я трапіў, лічыўся «кляйнбаўэрам», ледзь не бедняком, — толькі дзевяць кароў i адзін конь, бо другога забралі, калі пачалася вайна. Сыны абодва на фронце. Бацькі абое старыя. А яшчэ i бабуля, гаспадыніна маці, зусім нямоглая, амаль не паказвалася са свайго пакоя.

Спакваля ды сяк-так уваходзячы ў мову гаспадароў, да пажылых мужчын мы звярталіся «фатэр», а да жанчын, вядома, «мутэр». Мой «фатэр», тоўсты, задышлівы i, як неўзабаве аказалася, людскі дзед, мог часамі паразважаць пра ўсё блізка да нармальнага. Гаварыў ён са мной не памеранскім «платам», як усе ў вёсцы, а на «гохдойч», які я разумеў трохі са школы, а тут стараўся запамінаць. Бравая «мутэр», i маладзейшая за яго, i ўладная, хадзіла — па-нашаму беручы, як не вясковая, у акулярах ці нават у пенснэ, быстра i не гнучыся, нібы яна нікога i нічога не баялася. I гэта мне даволі хутка прыдалося.

Разоў колькі пачуўшы ад мяне, у адказ на яе пытанне, што весткі з дому, ад сваёй мутэр, я ўсё яшчэ не маю, яна параіла напісаць дахаты не цераз вахмана, не на спецыяльным бланку, а прыватна. Дала паперы, канверт з маркай, самапіску i запрасіла да кухоннага стала. Не адкладаючы, «энэргіш», як любіла часта паўтараць. Зваротны адрас, сказала, няхай будзе іхні.

Калі на гэтае пісьмо адказу хутка, як хацелася, не прыйшло, яна дала мне другі канверт i паперу. На гэты раз я напісаў ужо не дахаты, a ў абход, як здавалася, больш пэўным чынам: Валянціну Булгакаву, з якім мы, я i брат Minia, перад вайной перапісваліся настолькі часта, што адрас я памятаў дакладна. Пісьменнік, апошні сакратар Льва Талстога, ён жыў у Чэхаславакіі, якая ўжо стала пратэктарам Багемія i Маравія, у Збраславе каля Прагі, яшчэ не быў інтэрнаваны як савецкі грамадзянін, што з ім здарылася пазней, калі пачалася вайна з Савецкім Саюзам. Пра гэта я, зрэшты, даведаўся аж праз дванаццаць гадоў, калі мы з Валянцінам; Фёдаравічам сустрэліся ў Яснай Паляне.

На гэтае пісьмо адказу я таксама не атрымаў. Яшчэ адзін канверт ад гаспадыні, i яшчэ раз дарма.

Ды тут нас, сем беларусаў з тое дваццаткі, перавялі на іншую «арбайтскаманду», зноў у маёнтак, у планава-казённую прыгаладзь.

Тады ўжо ўсе польскія палонныя былі падзелены па нацыянальнасцях. Нас, хто «з-за Буга», павінны былі, як гаварылася, неўзабаве адпусціць дахаты. За восень i зіму мы двойчы запаўнялі адпаведныя анкеты. I ўсё чакалі, спадзяваліся...

I вось у адзін з тых вясняных маёнткавых дзён вахман раптам павёз мяне ў лагер.'Чаго — не тлумачыў: проста загадана. A ў мяне i ва ўсіх нас, таварышаў па камандзе, адно хваляванне — галоўнае. На грані радасці i надзеі ў мяне, a ў хлопцаў яшчэ ж i зайздрасць.

A сустрэў мяне допыт у лагернай камендатуры. Пра забароненую перапіску. Даволі ветлівы унтэр дапытваў па-польску. Ад яго я пачуў, што ў доме маіх гаспадароў «порткі носіць не муж, а жонка». Прымаўка. Значыцца, з тымі прыватнымі пісьмамі вінавата яна, гаспадыня. Ды я ўзяў усё на сябе — сказаў i двойчы паўтарыў, што канверты, маркі, паперу купляў я сам. Вядома ж, не за лагерныя боны, што выдаваліся нам па трынаццаць на месяц, а за нармальныя грошы, бо я, маўляў, знайшоў ix на вуліцы ажно цэлую марку. I сам, без ведама гаспадароў, пакарыстаўся іхнім адрасам. Якія пісьмы былі затрыманы — мае ці да мяне, спытацца я ці не асмеліўся, ці унтэр мне не адказаў на такое пытанне — не памятаю. Паверыў ён мне ці не паверыў, таксама цяжка сказаць. Проста даў на паўгода «постшпэрэ», забарону пісаць i атрымліваць пісьмы.

Яшчэ ў Альтэнведэлі адзін з нашых хлопцаў нажыў сабе новую мянушку. Баўэр, у якога ён працаваў, спытаўся неяк, адкуль ён родам, колькі яму кіламетраў «нах гаўзэ». Гаварылі яны, што называецца, як гусь з парэсем. «Віфіль, кажаш, кілямэтар?» — перапытаў наш Васіль i заду маўся. «Гундарт — замала. А тысяча ты фарштэй?» — «Ды не фарштэй». — «А мільён фарштэй?» — «Ох, я, я!» — «Ну, то мільён». Расказаў нам пра гэта ўвечары i з таго моманту стаў Мільёнам. Неўзабаве i адгукацца на гэта пачаў, бо хлопец быў з гумарам.

A ў гэтым штосьці было i не смешнае. Без вестак з дому дом наш быў вельмі далёка. Асабліва чамусьці ў мяне, бо іншыя хлопцы пісьмы спакваля пачалі атрымліваць. А тут — на та бе! — яшчэ на паўгода «постшпэрэ», слова i ўпершыню пачутае, i гідкае адразу...

Аднак i ў акуратных немцаў тым разам здарылася няўвязка.