Выбрать главу

Вахман, пакуль унтэр мяне дапытваў, быў недзе на дварэ, а потым, калі мы з ім вярталіся, забраў на лагернай пошце пісьмы для нашай каманды. Hi ў шталагу, ні ў вагоне вузкакалейкі ён мне нічога не сказаў, пра нішто не спытаўся, пісьмы тыя таксама не паглядзеў. А як прыехалі, у нашай адрыне на пяцьдзесят чалавек проста аддаў аднаму з палонных прывезеныя пісьмы, сярод якіх было i мне.

З дому! Першае! I ўсе нашы жывыя!..

Яно ў мяне захавалася. Напісанае Мішам, яго прыгожым почыркам, фіялетавым чарнілам, на чатырох старонках са сшытка, у лінейку. Датаванае 20 сакавіка. Не першае, што высылаліся мне. А гэтае — пасля атрыманай паштоўкі ад Булгакава, высланай ім 16 студзеня. «Ён коратка, але сардэчна, — пісаў мой Міхась, — звяртаецца да мамы, паведамляючы пра цябе, i просіць цераз яго пісаць табе, мяркуючы, што так мы з табой хутчэй наладзім сувязь. Я, вядома, пішу i яму. А мы пісьмы твае атрымліваем, але не ўпэўнены, што нашы да цябе даходзяць». Далей ішлі навіны — сямейныя i вясковыя. Пра новае жыццё: хату-чытальню, самадзейнасць, лесавывазкі... I сам сабе я чытаў яго, перачытваў, i сябрам прачытаў, як яно ў нас заведзена было, i рады быў, што вось i я магу нарэшце таксама пачаставаць.

З войска, вайны i палону я вынес блакнот. У ім хімічным алоўкам запісана i такое:

«Мулькентын, 6.IV.40. Дзень сённяшні — трывожная надзея, суд, пісьмо — найбольш хіба радасны, памятны дзень няволі... Калі ж дадаць да гэтага смерць Васілеўскага, магу сказаць, што гэты дзень ніколі не забуду...»

Валодзя Васілеўскі, нёманскі плытагон, з якім мы i ў войску служылі ў адным аддзяленні, i ў палоне был i найбліжэйшымі, яшчэ з папярэдняй каманды быў вывезены ў шталаг, да доктара, i памёр ад аперацыі апендыкса, пра што мы даведаліся ў той самы дзень, трывожны, радасны i сумны для мяне.

Ёсць у тым блакноце i запіс, зроблены пасля няўдалых уцёкаў дахаты, калі я адседжваў у «штрафкампані», штрафной роце. У свежых успамінах пра ночы i днёўкі ёсць i пра маці, i пра недапісаныя дома апавяданні, i пра зорачнасць неба, i пра вясельны «брэх» аленяў на вячэрнім узлеску. Ёсць таксама i пра «кляйнбаўэра», у якога мне было найлягчэй батрачыць. Калі нас забіралі з Альтэнведэля, нямоглы «фатэр» са слязьмі ў вачах прахрыпеў: «Ду варст майнэ зонэ ім гаўз» — ты быў маім сонцам у хаце. А бравую «мутэр» я ўспамінаў з удзячнасцю i адчуваннем віны: як жа яе пакаралі за тую спагадлівасць?..

З такім ды падобным я, калі пісаў свае апавяданні i раман пра перажытае ў палоне, павінен быў асцерагацца. Бо i ў пачатку шасцідзесятых, хоць i «адліжных» гадоў, калі я надрукаваў свае «Птушкі i гнёзды» ў часопісе, увесь крытычны вэрхал накіраваны быў на «адсутнасць антыфашысцкай барацьбы», па строга заведзеных стандартах, на той славуты «абстрактны гуманізм», які лічыўся ледзь не замаскаванай здрадай радзіме. «Навошта табе любавацца іхнімі соснамі? — пытаўся ў мяне сам-насам адзін з літаратурных кіраўнікоў. — Табе што, сваіх не хапае?!» Другі спагадлівец, стары бібліятэчны работнік, на абмеркаванні рамана ў ix калектыве спачатку маўчаў, а потым, таксама сам-насам, зашаптаў мне: «Вы ведаеце, як я добра адношуся да вас, але крытыку раю ўлічыць. Борьбы-то ведь нет!» Нават на рускую мову для большай значнасці перайшоў.

I «борьбы нет», i соснамі нямецкімі любуецца, а яшчэ ж i пра нейкую там складанасць ды чалавечнасць!..

* * *

Як i задумана было, найбольшы голад быў у « штрафкомпані ».

Грэблівасць я захаваў i там — не мог жаваць смалу са слупоў агароджы, як некаторыя штрафнікі, не лез далоньмі пад карыта для мыцця посуду, каб шукаць там штосьці або высмоктваць яго з гразі, як бачыў гэта, яшчэ не ў штрафной, у нейкага мараканца. Цярпеў, як цярпелі ўсе, уголас не стагнаў.

Аднойчы наш Коля Корбан, вясёлы, людскі хлопец з-пад беластоцкіх Крынак, у невялікай групе палонных вяртаўся з вясковай каманды ў лагер. Заўважыўшы яго, я гукнуў. Коля падбег да нашай штрафной загарадзі, мы паспелі перакінуцца словам, i ён, расшпіліўшы свой «хлёбак», салдацкую торбу, падаў мне цераз калючы дрот брамы «штўле», дзве лустачкі хлеба са шмальцам з падсмажанай цыбуляй паміж імі. Што самому яму недзе ў вёсцы дала на дарогу нейкая добрая душа. Ён пабег у свой строй, бо адтуль пачуўся вахманаў крык, а я на месцы расправіўся з такім нечаканым шчасцем i ап'янеў ад яго. Ужо як быццам прывычны да голаду, але глынуў той бутэрброд i — ап'янеў!..

Бывае, што адчуванне тое вяртаецца.

«Глынуў»... Наогул я ем хутка. Часамі нават няёмка бывае, у санаторыі, у Доме творчасці, калі падыдуць ды ветліва-прыцішана спытаюцца: «Вам дабавіць? Вы не саромцеся, кал i ласка». Прывычка ў мяне трохі з войска, дзе ўсё спяшацца трэба было, а больш з палону, па яшчэ больш зразумелай прычыне.