Яшчэ адну просьбу Паўла Арсеньевіча я не выканаў i дагэтуль — вось ужо трыццаць гадоў.
Ішлося пра асташынскае паўстанне 1932 года, якое ў гісторыі барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за сваё сацыяльнае i нацыянальнае вызваленне значыцца як адно з найбольш актыўных i масавых, побач з паўстаннем кобрынскіх сялян i нарачанскіх рыбакоў, адпаведна ў трыццаць трэцім i трыццаць пятым гадах.
У нашай энцыклапедыі яно ідзе як «Асташынскае выступленне сялян». Пасля яго разгрому ваенна-палявы суд у Наваградку чатырох удзельнікаў «выступлення» асудзіў на павешанне, пяць чалавек на пажыццёвае зняволенне, астатнія сорак чатыры чалавекі атрымалі ў агульнай колькасці 241 год турмы.
Улетку пяцьдзесят першага года, калі мы з Уладзімірам Калеснікам падарожнічалі на веласіпедах па Наваградчыне, у Асташыне мы былі. I ў гэтай вёсцы, i ў навакольных людзі нам сёе-тое расказвалі пра паўстанне, у памяці іхняй i тады ўжо далекаватае. А чаму «сёе-тое»? Каб з намі не было тады нашага сябра, які родам з тых мясцін, настаўніка Міхася Петрыкевіча, былога падпольшчыка i вязня санацыйных турмаў, дык людзі нам хутчэй за ўсё i столькі б не расказалі. Сталінскі роспуск КПЗБ у трыццаць восьмым годзе спарадзіў, пасля вызвалення Заходняй, недавер i падазронасць да былых падпольшчыкаў, асабліва тых, каго Верасень застаў не за кратамі, a ў родных вёсках. Гэта прынізіла нядаўніх змагароў i насцярожыла ix настолькі, што i ў першыя пасляваенныя гады яны не вельмі ішлі на шчырасць, тым больш з людзьмі незнаёмымі, няхай сабе яны i пісьменнікі: хто яго ведае, што яны там напішуць, што з гэтага яшчэ можа быць?..
A ўжо ў пяцьдзесят восьмым, калі Павел нарэшце ўгаварыў мяне заняцца асташынскай тэмай, з даверам стала лягчэй — КПЗБ была рэабілітавана, колішнія падпольшчыкі зірнулі на свет свабадней. A ўсё ж i тады я папрасіў Петрыкевіча, які настаўнічаў у надсвіцязянскай Валеўцы, паехаць са мною ў патрэбныя Мольнічы i Несутычы. Яны не надта блізка ад Міхасёвага роднага Падкасоўя, але ў Несутычах замужам яго старэйшая сястра, i яго там ведалі, хто як родзіча, а хто i як падполылчыка, i ён таксама ведаў многіх i многае.
А чаму не ў Асташын наша дарога, a ў іншыя вёскі? Бо адтуль былі пакараныя смерцю i трох з няці пажыццёвых, яны — i вёскі, i людзі — бачыліся калі не цэнтрам усёй справы, дык адпраўным пунктам у яе даследаванні.
Жалезняковіч зрабіў для нас усё што мог. Адзін з найзначнейшых наваградскіх падпольшчыкаў, былы грамадавец з вёскі Горная Рута, Іван Кузьміч, зрабіў для мяне даволі грунтоўны спіс мольніцкіх i несутыцкіх удзельнікаў асташанскага паўстання — i тых, што былі павешаны, i пажыццёвых, i іхніх бацькоў, сваякоў i суседзяў, хто яшчэ жыў i можа патрэбнае расказаць. Апроч гэтага спісу я атрымаў ад Паўла, таксама перададзены яму Кузьмічом, прымяты i пажаўцелы скрутак ватману, на якім мясцовы самадзейны мастак калісьці зрабіў з фотаздымка акварэльны партрэт маладога чарнявага дзецюка, Сашы Мальца, аднаго з павешаных; атрымаў я i запісаны рукою Кузьміча на сшыткавым лістку прымітыўны тэкст таксама самадзейнай песні пра тых чатырох, якая ў свой час жыла ў наваколлі i «заклікала да барацьбы».
У песні прозвішчы павешаных названы ў такой чарговасці: Уладзімір Стасевіч, Іван Бахар, Аляксандр Гаўрош i Аляксандр Малец, аднак пра апошняга сказана, што гэта «найлепшы з Мольніч хлапец». Сваё гаварыў i партрэт — Малец бачыўся мне галоўным у гэтай трагічнай i, як чулася, гераічнай чацвёрцы.
Забягаючы наперад ад таго лета ажно на дваццаць сем гадоў, загадзя праясню справу цытатай з артыкула, які напісаў i прыслаў мне ўвосені восемдзесят пятага года дваюрадны брат Сашы Мальца, Іван Васільевіч Малец, былы сакратар ЦК заходнебеларускага камсамола, заслужаны настаўнік i цікавы чалавек, з той самай гвардыі, што i Сяржант з Жалезняковічам. Дадам i Якуба Міско, разам з якім мы, Танк i я, у шчодра снежным i сонечным студзені семдзесят сёмага года адзначалі 70-годдзе Івана Васільевіча ў яго Навасёлках каля Дзяржынска, дзе ён выйшаў на пенсію.
У сваім артыкуле «Забытая магіла» I. Малец піша, што пасля разгрому паўстання
«...Асташынскіх сялян не ўдалося запалохаць тэрорам. Яны адпомсцілі падпалам гумна мясцовага каменданта. A ў суседняй вёсцы былі забіты паліцэйскі i «асведаміцель». 8 красавіка сяляне разграмілі пастарунак у Нягневічах i захапілі там зброю. Узмацніліся аналагічныя выступленні ў Тупалах, Наваельні, Азяранах, Цырыне i іншых вёсках Навагрудскага павета. Група моладзі вёсак Несутычы i Мольнічы ў складзе каля 15 чалавек працягвала ўзброеную барацьбу супраць паліцыі, памешчыкаў i асаднікаў да самага канца чэрвеня 1932 года. Яны сілай забіралі з панскіх свірнаў прадукты i раздавалі ix галадаючым сялянам. Агітавалі супраць падаткаў, праганялі з вёсак секвестратараў, заклікалі сялян не даваць ні граша фашысцкаму рэжыму. Забралі ў сельскагаспадарчай школе ў Кашалеве пішучую машынку i друкавалі лістоўкі, што заклікалі сялян на барацьбу супраць акупантаў...»