Іван Васільевіч прыслаў мне таксама фотакопію першай старонкі газеты «Барацьба», органа ЦК КПЗБ, ў 1932-1933 гадах, пакуль не прыйшоў да ўлады Гітлер, выдавалася ў Берліне, прыслаў i вытрымку з другой газеты ЦК КПЗБ, на польскай мове, «Do walki». У абедзвюх паведамлялася пра пакаранне чатырох. Да таго яшчэ я атрымаў даведку з брэсцкага архіва i адно жывое сведчанне: урывак з пісьма вільнянкі Жырман, былой падпольшчыцы, якая сядзела ў наваградскай турме, калі туды прыгналі рэшту маладых асташынскіх паўстанцаў.
«Наколькі я тады ведала, — піша Р. Жырман, — яны выступалі індывідуальна, супраць памешчыкаў i паліцыі. У тыя гады было многа такіх баявых таварышаў. Самы галоўны з ix быў Бахар, i справа іхняя называлася «бахараўская справа».,Што яны рэвалюцыянеры — гэта факт, толькі не арганізаваныя ў партыю».
Старэнькі, нямоглы бацька Сашы Мальца, Антон Якаўлевіч, спачатку палічыў нас з Петрыкевічам нейкім начальствам i пачаў скардзіцца на нявестак, а потым, уцяміўшы, што нам трэба, сёе-тое з цижкасцю, блытана ўспамінаючы, расказаў. Сам актыўны падпольшчык, ён з дваццаць восьмага па трыццаць чацвёрты сядзеў у турме.
«Сыну я пісаў адтуль: «Саша, не жаніея». Намёк ён зразумеў, але ўжо было позна, ужо ён быў уцягнуты ў работу... Скрывілі хлопцы лінію партыі... Да ix далучыліся ўсякія... Цягнулі да бясчынства...»
Сашаў дзядзька па мацеры, стары Дарашкевіч, трохі мацнейшы за Антона Якаўлевіча, на лаўцы перад сваёю хатай гаварыў нам так:
«...Уласцям гэта якраз i спрыяла: яны судзілі хлопцаў як крыміналістаў. Узвалілі на ix усе нявыкрытыя зладзействы, падпал цэркваў у Дольнай Руце i ў Палужжы... Каб настроіць на ix насяленне. Асташын ім толькі дадаваўся. У польскіх газетах было надрукавана пра ліквідацыю банды ў Наваградчыне: Вось да чаго даводзіць камуна!..»
Пішучы пра Жалезняковіча i Сяржанта, я меў багата матэрыялу, было з чаго выбіраць. А тут, сярод чатырох павешаных i трох пажыццёвых, пасля гутарак з ix родзічамі i знаёмымі найлепш выяўляліся толькі Малец i Бахар.
Сашу ішоў тады дваццаць першы год. Бацька расказваў, што ён быў выключаны з шостага класа Наваградскай беларускай гімназіі. Трэба думаць, што за ўдзел у падпольным камсамоле, як i Валянцін Таўлай, i Якуб Мібко, i Анатоль Іверс, гімназісты віленскія. Пра тое, як ён быў арыштаваны, нічога дакладнага не пачулася.
«..„Да суда сядзелі яны дваццаць адны суткі,— расказваў Сашаў дзядзька. — Суд ішоў тры дні. A вешалі на Яна, у дванаццаць гадзін, у турэмнай лазні... На апошняе спатканне — па дваіх на асуджанага. Я з ёю пайшоў. Што там за спатканне! Маці заплакала i пайшла... А ён аддаў мацеры пінжак i кашулю — меншым бра там...»
Ванда Міхалеўская, польская камуністка-падпольшчыца, у 1927 —1928 гадах працавала на Наваградчыне i жыла-хавалася ў Мольнічах. У сваёй кнізе «Sercem i czynem» яна піша пра мясцовых камуністаў, братоў Мальцаў, бацьку Івана Васільевіча — Васіля i Сашавага — Антося, а таксама пра ix жонак, Кацярыну i Вольгу. «У той час, — піша яна, — у першыя гады існавання КПЗБ, нямнога вясковых жанчын належала да камуністычнага i камсамольскага падполля. Аднак яны прымалі актыўны ўдзел ва ўсёй рабоце кампартыі. I так, як Кацярына i Вольга, падзялялі клопаты i небяспекі сваіх блізкіх».
«Што за спатканне! — гудзеў стары Дарашкевіч. З дзіўнай, нібы дурнаватай усмешкай. — Маці заплакала i пайшла...»
Калі ў дваццаць восьмым пасадзілі яе мужа, Вольга не апусціла рук, хоць i засталася ў незакончанай хаце на хутары, з чатырма дзецьмі. «Гонар i надзея сям'і», як піша Міхалеўская, Саша вучыўся ў гімназіі, i маці, сама трохі пісьменная, адна вучыла яго ў Наваградку далей, як гэта было ні цяжка. А потым, калі яна страціла Сашу: «Матчына сэрца, — цытуем далей, — не вытрымала гэтага ўдару. Вольга цяжка захварэла i памерла заўчасна. Пішучы гэтыя словы, я хачу пакланіцца памяці гэтай Маткі, што прысвяціла жыццё сваё i сваіх дзяцей будучыні».
Калі асуджаных вялі па турэмным двары да месца расправы, у лазню, хлопцы спявалі «Інтэрнацыянал». Жырман успамінае:
«Асабліва заномніўся мне Аляксандр Малец. Ён вельмі моцна спяваў i крычаў: «Бывайце, дзяўчаты! Хай назаўсёды застанецца памяць пра нас!..»