Выбрать главу

Зноў сумная ўсмешка старога Сашавага дзядзькі, яго нетаропкае гудзенне:

«...Беленькія лейчыкі з травы. На крук — i ўсё. Памацае докгар пульс — i ўсё. Па двух у адну скрынку, i пахавалі на ўскрайку могілак, каля вакзала. Не дапусцілі нікога. Усё рабілі самі турэмшчыкі. I вешалі без ката...»

У семдзесят дзевятым годзе безыменная магіла ў бур'яне (яшчэ раз — наша ахова памяці!) па распараджэнні Наваградскага гаркома партыі была раскапана. Па чатырох шкілетах устаноўлена, што гэта яны, тая чацвёрка.

«Адзін шкілет, — піша I. Малец у сваёй «Забытай магіле», — вельмі высокага чалавека. Гэта — Малец Аляксандр Антонавіч, рост якога быў 190 сантыметраў. Знойдзеная рэштка рэменя i спражкі з турэмным знакам...»

Удзел у эксгумацыі прымалі Сашавы малодшыя браты, Аркадзь i Анатоль, які, хоць i не паўналетні ў трыццаць другім годзе, таксама праходзіў у асташынскім працэсе i быў асуджаны на два гады зняволення, якое адбываў у Наваградку. Ад Анатоля i пачаліся пошукі патаемнай магілы. Браты ведалі, які рослы быў ix старэйшы. Яшчэ адзін удзельнік раскопак, А. Чура, убачыўшы рэмень, згадаў, што знаёмы яму паліцэйскі Зяньковіч, які прысутнічаў пры павешанні, гаварыў, што Малец Аляксандр паводзіў сябе тады вельмі агрэсіўна i не даваў накінуць на шыю пятлю. Тады яму звязалі ногі турэмным рэменем.

Вось i ўсё, што да вобраза Сашы... Пры некаторым буйстве фантазіі, можа, i дастаткова, каб напісаць больш. A ў працы дакументальнай свой закон.

Тады, у пяцьдзесят восьмым, Іван Васільевіч настаўнічаў у Ляхавіцкім раёне. Мы з ім спаткаліся, пазнаёміліся толькі праз восем гадоў, у нясвіжскім санаторыі. Ад яго я i ў тыя дні, i да сённяшніх больш пра Сашу не пачуў. А што да пачатку трыццатых гадоў, дык ён, Іван Васільевіч, тады быў далека ад дому...

Не было ў Мольнічах, калі мы там з Петрыкевічам распытвалі ў людзей, i Сашавых братоў.

Іван Бахар, па-вясковаму Салімчык (маці Саліма, Саламея). Старэйшы за Сашу на шэсць або сем гадоў. Узяты быў апошнім. Хаваўся ў «акопе», які накрываўся крыжавінай з заўсёды свежай ялінкай i свежым дзёрнам. Было аб'яўлена: хто знойдзе яго — 1000 злотых, на той час вялікія грошы. Сувязныя насілі яму ў «акоп» яду, а ён аднойчы не вытрываў, прыйшоў у свае Несутычы. Казалі, што выследзіў яго настаўнік з суседніх Куравіч, якога потым перавялі кудысьці далей. Наляцела два аўтобусы паліцыі, чалавек восемдзесят. Акружылі. На поўнач ад Несутыч — яр Камарыха. Салімчык-Бахар выскачыў туды, хацеў вырвацца на Уселюбскі лес. Адстрэльваўся. «Як пальне, дык паліцыянты i палягуць, а ён — далей!..» Але скончыліся патроны, а яго падранілі, перабілі ногі i злавілі. Аброслы ўвесь, «ашашкацёлы», як гаварыў дзед Дарашкевіч. У «акопе» знайшлі яшчэ адну вінтоўку, патроны i пішучую машынку. Зноў Дарашкевіч: «На суд яго ўносілі на двух карабінах...»

Таксама ўсё — i пра гэтага, як мне здалёк ды загадзя здавалася, ледзь не нашага ХаджыМурата. Праўда, ніжэй дадам яшчэ трохі...

Пра двух астатніх з чацвёркі павешаных, Стасевіча i Гаўроша, не ўдалося пачуць нават столькі.

З трох, асуджаных на пажыццёвае зняволенне, адзін памёр за два гады да нашага наведання Несутыч, другі, як пісаў мне стары I. Кузьміч, «погиб при освобождении в 1939 году, когда пришла советская власть», a трэці працаваў у сваёй вёсцы крамнікам.

Мы ўжо чулі, як «погиб» той другі, i таму спатканне з трэцім было нялёгкае. I сам ён збянтэжыўся, зачыніў з сярэдзіны свой сельмаг, пачаў нас частаваць віном, кансервай. Калі Петрыкевіча ён ведаў па сваяках, дык мяне палічыў, відаць, нейкім следчым, як мы яго ні пераконвалі, хто я. Выкручваўся, мямліў, маўчаў, i нічога мы толкам не пачулі ад яго пра тое, што нам гаварылі, чаму i сам ён, зрэшты, зусім выразна не пярэчыў.

Што ж гаварылася людзьмі?

У верасні трыццаць дзевятага, вяртаючыся з равіцкай турмы, знясіленыя спачатку катаваннямі, страхам смерці, потым сямю гадамі суровага закратнага мадзёння, два таварышы знайшлітакі сілу, каб... забіць трэцяга... «Як правакатара». Ён як быццам раней, чым быць арыштаваным ды асуджаным, данёс на ix, на ўсю групу, i, такім чынам, выходзіць, i на самога сябе... Так гаварылі нам адны. Другія — што не ён, а яго меншы брат. A трэція — што гэта паранены Бахар, калі ногі аж загніліся, не вытрымаў катаванняў, прызнаўся пра ўсё i пра ўсіх...

Я слухаў i тых, што гаварылі пра такое раней, слухаў i крамніка, i ў пэўным ахмяленні асцярожнага, слухаў i ўжо, здавалася, сам сабе ведаў, што з мольніцка-несутыцкай тэмай у мяне не пойдзе, не атрымаецца...

Бо ў памяці маёй, яшчэ з лета пяцьдзесят першага года, стаялі, a ў зачыненай краме жыва паўтарыліся дзве брацкія магілы, недалёка адгэтуль, у зеляніне шчарсоўскага графскага парку.