Такому «юрысту», як я, больш нічога даведацца не ўдалося.
Застаецца адно.
Недзе ж там, на маляўніча-азёрнай Асвейшчыне або i недзе далей ці бліжэй, куды каго доля занесла, хтосьці з таго мясцовага атрада, якім камандаваў злавесны старшы лейтэнант, хтосьці дый, можа, не адзін — яшчэ жыве, маўчыць пра тое выкананне загаду, глушыць гарай жахлівы ўспамін або вар'яцее пры яго новым ды новым прыступе.
1988-1990
ВОПЫТ
У акупацыю сялянам было нялёгка: днём бралі адны, ноччу другія, i людзі дабро хавалі, а яшчэ больш надзейна — закопвалі.
У нас з братам у гэтым быў добры памочнік, можна сказаць — вопытны кіраўнік. «Васточнік» Фёдар, варонежскі аднаасобнік, які за тое, што не спраўляўся з аблажэннямі, перад самай вайной адбываў пакаранне на будаўніцтве аэрадрома каля Шчучына i ў трагічныя дні адступлення застаўся ў нас, як i іншыя ў Загоры, у якасці байца. Так называлі ўсіх акружэнцаў, i камандзіраў, i радавых, i невайсковых, каму пашандавала не трапіць за лагерны дрот, бо немцы ix распусцілі па вёсках.
Ix было многа, у некаторых хатах нават па двух. Не з патрэбы, а з літасці: куды ж падзецца сваім людзям?.. Калі я прыйшоў з палону, у нашай старой невялікай хаце было аж дзесяць чалавек сям'і: маці, два жанатыя браты, трое малых i два аброслыя акружэнцы. Потым адзін з ix адышоў у суседнюю вёсачку Качаны, a другі застаўся ў нас.
Сяргей, які адышоў, быў ca сваім аднаасобніцтвам такі нецярплівы, што, спрачаючыся з братам Мішам на тэмы калектыўнасці, ніякіх жартаў не разумеў — у нашай хаце, на нашым хлебе ён крычаў так зацята, што i пальцы наставіць, як двухзубыя вілкі, i ўтаропіцца, i прашыпіць заслінена:
«Глаза бы тебе, активисту такому, повыдрать!..»
Фёдар быў спакайнейшы, хоць i цвёрды ў іхнім аднаасобніцтве. Сорак гадоў, а пры вусатым Сяргею i бараду яшчэ запусціў, дзедам лічыўся. I дома «истово» хрысціўся на маміну заіконеную покуць, i ў царкву ў мястэчка хадзіў. У працы быў ён нетаропка цягавіты, у ядзе — таксама. На будаўніцтве таго аэрадрома, расказваў, «з Сяргеем варылі вядро кашы на двух», i здзіўляўся, чаго я тут смяюся. А да чаркі ў яго было проста набожнае стаўленне. Прадчуваючы чарговы прыступ сваёй варонежскай малярыі, ён выпіваў, перахрысціўшыся, шклянку моцнага самагону, прыкусваў i, цёпла накрыўшыся, пажадана доўгім кажухом, прафілактычна лажыўся. «От нея меня всегда вино лечила», удзячна гаварыў пасля, слова «лечила» даючы ў жаночым родзе. Замест Ванька ён гаварыў мне «Ваньке», з націскам на апошнім складзе, таксама «шапочке», «коровенке»... Я любіў з ім пагаварыць. Вясной сорак другога Міша аддзяліўся, пабудавалі мы яго ў суседняй, найбліжэйшай вёсцы Маласельцы, па ўскраіне якое праходзіў наш нявузкі шнур поля; Мікалай — жанаты ды дзіцяты гаспадар; на рабоце мы з Фёдарам, два бессямейныя, часта бывалі сам-насам. Вясёлы, дасціпны быў барадач. Гэта ад яго я запісаў, што ў ix мужыкі хадзілі ў царкву з аброцямі: «Авось лошадке попадется, хорошо подьехать». Гэта ў яго я спытаўся, як ён жаніўся, па любові ці з разліку. «Нет, по соседству», — адказаў ён дзелавіта. Мне было i дваццаць пяць, i дваццаць шэсць, i ён часамі пасмейваўся з маёй нежанатасці, пацяшаў: «Ничего, Ваньке, кончится война, и мы тебе такую, брат, подберем — с двумя сиськами!..» Час быў страшны, а мы гаварылі пра ўсё з даверам, i пісаў я сваё, не хаваючыся ад яго. Словам — свой чалавек у хаце.
Тым нашым закопваннем ён кіраваў, прывычна шэпчучы ў цемры, што i як рабіць, сам рабіў хутка ды спраўна, даўно ведаючы, чаго спяшаецца. I прыкметна дый адкрыта ганарыўся сваім антыкалгасным вопытам, які прыдаўся i тут.
У партызаны Фёдар пайшоў разам з намі. Там быў таксама «дзедам», пры конях. A ў жніўні сорак чацвёртага, узброены сабраным нашай мамай «сідарам», падаўся з загорцамі ў армію, а там, відаць, абезбароджаны — на фронт. Адтуль нрыслаў мне толькі адзін трохкутнічак, з густа-чорнымі палоскамі купюраў, праз якія высвецілася слова «автоматчики». Жонцы ягонай адрас ён даў, калі мы развітваліся, — я напісаў, але адказу не дачакаўся...
У акупацыю былі таксама наш парты, «аўсвайсы», з абавязковым фотаздымкам. Адзін такі лішні здымачак ён мне падараваў. Памяць пра шчырага i сумленнага русака.
1987
ВЫБУХ
Пасля XXII з'езда ў нашым пісьменніцкім клубе выступаў лектар ЦК КПСС. Гаварыў ён па пісаным, a ўжо адказваючы на пытанні разгаманіўся шчырэй.,Што запомнілася: тры сталінскія забойствы — Кіраў, Горкі, Крупская, i «тое, што мы цяпер гаворым пра яго, — дзесяць працэнтаў з таго, што ведае центральны камітэт»...