— У нас гэта — на мільярд гадоў!..
I слухаць не хоча, што мардаванне нашых дзяцей гітлераўцамі — тое самае па жахлівасці.
— Як, дарагі мой, не тое самае? Узяць наша, беларускае, рускае, яўрэйскае дзіця за ножкі i галоўкаю аб сцяну — гэта не тое самае, што з армянскім?..
Адукаваныя чорныя вочы гараць.
— Гэта зусім не тое! У вас была вайна, a ў нас — вы разумееце — у нас ге-на-цыд!..
Стомлены яго патрыятызмам, я памаўчаў даўжэй. А потым, спакайнейшы, нават нібы з гумарам сказаў, што вось калісьці прыйдзе час, людзі паразумнеюць, усе народы памірацца паміж сабой, ну, а тады ўжо звернуцца да армян, каб i яны памірыліся з туркамі.
— Як па-вашаму?
— Можа, тады падумаем.
Як быццам i ўсміхнуўся. Ці не ад ветлівасці толькі схіліўшыся на кампраміс.
I захацелася хутчэй да месца прызначэння.
Нешта ў пачатку пяцьдзесят восьмага года, на пісьменніцкім пленуме, Кандрат Крапіва гаварыў пра лёс нашых сатырыкаў. Ён яму нагадвае тых лекараў, якіх даўней, у змрочным сярэдневякоўі, калі пачыналася якая эпідэмія, натоўп раз'ятрана мардаваў, бо лічылася, што гэта ад ix, ад медыкаў, чума ці інйіая халера...
Гэта не трапіла ні ў друк, ні ў стэнаграму.
Не надрукавана i яго выступленне на рэспубліканскім з'ездзе настаўнікаў у жніўні шасцідзесятага. Не надрукавалі поўнасцю, абкарнаўшы да бяззубага стандарту. А на другі дзень, на вячэрнім паседжанні таго з'езда, дзве знаёмыя камсамольскія кар'ерыстачкі, седзячы ў прэзідыуме абапал мяне, шэптам, уперабіўку расказвалі мне, што было ўчора, калі я не быў, абураліся паводзінамі «гэтага дзіўнага Крапівы», якому трэба было б «усыпаць», i як быццам нехта ўжо «ўсыпаў» за тое, што ён — па думаць толькі! — заклікаў любіць i ахоўваць беларускую мову. Сказаў нават, што ў настаўнікаў, як i ў пісьменнікаў, гэта — святы абавязак!..
У Карлавых Варах ішлі зацяжныя дажджы, а потым неяк з абеду распагодзілася, i мы, тры пары гасцей пісьменніцкага дома адпачынку, пайшлі прайсціся. Наймаладзейшыя літоўцы, тады славакі i найстарэйшыя мы, беларусы.
Далейшае знаёмства на хаду. Роспыты, хто адкуль, якая сям'я, дзе хто працуе. Славак пытаўся ў мяне, i я пачаў з таго, што мы з жонкай абое з Наваградчыны. Нагадаў пра Адама Міцкевіча, пра Якуба Коласа, землякоў. Краса прыроды, чыстая мова, песенны край...
I тут літоўская жоначка, настаўніца роднай мовы i літаратуры, з паблажлівай усмешкай аб'явіла:
— A ўсё ж гэта там наша, літоўскае!..
У душы маёй закружыліся феадалізм, капіталізм, шляхецтва, прыгон, касцёлы, цэрквы, царызм, сталінізм, пілсудчына, падвойная асімі ляцыя, вынішчэнне... I я, як-ніяк, а хочучы i ветлівым застацца, уздыхнуў:
— Ах, мілая, вас толькі нам яшчэ i не хапала!..
Успомніўся бальнічны супалатнік, былы міністр, перад тым старшыня аблвыканкома, a калі раскручваць яго біяграфію да самага заходнебеларускага юнацтва — вясковы хлопец, якому здорава пашанцавала. Хочучы ўцягнуць мяне ў дыскусію па нацыянальным пытанні, ён успомніў выступленне Коласа на чэрвеньскім пленуме 1953 года, на якім дзядзька Якуб гаварыў пра родную мову. Былы начальнік, яшчэ ўсё энергічны пенсіянер, недаўмяваў: «Почему, говорит, дорожные знаки, где в какую деревню поворот, написаны не по-белорусски? А тебе что — по-русски непонятно?!»
Згадаў я тое гарачае недаўменне, чытаючы «Далекий гул» Ржэўскай, тыя старонкі, дзе яна ў паходзе на Берлін чула ад палякаў, якую асвету дазвалялі ім гітлераўцы. Toe самае, што i нам, беларусам, як i ўсім славянам, рыхтавалася па плане «Ост». Лічыць ледзь не на пальцах, распазнаваць дарожныя знакі... Абы было «понятно»...
Іду з малымі ўнукамі па а л ei дзіцячага парку. Перад намі два незнаёмыя хлопчыкі. Адзін кажа, што ўвосень ён пойдзе ў школу, будзе там вывучаць англійскую мову. Другі таксама пойдзе ў першы клас. Ён кажа — вядома ж, з пэўнай зухаватасцю, каб выйшла яшчэ лепш:
— А я буду изучать белорусский язык. А как вырасту — поеду в Белоруссию. У них там всегда тепло, они там все черные.
Такога не прыдумаеш.
Адна пацеха, што гэта было пазалетась...
Марак Гласка скардзіўся ў друку, што ў вялікім свеце, дзе ён пабываў, хутчэй будзе перакладзейа пасрэдная руская кніга, чым добрая польская.
А што ўжо казаць пра нас, беларусаў!..
Часамі i сумна, нялёгка бывае ад гэтага, хоць i не думалася ніколі пра зручнейшую, выгаднейшую «родную» мову — другую, з большим! правамі.